З МАЙЗАРОЎСКАГА ЖЫЦЦЯ

Люди и судьбы

(Занатоўкі Марыі БЯЖАН)

БЕЖАНКА

У хату зайшла жанчына і папрасіла прытулку на некалькі дзён. У руках яна трымала невялікі скрутак, а сама ледзь стаяла на нагах. Маці сядзела на падлозе побач з печкай. Жанчына, атрымаўшы згоду, прысела і, выпрастаўшы ногі, прытулілася ля печы. Скрутак паклала сабе на калені, ён заварушыўся, а потым пачуўся скрыпучы плач. Здагадаўшыся, што гэта дзіця, я прысела, прытулілася да маці, з цікаўнасцю назірала. Жанчына хацела распавіць немаўля, але рукі яе не слухаліся. Маці ўзяла дзіця, яно было мокрае, а перапавіць у нас не было ў што. За плячыма ў жанчыны, як высветлілася, быў вузельчык, і яна перадала яго маці. Акрамя дзяружак, там мелася бутэлька з соскай. Захінуўшы малую ў сухое, маці уткнула ёй у рот соску, і тая супакоілася. А жанчына, падапхнуўшы вузельчык пад галаву, заснула.

Пасля адпачынку яна распавядала аб сваіх пакутах. У яе нядаўна загінуў муж-партызан, яна і вырашыла прабірацца да сваіх бацькоў. Адкуль ішла і куды, мы не ведалі. 3 сабой мела некалькі сукенак ды павівальныя дзяружкі, а яшчэ казу, на свае шчасце, бо ў хуткім часе прапала малако ў грудзях. Казу прывязала ў нас на падвор’і. У дарозе яна ўжо амаль два тыдні. Спачатку ў яе былі дзве спадарожніцы, з імі было крыху ямчэй і смялей, але неўзабаве іх дарогі разышліся.

Адзежу давялося мяняць на харчы, засталіся толькі павівальныя дзяружкі, —  распавядала бежанка. — Ішлі большасцю прыцемкам, бо немцы ў апошні час зусім азвярэлі. Я бачыла вёску, якую спалілі разам з жыхарамі. Вось пасля таго перапуду ў мяне і прапала малако. Апошнія дні даводзілася жабраваць, сустракаліся ўсякія людзі. Некаторыя падавалі міластыню. Але пападаліся і жорсткія, вось як гэты стары з вашай вёскі. Ён корпаўся на двары, калі я падышла і папрасіла ў яго прытулку.

— Ідзі вунь у тую хату, тая калека ўсіх жабракоў збірае, — злуючыся, прамовіў дзед. Слухаць яго было непрыемна і крыўдна.

— Я ў вас не затрымаюся, крыху акрыяю ды пайду далей, — дадала яна.

Прабыла ў нас гэтая жанчына некалькі дзён і здарылася бяда.

…Грэе сонейка. Бежанка прымасцілася на ганку, на руках у яе малая, якая яшчэ не ўмее сядзець. Двор вялікі, травы хапае. Вось тут каза і пасецца, а я корпаюся непадалёку. Па вуліцы загрукатала падвода і накіравалася ў бок калодзежа.

Потым пачулася:

— Т-пру!

Калі я выглянула праз шчыліны плоту, убачыла, як нейкі дзядзька, выцягнуўшы вядро вады, вылівае яе ў вадапойнае карыта, што побач з калодзежам. Конь пачаў піць. За хлявом ляжалі дровы, а дакладней кажучы, куча ламачча. Плот працягваўся побач з калодзежам і прымыкаў да хлява. Пад плотам і вакол ламачча разросся бур’ян. Я забралася ў самы кут хлява, пералезла цераз ламачча, схавалася ў бур’ян. Расхінуўшы крыху гэты зараснік, назіраю праз шчыліны ў плоце. Пад’ехала яшчэ адна падвода, на ёй некалькі чалавек. Яны ўжо пасаскоквалі з падводы і п’юць ваду, на рукавах у іх павязкі. Раптам затарахцелі матацыклы, іх некалькі, на іх немцы. Яны спыніліся і ўжо таўкуцца каля калодзежа. Распрануўшыся да пояса, мыюцца, абліваюцца вадой, штурхаюцца, рагочуць. Я напалохалася, прыціснулася да зямлі, мне боязна нават паварухнуцца, не тое што вылазіць з гэтай схованкі. Ад падводы ідзе дзядзька ў бок нашага падвор’я, далей мне не відаць. І вось ужо валачэ казу, ухапіўшы за ланцужок, прывязвае да падводы. Бежанка бяжыць услед з малой на руках і ўпрошвае таго дзядзьку вярнуць казу:

— Родненькі, пабойся Бога! Ад гэтай казы залежыць жыццё маёй дачушкі.

Паліцаі, пачуўшы такія словы, ужо абступілі яе, нешта выкрыкваюць і заходзяцца рогатам. Да іх далучыліся немцы, назіраюць, перагаворваюцца. Паліцаю, мабыць, надакучыла слухаць яе маленне, узяўшы пугу, ён лупіць яе. Жанчына, захінаючы малую ад пабояў, паўзе на каленях да немца. Немцу гэта непрыемна, і ён нагой адштурхоўвае яе і візглівым голасам нешта крычыць паліцаю. Малая заходзіцца плачам. Жанчына, відаць, напалохалася таго, што сказаў немец, бо падхапілася і памкнулася бегчы. Але паліцай ужо ўхапіў малую за ногі, размахнуўся і ляснуў галавой аб калодзеж. Пачуўся хруст, нібы раскалолі арэх, плач заціх, і паліцай шпурнуў малую пад ногі жанчыне. Усе на момант заціхлі, уставіліся на яе. А жанчына сядзела на зямлі і моўчкі гладзіла, люляла малую. Потым падхапілася і з жудасным смехам, прытанцоўваючы, панеслася па вуліцы. Адзін з паліцаяў застракатаў з аўтамата ўверх. Ізноў раздаўся іх рогат, гвалт. Потым яны пайшлі шныпарыць па дварах. Я сядзела і ад страху ціснулася да зямлі, пакуль яны не ад’ехалі.

Бежанка доўга не вярталася, і я запытала ў маці:

— Не магла ж яна адправіцца ў дарогу з хворай малой? Ёй жа моцна пабілі галоўку.

— У малой ужо нічога не баліць, а чакаць яе не трэба, адтуль не вяртаюцца, — адказала маці.

ЖОРСТКАСЦЬ

 

Сірата пры жывым бацьку, — кажа маці пра Лёніка. Гэта сын цёткі Паўліны. Яго бацька пакінуў сям’ю адразу пасля вайны. Ён працуе ўчастковым міліцыянерам у Чэрвені. Атрымаўшы там кватэру, ажаніўся з другой. Лёнік дужа сумуе па бацьку. I калі той запрасіў яго да сябе на час канікулаў, Лёнік з радасцю згадзіўся. Ён хадзіў у першы клас, былі зімовыя канікулы. Бацька накупляў яму мноства абноў: паліто, чосанкі і шмат рознай драбязы. Прабыўшы некалькі дзён, Лёнік папрасіўся дадому. Яму дужа хацелася выхваліцца перад маці сваімі абновамі, ды і бацькава зазноба крыўдзіла яго, калі той адсутнічаў. Але ён на яе не скардзіўся, толькі ўпарта прасіўся дадому. I бацька паабяцаў адвезці яго ў першы выхадны. Патрэбна зазначыць, што ён мог адвезці малога ў любы час, бо наша вёска адносілася да яго ўчастка. Відаць, сумаваў па сыну і таму цягнуў час. Прыйшоўшы з працы, ён ужо не застаў малога. Каханка сказала, што яго забрала маці. Паверыўшы ёй, нават не пацікавіўся, як  яны дабраліся.

А адбылося ўсё іначай. Калі ён пайшоў на працу, Ева, так звалі яе, пазрывала з малога ўсе абновы, выпхнула хлапчука за дзверы. Стаялі лютыя маразы, добры чалавек нават сабаку пашкадаваў бы. Малы, апрануўшы свае лахманы, амаль што босы пабег да маці ў вёску. А гэта ўжо не жартачкі — восем кіламетраў па марозе, ды не ведаючы дарогі. Бацька вёз яго ў Чэрвень на машыне, таму цётка і не вельмі кутала.

У хату малы заваліўся закарчанелы бы лядзяш. Цётка адцірала яго самагонам-першаком, баялася абмаражэння, але бяда наступіла не меней страшная. Лёнік цяжка захварэў. Доктар, які аглядаў яго, толькі галавой паківаў. Праз тыдні два Лёнік памёр. Быў у яго абшырны ацёк і крупознае запаленне лёгкіх.

Цётка Паўліна, перажыўшы вайну, хаваючыся з малым па лясах і балотах, сумела зберагчы сыну жыццё. Гэта рабіць ёй даводзілася пры кожным наездзе немцаў, бо тыя маглі расстраляць, як сям’ю партызана. I вось чужая жорсткасць і сквапнасць адняла гэта жыццё. Іван, яго бацька, прыехаўшы на пахаванне сына, прывёз тыя падарункі. Ды ці патрэбны ж яны нябожчыку?

Цетка Паўліна ўчарнела, усохла. Нікога і нічога не ўспрымала. Адмовіўшыся ад усяго, ходзіла па хаце нібы прывід. Адзінае дзіця, якое надавала сэнс і сілы жыць, загінула. Глядзець на цётку без слёз было немагчыма…

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *