Па рыбу сабраўся

Люди и судьбы

У даўнія часы, не далёка і не блізка, а ў палескай вёсцы Бабры, жылі-былі Яўхім ды Аўдоцця. Дзяцей не мелі. Ад багацця не млелі. Стары быў рыбак заўзяты. Ён заўжды з рэчкі прыносіў поўную торбу рыбы. Гэтак і карміліся. Вясковыя пляткары казалі: “Чары знае гэты чорт балотны. Рыба сама прэ ў яго прынады».

На  справе ж за доўгія гады жыцця Яўхім дасканала вывучыў нораў уюноў, самоў, шчупакоў. Як звіліны на сваіх напрацаваных далонях, ведаў ён рэчку-карміліцу. Ад яго пахла дымам, балотам, лесам.

Аўдоцця была жанчынай гультаяватай, да малітваў толькі здатная. Жылося ёй за Яўхімам без турбот. Усё недаробленае на той свет пакідала. Прыйдзе ён з рэчкі ў брудным адзенні, а яна кажа: “Ох, Яўхімка, надрэнна б табе ўсё чыстае даць. Але ж ты заўтра замурзаеш яшчэ больш, чым сёння. Апранай тое, што ўчора скінуў. Я пасушыла на печы. У новых партках і кашулі ў раю паходзіш”. Так было кожны дзень. Аўдоццю гэта не засмучала.

Аднойчы  ўзімку моцна стаміўся рыбак, ды і ма-роз добра шчыпаў. Прыйшоў дамоў, а гаспадыні няма. З’еў сам гаршчочак гарачага квасу. Разамлеў ад цяпла. Прылёг на лаве ды і заснуў.

Нарэшце з’явілася жонка. Ляжыць Яўхімка. Штурханула яго раз, другі, а ён не варушыцца. Спужалася. Пабегла да суседзяу.

“Мае любыя! Дапамажыце. Пакінуў нас назаўжды мой гаспадар”. Яны рукі яму на грудзях злажылі, свечачку запалілі. Між сабой гавораць: «Лёгка памёр. Яшчэ цёплы. Хутчэй трэба абмыць”.

Праз час каторы пах воска разбудзіў старога. Спачатку не разабраў, што к чаму: свечка гарыць, сваякі ўсе стаяць панура. Калі ж сцяміў, дык вырашыў не ўставаць і паглядзець, як шануюць яго. Ляжыць. Жонка распараджаецца: “На дамавіну дошкі захоўваюцца ў пуні. Вопратку вазьміце ўчарашнюю на печы. Качалкам яе прайдзіце. У рай яго не пусцяць. Маліцца не любіў, з папа кпіў. У ёй будзе рыбу насіць да стала святых”.

Злосць лютая ўзяла старога. “Вось табе і нагавіцы чыстыя на тым свеце». Слухае далей. Дружбакі смуткуюць. Жанчыны плачуць. Аўдоцця жаласліва выводзіць: “А куды ж ты сабраўся, мой даражэнькі? На каго ты мяне пакінуў?” Не вытрымаў ён такога двурушніцтва. Ускочыў з лавы, ды як гаркне: “Па рыбу, качарга, сабраўся! Не маліцца будзеш, а мне кожны дзень бялізну мыць. Нясі гарэлку ды кумпяк. Чарачка, каток, пакаціся мне ў раток. Да стала, браткі. Насіце кожны дзень чыстыя парткі”.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *