Ахвяры сталінскіх рэпрэсій

Общество

Радзіма Фёдара Аляксандравіча Барадуліна (нарадзіўся ў 1918) — чэрвеньская вёска Лежні. Да арышту — студэнт Віцебскага ветэрынарнага тэхнікума. Арыштаваны ў красавіку 1937 года. Асуджаны за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 10 гадоў турмы. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны наш зямляк у 1959 годзе.

Са Смілавіч — Іосіф Станіслававіч Бузінчык (нарадзіўся ў 1890 годзе). У1920-ыя гг. працаваў фельчарам у родным мястэчку. Былі ў яго біяграфіі і Першая імперыялістычная вайна, і служба ў Чырвонай Арміі. Арыштаваны ў красавіку 1930: «за шпіянаж на карысць польскай разведкі». «Хутчэй за ўсё, высланы ў Сібір», — піша даследчык. Смілавічы — і радзіма медсястры Юзэфы Іванаўны Воўк (нарадзілася ў 1886 годзе). Працавала ў Смілавіцкай бальніцы. Арыштавана ў 1937 і асуджана да вышэйшай меры пакарання. Па адной справе з Юзэфай Воўк праходзілі яшчэ і іншыя зямлякі — рымар скураной арцелі, сталяр лямцавай арцелі, бондар-саматужнік, калгасны каваль, шорнік скураной арцелі. Усе яны «марылі» пра звяржэнне Савецкай улады. Расстраляных у 1937 годзе рэабілітавалі ў 1958 годзе. У Ноўгародскай вобласці расстраляны у 1938 годзе ўраджэнец Смілавіч Аркадзь Уладзіслававіч Сабалеўскі (нарадзіўся ў 1896 годзе). Урачу інкрымініравалі столькі грахоў супраць улады, што дзіўна было б, калі б яго асудзілі да меней жорсткага пакарання, чым вышэйшая мера. У Смілавічах у 1898 годзе нарадзіўся Адам Паўлавіч Станкевіч. Працаваў у Смілавіцкай бальніцы. Жыў па адрасе: вуліца Зялёная, дом 14. Арыштавалі і расстралялі ў 1937 годзе. «За прыналежнасць да польскай агентуры». Рэабілітаваны Адам Паўлавіч у 1958 годзе.

З вёскі Горкі Чэрвеньскага раёна — Ісак Сцяпанавіч Касцевіч (нарадзіўся ў 1882 годзе). Атрымаў фельчарскую адукацыю. Працаваў у вёсцы Зазер’е Пухавіцкага раёна. Арыштаваны ў снежні 1932 года. Асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі «Партыя вызвалення сялян» да вышэйшай меры пакарання. Сям’ю выслалі ў Паўночны край. Па адной справе з Касцевічам праходзілі і прыгавораны больш за 120 чалавек. Рэабілітаваны ў лістападзе 1956 года. З Чэрвеньскага раёна (яе родная вёска Велічаны зараз не існуе) стаматолаг Марыя Аляксандраўна Кунцэвіч. Працавала ў амбулаторыі Чэрвеня. Асуджана ў снежні 1944 «за здрадніцкія паводзіны падчас вайны на акупіраванай тэрыторыі». Этапіравана ў Краснаярскі край. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана ў 1956 годзе. У лістападзе 1941 года арыштаваны ў Ленінградзе ўраджэнец вёскі Курганок (цяпер не існуе) Чэрвеньскага раёна санітарны інструктар 854-га артылерыйскага палка Юлья Ануфрыевіч Матусевіч. Расстраляны. Прычына — «правядзенне контррэвалюцыйнай агітацыі».

Многія лёсы рэпрэсіраваных звязаны з Чэрвенем. Так, у мястэчку Ігумен у 1898 г. нарадзілася Вольга Юльянаўна Гурская. Арыштавана ў 1920, калі была яшчэ студэнткай медыцынскага факультэта БДУ: «за шпіянаж на карысць Польшчы» асуджана калегіяй АДПУ да вышэйшай меры пакарання. Расстраляна. Рэабілітавана ў 1997 годзе пракуратурай Мінскай вобласці. Фельчарам у Чэрвені працаваў Яўстафій Ісакавіч Кудзін (нараджэннем з 1865 года), які быў асуджаны да расстрэлу «за сувязь з польскай жандармерыяй» у 1937 годзе. Жыў на той час 62-гадовы фельчар у райцэнтры па вуліцы Караленкі, дом 18.

Матэрыялы даведніка Леаніда Маракова — цікавая фактаграфічная аснова для далейшых краязнаўчых росшукаў пра нашых землякоў.

Алесь Карлюкевіч

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *