Куточак Чэрвеньшчыны: Вінаградаўка

Год малой радзімы Общество

Вёскі і вёсачкі… Вялікія і маленькія… Кожная са сваім абліччам, лёсам, сваёй гісторыяй, якую пішуць людзі. Яны і захоўваюць яе, як і памяць пра сваіх продкаў, сваякоў, суседзяў. І перадаюць гэтую гісторыю сваім нашчадкам…

Вёска Вінаградаўка Раваніцкага сельсавета раскінулася ў маляўнічым месцы сярод квяцістых лугоў і густога лесу. Паабапал шырокай цэнтральнай вуліца, якая мае такую ж назву, — дамы, дзесьці дыхтоўныя, дачнікаў, а большасць — звычайныя, сялянскія з аканіцамі, драўляным плотам ды студней каля яго. На самым уездзе ў веску нас чакаў стараста Яўген Аляксандравіч Ветушка, з якім мы напярэдадні дамовілася аб сустрэчы, і гасцінна запрасіў у хату.

— Вінаградаўка даўней называлася Слатвін, — пачаў нашу размову Яўген  Аляксандравіч з гісторыі вескі. — З расповядаў нашых старажылаў ведаем, што тут, на месцы былой фермы, да таго быў маёнтак Слатвінскіх. Стаяў вялікі мураваны двухпавярховы дом, побач месціліся панскі кароўнік, баракі, у якіх жылі парабкі. Перасялялі сюды людзей з Хутара і з Раваніч.  Праз панскі дом ішла дарога. Называлі яе панскім шляхам. Вёска на той час была вялікая. Ды і гадоў дваццаць таму больш за 50 двароў знаходзілася. Працавалі школа, клуб, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт. Шмат моладзі было на вёсцы.

Я таксама нарадзіўся ў гэтай весцы. Мае бацькі працавалі ў мясцовай гаспадарцы: маці, Зінаіда Філіпаўна, — кладаўшчыком, тата, Аляксандр Карпавіч, некалькі гадоў — старшынёй калгаса. Дзед тут жыў, бацькаў брат. Пасля заканчэння школы я вучыўся ў Чэрвеньскім ГПТВ-80, набыў спецыяльнасць муляра. Накіравалі мяне на работу ў “Міжкалгасбуд” у Смалявічы, а неўзабаве прызвалі ў войска. Пасля службы прыйшоў на работу ў Чэрвеньскі дрэваапрацоўчы камбінат. Праз год дырэктар саўгаса “Краснадарскі” на той час Мікалай Камінскі запрасіў мяне сюды на працу. У 79-80 гады саўгас быў моцнай гаспадаркай. Славіўся высокімі надоямі малака, багатымі ўраджаямі зерневых, бульбы, гародніны. Штогод павялічвалася пагалоўе буйной рагатай жывёлы,  раслі яе прывагі. Неаднойчы гаспадарка займала лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, а яе дырэктар на той час ужо Аляксандр Лапатка быў ўзнагароджаны медалем “За працоўную доблесць”. Гаспадарку наведвалі шаноўныя госці: дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, старшыня КДБ СССР Уладзімір Кручкоў,  старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Іван Палякоў.

Але асноўным багаццем у нас былі  добрыя, працавітыя людзі, да якіх кіраўніцтва гаспадаркі  заўсёды ставілася з павагай і клопатам: будавалі для сялян жыллё, стваралі дастойныя ўмовы працы на фермах і мехдварах, выдзялялі тэхніку для апрацоўкі прысядзібных участкаў, для пасадкі і ўборкі бульбы і шмат іншага. Паступова павялічваўся дабрабыт сялян, таму шмат моладзі заставалася ў роднай гаспадарцы, працавалі нават сямейнымі дынастыямі. 

У саўгасе я  адшчыраваў 41 год. Спачатку рабіў на адкорме бычкоў, а пасля мяне прызначылі загадчыкам фермы. За добрасумленную працу быў узнагароджаны Ганаровай  граматай Мінскога аблвыканкама, якую атрымаў  з рук Мікалая Дамашкевіча – тагачаснага губернатара вобласці.

Пайшоў на заслужаны адпачынак у 60 гадоў, але яшчэ некаторы час працаваў у гаспадарцы.

У доме, дзе мы зараз жывём, доўгі час месціўся ФАП. Мая жонка Тэрэза Антонаўна была там загадчыцай. Прыехала са Стаўбцоўскага раёна з двума маленькімі сынамі. Жыццё з мужам на радзіме ў яе не заладзілася, давялося пакінуць свой раён і шукаць новае месца.

— Спачатку патрапіла ў Пухавіцкі раён, — далучаецца да размовы Тэрэза Антонаўна. — Ужо і дамовілася пра ўсё: і пра ўмовы працы, і пра жыллё… Прыехала, а там кажуць, маўляў, месца занятае. Разгубілася. Мне параілі звярнуцца ў Чэрвень, магчыма, там есць вакансіі. Дазванілася да галоўнага ўрача Уладзіміра Александравіча Гурыновіча. Ён пацвердзіў, што ёсць. “Калі паспееце да 12 гадзін да мяне, — кажа – пагаворым”. Аўтобусы тады хадзілі рэдка, а было ўжо каля 9 гадзін раніцы. Як патрапіць у Чэрвень да 12-ці? Пайшла пешшу. На шчасце, сустрэла на дарозе мужчыну з канём. Пашкадаваў мяне, падсадзіў на каня верхам, падвёз крыху, тады яшчэ матацыкліст. Паспела да галоўнага доктара. Уладзімір Аляксандравіч прапанаваў некалькі месцаў. Выбрала Вінаградаўку, таму што там было і жыллё, дарэчы, у адным будынку з ФАПам. Выдзелілі мне з дзецьмі  маленькі пакойчык з кухняй, так і жыла з малымі. А потым пазнаёмілася з Яўгенам. Пажаніліся, і вось ужо хутка будзем адзначаць залатое вяселле. Сумесная дачка ў нас нарадзілася, працуе ў Беразіно ў стаматалагічнай паліклініцы. Унукі, праўнукі ўжо ёсць… Адзін сын мае вышэйшую адукацыю, жыве ў Мінску, другі скончыў тэхнікум, жыве побач у Вінаградаўцы.

Будынак ФАПа мы выкупілі, калі акушэрскі пункт перавялі ў былую Вінаградаўскую школу псля яе закрыцця. Пакрысе пачалі ўладкоўваць прысядзібную тэрыторыю, завялі гаспадарку: мелі тры каровы,  пяць-шэсць свіней. Цяпер толькі курэй трымаем і каня.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

(Працяг будзе)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *