Смілавіцкія ахвяры фашыстаў

Общество

70 гадоў таму, 14 кастрычніка 1941 года, у Смілавічах адбылася жудасная трагедыя. У гэты дзень гітлераўскімі вылюдкамі ў час вялікага хрысціянскага свята Пакровы была забіта амаль палова насельніцтва мястэчка. Журботнае месца, дзе знайшлі свой апошні прытулак больш тысячы смілавіцкіх і некалькі дзясяткаў гамбургскіх яўрэяў, местачкоўцы завуць Саламянкай. Тут трагічна загінулі родныя майго добрага сябра, выдатнага настаўніка, мастака і самадзейнага паэта Яфіма Шапіры.

Мая мама расказавала, што пасля тых жудасных падзей зямля некалькі дзён “дыхала”. Гэта з-пад цел забітых спрабавалі выбрацца тыя, хто ачуняў.

З натоўпу няшчасных, каго карнікі гналі на расстрэл, удалося вырвацца толькі 17-гадовай прыгажуні Доры Меланайц. Цяпер яна жыве ў Мінску.

У жывых засталіся са  смілавіцкіх яўрэяў толькі некалькі дзясяткаў чалавек, якія здолелі ў пачатку вайны эвакуіравацца на ўсход. Пасля яны вярнуліся ў мястэчка.

У вялікай брацкай магіле на Саламянцы шмат людзей і іншых нацыянальнасцяў, камуністаў, камсамольцаў. Нядаўна Яўген Аляксандравіч Хасяневіч распавядаў, што і яго бацьку Алюню Хасяневіча, татарына па нацыянальнасці, гітлераўцы расстралялі на Саламянцы 14 кастрычніка 1941 года за тое, што ён быў камуністам.

У Смілавічах не забываюць аб трагедыі 70-гадовай даўнасці. На Саламянцы ўстаноўлены помнік ахвярам генацыду. Магілу даглядаюць, сюды прыходзяць школьнікі і студэнты ўшанаваць памяць нявінна забітых.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *