Інавацыі, ініцыятыва, творчасць – складнікі дынамічнага развіцця адукацыі

Общество

Так гучала тэма раённай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, якая распачалася сёлета даволі нетрадыцыйна — парадам дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў на плошчы Свабоды ў Чэрвені і ўзнагароджаннем лепшых вучняў. Пра гэта мы распавялі ў папярэднім нумары газеты. Канферэнцыя працягвалася ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку, дзе ў фае ладзілі тэматычныя выставы.

З дакладам выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ларыса АСАНОВІЧ. Яна грунтоўна прааналізавала дасягненні і вынікі педагагічных і вучнёўскіх калектываў раёна, адзначыла іх ініцыятыву і творчыя знаходкі, падмацаваўшы спасылкай на канкрэтныя лічбы і факты, звярнула ўвагу на праблемы, а таксама акрэсліла задачы на новы навучальны год.

Свой погляд на вучэбна-выхаваўчы працэс прадставіла вучаніца 11 класа СШ №2 г.Чэрвеня Ксенія ПАРМОН. Яна распавяла пра канкрэтныя мерапрыемствы, акцыі, у якіх прымала самы непасрэдны ўдзел, падзялілася марамі і планамі на будучае.

— Вельмі ганаруся тым, што вучуся менавіта тут, — зазначыла Ксенія, — бо гэтая школа моцная сваімі традыцыямі. Мы вучымся для таго, каб у жыцці быць паспяховымі, аддаваць свету ўсё лепшае… Мне вельмі падабаецца акцыя «Ветэран жыве побач», якая дае магчымасць мець стасункі з нашымі слаўнымі абаронцамі, якіх, на жаль, засталося зусім мала… Увогуле, удзел у мерапрыемствах дапамагае ўбачыць свой вобраз у вачах іншых, дае невычэрпныя магчымасці для духоўнага росту. У будучым я мару звязаць сваё жыццё з навукай, адкрыццямі ў галіне сельскай гаспадаркі. Таму падчас летніх канікулаў вырашыла папрацаваць на доследнай станцыі, каб бліжэй пазнаёміцца з тым, як праводзяцца розныя эксперыменты. У планах — атрымаць адукацыю і вярнуцца ў любімы раён, пра што марыць і большасць маіх аднакласнікаў. Мы хочам, каб нам усміхаўся ўвесь свет. Мы хочам быць шчаслівымі ў жыцці. Беларусі патрэбны здаровыя, думаючыя, самастойныя і клапатлівыя нашчадкі. Мы павінны быць гатовы прыняць у спадчыну гэтую зямлю…

афілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў у асяродку непаўналетніх, захаванню іх здароўя і жыцця гаварыў у сваім выступленні намеснік начальніка Чэрвеньскага РАУС Аляксандр СЦЯЖКО. Ён зазначыў, што з пачатку новага навучальнага года трэба выпрацаваць шэраг арганізацыйных момантаў, якія дазволілі б сфарміраваць законапаслухмяныя паводзіны дзяцей і падлеткаў. Дзякуючы сумеснай актыўнай прафілактычнай рабоце Чэрвеньскага РАУС і ўстаноў адукацыі, у раёне пакуль не дапушчаны рост злачыннасці сярод непаўналетніх. У агульнай структуры яна займае толькі 5%. Дарэчы, усе злачынствы прыпадаюць на начны час і выхадныя дні, што гаворыць пра недастатковы кантроль за паводзінамі дзяцей з боку дарослых. А часцяком апошнія нават уцягваюць падлеткаў у супрацьпраўныя дзеянні. За гэта прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 14 чалавек, з іх адзін бацька. Выяўлена 9 фактаў рэалізацыі непаўналетнім спіртных напояў і піва — у трох крамах Чэрвеньскага райспажыўтаварыства і шасці прыватных. Па ўсіх гэтых фактах накіравана інфармацыя ў кампетэнтныя органы з мэтай разгляду пытання аб пазбаўленні ліцэнзіі на рэалізацыю алкагольнай прадукцыі ці ўстанаўленне абмежавання на час іх рэалізацыі. А ўвогуле, як зазначыў Аляксандр Сцяжко, праблема ўжывання спіртных напояў і піва падлеткамі на тэрыторыі раёна застаецца дастаткова актуальнай. На ўліку ва ўрача-нарколага зараз знаходзіцца 51 непаўналетні, з іх 3 — за ўжыванне таксічных рэчываў. З памяншэннем працягласці светлавога дня патрэбна ўзмацніць работу па прывіццю дзецям і падлеткам навыкаў пазначаць сябе ў цёмны час сутак святловяртальнымі элементамі. Напрыканцы Аляксандр Сцяжко пажадаў настаўнікам і выхавальнікам раёна новых творчых ініцыятыў, моцнага здароўя і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва ў агульнай справе выхавання дзяцей і падлеткаў.

А затым надышла хвалюючая частка мерапрыемства — узнагароджанне лепшых педагогаў Чэрвеньшчыны. Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Сяргей Варанько ўручыў нагрудны знак Міністэрства адукацыі РБ «Выдатнік адукацыі» дырэктару Калодзежскай БШ Віктару КУЗЬМІНУ, Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі РБ — дырэктару СШ №1 г.п.Смілавічы Святлане АНАНЧЫКАВАЙ, Грамату Міністэрства адукацыі РБ — загадчыцы ясляў-сада №1 г.Чэрвеня Галіне ГРЫНЬКО і настаўніцы працоўнага навучання СШ №2 г.п.Смілавічы Алене КУЛАГА.

З рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віталя Труша Ганаровыя граматы Мінскага абкама галіновага прафсаюза атрымалі старшыні прафкамаў: СШ №2 г.п.Смілавічы — Галіна АСАНОВІЧ, СШ №3 г.Чэрвеня — Ірына ІВАНОВА, Грабянецкага дзіцячага сада-базавай школы — Юлія ЯРАШЭВІЧ.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ларыса АСАНОВІЧ уручыла Граматы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама дырэктару Валевачоўскай СШ Таццяне ЛУГОЎСКАЙ, намесніку дырэктара Руднянскага д/с-СШ па выхаваўчай рабоце Ірыне САКАЛОЎСКАЙ, загадчыцы ясляў-сада №2 г.Чэрвеня Тамары ПАПОВАЙ, намесніку загадчыцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Чэрвеня Галіне ТАПЫРЫК, настаўніцы пачатковых класаў СШ №2 г.п.Смілавічы Галіне БУРАК, настаўніцы матэматыкі Руднянскага д/с-СШ Лідзіі ШЫДЛОЎСКАЙ, настаўніку замежнай мовы СШ №2 г.п.Смілавічы Андрэю СУШУ, намесніку дырэктара СШ №2 г.п.Смілавічы па выхаваўчай рабоце Святлане ЖЫГАЛКА, загадчыцы ясляў-сада №5 санаторнага профілю г.Чэрвеня Людміле НЯХАЙ, настаўніцы пачатковых класаў СШ №4 г.Чэрвеня Наталлі ШМІДАВАЙ, намесніку дырэктара Раваніцкага д/с-СШ па вучэбнай рабоце Наталлі ФАШЧАНКА, загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Анжэле РЫМАШЭЎСКАЙ, загадчыку гаспадаркі Валевачоўскага дзіцячага сада Уладзіміру АРЛОЎСКАМУ, загадчыцы гаспадаркі ясляў-сада №2 г.Чэрвеня Тамары ВАЯВОДЗІНАЙ, намесніку дырэктара СШ №3 г.Чэрвеня па гаспадарчай рабоце Наталлі ФІЛІЧОНАК.

Падзякі начальніка ўпраўлення Мінаблвыканкама атрымалі: намеснік дырэктара Калодзежскай БШ па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена МАРЦІНОВІЧ, загадчык гаспадаркі Чарнаўскога д/с-БШ Мікалай ВАСІЛЕЎСКІ, шэф-повар гімназіі №1 г.Чэрвеня Таццяна АРЛОЎСКАЯ.

Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі яго начальнік Ларыса АСАНОВІЧ узнагародзіла: настаўніцу беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г.Чэрвеня Людмілу КАЦЬКО, настаўніка інфарматыкі СШ №1 г.п.Смілавічы Барыса БАТУРЧЫКА, выхавальніцу ясляў-сада №5 санаторнага профілю г.Чэрвеня Святлану БАРАВІК, настаўніка-дэфектолага Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Чэрвеня Анжэлу ФІЛІЧОНАК, выхавальніцу Любішынскага дзіцячага сада Валянціну МІРАЛЕВІЧ, педагога-псіхолага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Анастасію САКОВІЧ, дырэктара Чэрвеньскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталлю БАРАНАВУ.

Так супала, што якраз у той дзень дзве ўдзельніцы раённай педагагічнай канферэнцыі адзначалі асабістыя святы. Гэта намеснік загадчыцы ясляў-сада №1 г.Чэрвеня па асноўнай дзейнасці Жанна БАРНАВІЦКАЯ і дырэктар Дома дзіцячай творчасці г.Чэрвеня Людміла ДУЖАВА. Іх павіншавалі і ўручылі кветкі.

Скончылася мерапрыемства прыгожым, яркім, запамінальным канцэртам, які падрыхтавалі таленавітыя выхаванцы Дамоў дзіцячай творчасці г.Чэрвеня і г.п.Смілавічы, вучні школ раёна пад кіраўніцтвам сваіх ініцыятыўных творчых педагогаў.

Святлана АДАМОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *