35 гадоў “бруіцца” ў Раванічах “крыніца”

Общество

Пра тое, каб вакальны калектыў існаваў не адно дзесяцігоддзе, быў у пастаянным пошуку, меў пераемнасць традыцый, марыць, відаць, кожны мастацкі кіраўнік. І Тамара ЛАДУЦЬКА з Раванічаў — не выключэнне. Дзякуючы яе неабыякавасці, настойлівасці, апантанасці, улюбёнасці ў музычную творчасць ансамбль народнай песні «Крыніца» існуе ўжо 35 з паловай гадоў. Яго лёс склаўся шчасліва. І ўжо не толькі дзеці першых удзельнікаў з задавальненнем выступаюць перад аднавяскоўцамі, а і ўнукі рыхтуюцца далучыць свае галасы да «Крыніцы», наведваючы дзіцячы гурток сольных спеваў.

Гэты калектыў цудоўна ведаюць не толькі на раваніцкай зямлі, не толькі на Чэрвеньшчыне, а і ў вобласці. Ведаюць не першы год, не першае дзесяцігоддзе. Але падчас кожнай сустрэчы наноў здзіўляюцца якойсьці адметнасці, бо «Крыніца», цалкам адпавядаючы сваёй назве, насамрэч пастаянна мяняецца… І гэта — здорава!

Калі я папрасіла Тамару Міхайлаўну распавесці пра гісторыю гэтага калектыву, то заслухалася яе аповедам, які сапраўды ліўся-бруіўся, ідучы ад самага сэрца…

— Сюды я прыйшла працаваць у чэрвені 1975 года, — тлумачыць мастацкі кіраўнік. — А ўжо ў жніўні мы сталі ўдзельнікамі якогасьці раённага агляду. За два месяцы сабраўся калектыў, падрыхтавалі музычныя нумары. Спачатку гэта была жаночая вакальная група, мужчыны «падцягнуліся» пазней. Спявалі на два галасы. Першая песня, якую мы вывучылі, была «Не капайце крынічэньку…» (аўтар — Журовіч). Вось ад яе мы і назву далі свайму калектыву — «Крыніца», як сімвал чысціні і пастаяннага існавання. Удала атрымалася, бо ўжо больш за 35 гадоў спяваем. На працягу часу калектыў, вядома, мяняўся. Раней нас збіралася да трыццаці чалавек! Радавала, што тады было шмат маладых людзей. Яны ішлі ў клуб, на рэпетыцыі і выступленні. Сустракаліся, заляцаліся, стваралі сем’і… Даўней, калі не было такой распаўсюджанасці тэлебачання, інтэрнэту, людзям падабалася прыходзіць сюды на мерапрыемствы. І ў кіно ішлі ўсёй вёскай! Прыемна, што моцны касцяк у «Крыніцы» заставаўся заўсёды. Зараз у нас спяваюць да пятнаццаці чалавек. Мужчын, праўда,  усяго чацвёра. А зараз і ўвогуле трое засталося… Песні выбіраем тыя, якія падабаюцца нашым людзям — пра вёску, пра бацькоў, пра маці, пра свякроў… Ёсць у рэпертуары песні да каляндарных і народных святаў… Зараз, у век камп’ютараў, і ў музычнай творчасці трэба адшукваць штосьці новае, каб зацікавіць аднавяскоўцаў. Мы, напрыклад, перайшлі на выступленне пад «мінусавую» фанаграму. Атрымліваецца прыгожа і сучасна. Але пад баян — душэўней. Таму і на яго таксама не забываемся…

Цікава было пачуць ад удзельнікаў «Крыніцы» і пра новыя альбо забытыя, а цяпер адроджаныя формы работы. Аказваецца, не толькі ў клубе і не толькі ў полі падчас жніва выступае гэты калектыў. Да адметных святаў — Дня маці, Міжнароднага дня сталых людзей ды іншых — ён рыхтуе адмысловую выязную праграму, з якой наведвае аддаленыя вёскі — Валадуту, Бышанку, Навадвор’е… Выступае там «Крыніца», дзе прыйдзецца. У добрае надвор’е — проста на вуліцы. А падчас мінулагодняга Дня сталых людзей у Раваніцкай Слабадзе — у садку дачніцы…

І нават падчас такіх вандровак не ўсе вяскоўцы могуць пачуць выступленне раваніцкага калектыву. Бо ёсць нямоглыя, якія па стану здароўя не выходзяць са сваіх хатаў. Вось і вырашылі ўдзельнікі «Крыніцы» завітаць да іх асабіста — з міні-канцэртамі.

— Якія яны былі задаволеныя! — эмацыянальна распавядае Тамара Ладуцька. — Вось гавару, а самой і зараз плакаць хочацца…

А яшчэ ўзрушыла ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці сустрэча з тымі адзінокімі хворымі састарэлымі, якія зімуюць на сацыяльных ложках у Раваніцкай сельскай участковай бальніцы. Там ужо не хавалі слёз і душэўнага хвалявання і спевакі, і слухачы…

Дарэчы, у планах Тамары Міхайлаўны яшчэ шмат задум, як несці радасць людзям. Напрыклад, завітаць на 8 Сакавіка да тых жанчын, якія пачыналі спяваць у гэтым калектыве 35 гадоў таму, а цяпер не маюць сіл дайсці да клуба… Таму «Крыніца» сама прыйдзе да іх — з кветкамі і віншаваннямі…

Калі Тамара Ладуцька параўноўвае пачатак сваёй дзейнасці ў якасці кіраўніка гэтага калектыву з цяперашнім часам, то адзначае, што зараз працаваць складаней. Па-першае, трэба ўгаворваць людзей, каб яны паспрабавалі свае сілы на сцэне. Бо ёсць сярод вяскоўцаў тыя, хто спяваць добра ўмее, але выступаць перад іншымі саромеецца. Па-другое, трэба сабраць усіх удзельнікаў на рэпетыцыю. А гэта не так ужо і проста… Настаўнік і трактарыст, повар і медсястра, дырэктар школы і лабарант… У кожнага звычайна знаходзяцца справы ў сваёй установе, арганізацыі, на прадпрыемстве і пасля заканчэння працоўнага дня. А яшчэ ж — уласная гаспадарка, дзеці, унукі, жыўнасць… А калі цэлымі сем’ямі спяваюць у калектыве?..

Вось і падчас майго прыезду ў Раваніцкі сельскі Дом культуры нават у абедзенны перапынак не ўсе змаглі сабрацца разам, каб сфатаграфавацца для газеты. А тыя, хто прыйшоў, таксама чымсьці ахвяравалі, за што ім шчырая ўдзячнасць. Так што на здымку — не ўвесь калектыў, але — большая яго частка…

Усіх гэтых людзей яднае шчырая любоў да песні, жаданне прыносіць сваім уменнем радасць іншым. Цікава, што многія з удзельнікаў «Крыніцы» — прыезджыя. І практычна адначасова з уласным з’яўленнем у Раванічах яны атрымлівалі запросіны наведаць калектыў. Прыходзілі найбольш з цікавасці і… заставаліся.

Калі ў рэпетыцыях удзельнічалі і муж, і жонка, дык дзеці звычайна іх у клубе чакалі. І засыналі тут жа. На банкетках. А стаўшы дарослымі, прыходзілі ў гэты калектыў, каб спяваць разам з бацькамі. Затым выходзілі замуж, жаніліся, з’язджалі з Раванічаў… А іх тата і мама так і працягвалі спяваць у «Крыніцы» — насамрэч сямейным ансамблі народнай песні.

Святлана

АДАМОВІЧ. Фота аўтара

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *