У «Калядных сустрэч» — юбілей

Спорт

У суботу СШ №2 г.п.Смілавічы гасцінна прымала дзясятае па ліку адкрытае першынство Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы.

Як звычайна, у гэтых масавых спаборніцтвах акрамя навучэнцаў нашай СДЮШАР і яе смілавіцкага філіяла ўзялі ўдзел каманды спартыўных школ з Мар’інай Горкі, Барысава і Узды. Юныя спартсмены ўзростам ад 7 да 13 гадоў выяўлялі мацнейшых у бегу на 30 метраў, скачках у вышыню і даўжыню.

Па выніках першынства яго гаспадары, смілаўчане і чэрвеньцы, занялі 27 прызавых месцаў. Выдатна выступіла на спаборніцтвах Насця Цалуйка з Чэрвеня, якая стала першай ва ўсіх трох відах праграмы. Таксама тройчы вызначыліся Насця Балоціна з Чэрвеня (першае месца па скачках у вышыню, трэція — па скачках у даўжыню і бегу) і Аляксандра Валчок са Смілавічаў (другое месца па скачках у даўжыню, трэція — па скачках у вышыню і бегу). Па дзве ўзнагароды заваявалі смілаўчане Паша Клімовіч (першае месца па скачках у вышыню, другое — у бегу), Каця Буйневіч (трэція месцы па скачках у вышыню і бегу), Надзя Юдо (другое месца па скачках у даўжыню, трэцяе — па скачках у вышыню) і Вераніка Бандаровіч з Чэрвеня (першае месца па скачках у вышыню, трэцяе — па скачках у даўжыню). У спаборніцтвах па скачках у вышыню на п’едэстал гонару таксама ўзышлі Ігар Сіняк з Чэрвеня (першае месца), Дзіма Юдо і Дзіма Радчанка са Смілавічаў (другія месцы) Надзя Зяневіч з Чэрвеня (другое месца) і Даніла Леванцэвіч са Смілавічаў (трэцяе месца), па скачках у даўжыню — Саша Мялешчык са Смілавічаў і Лера Зыль з Чэрвеня (трэція месцы), па бегу — смілаўчане Сяргей Хасяневіч і Аня Лукашэвіч (другія месцы), а таксама Ігар Шчурко (трэцяе месца).

no images were found

Арганізатары турніру пастараліся, каб юбілейныя спаборніцтвы надоўга запомніліся дзецям. Усе пераможцы і прызёры атрымалі не толькі прыгожыя Дыпломы Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі за подпісам Алімпійскай чэмпіёнкі Таццяны Ледаўской і медалі, якія спецыяльна для мерапрыемства замовіў аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Спонсары «Калядных сустрэч» — начальнік транспартнага аддзела ТАА «Трайпл» Андрэй Варашуха, дырэктар прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Міскевіч» Андрэй Міскевіч, дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Чапурко» Аляксандр Чапурко і дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Ігумень-мэбля» Сяргей Кулікоў — набылі для іх смачныя прызы: шакалад, напіткі, сок.

Юных спартсменаў узнагароджвалі член зборнай СССР па лёгкай атлетыцы 60-х гадоў, майстар спорту міжнароднага класа, заслужаны трэнер Беларусі Эрнэст Яроменка, член нацыянальнай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, неаднаразовая пераможца і прызёрка еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў, удзельніца Алімпійскіх гульняў наша зямлячка Святлана Усовіч і яе трэнер, заслужаны трэнер Беларусі Ігар Захарэвіч. Святлана Усовіч таксама ўручыла лепшым спартсменам — Вераніцы Бандаровіч, Ігару Сіняку і Насці Балоцінай— прызы ад сябе і сястры Ілоны. Рэдакцыя «Раённага весніка», якая традыцыйна асвятляе гэтыя спаборніцтвы, заахвоціла прызамі «За волю да перамогі» — падпіскамі на газету на другі квартал — Насцю Цалуйка з Чэрвеня і Мікіту Мазава са Смілавічаў.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымках: пераможцы і прызёры спаборніцтваў — навучэнцы Чэрвеньскай СДЮШАР і яе смілавіцкага філіяла са знакамітай зямлячкай Святланай Усовіч; моманты спаборніцтваў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *