Жыццё маё цікавае, сябры мае вясёлыя!..

Молодежная политика

  Руслан КАСЦЕВІЧ,

 вучань 2 класа Лядзенскай школы

Прывітанне, дарагі «Равеснік», даўно я ўжо вам не пісаў. А падзей жа адбылося за гэты час шмат, ды ўсе такія прыемныя! У мяне нарадзілася сястрычка Ева, а ў маёй аднакласніцы Яны Ігнатовіч — брацік Сямён. Так што зараз мы з Янай ужо не самыя малыя ў сям’і, нам ёсць пра каго клапаціцца.

У класе маім раней было ўсяго пяць чалавек, а ўвосень з’явілася цэлых пяць новенькіх! І ўсе дзяўчынкі — Даша, Глаша, Ліза, Насця і Саша.

Мне з аднакласніц больш за ўсіх падабаюцца Мілана Мядведкіна, з якой я сяджу за адной партай, і новенькая Саша Свяшчэннікава. Яе тата і мама пераехалі ў Ляды з Мінску. Ім вельмі падабаецца жыць у вёсцы, яны думаюць застацца тут назаўжды. Ужо абзавяліся невялікай гаспадаркай. Спадзяюся, Саша будзе вучыцца ў маім класе і надалей.

Дарэчы, пра вучобу. З верасня мы займаемся ў новым кабінеце. Тут значна лепей, чым было раней: цёплыя вокны, светлы ленолеум на падлозе, жоўта-блакітныя шпалеры, яркія шторы, шмат кветак. На ўроках нам вельмі ўтульна і камфортна. Да нашай настаўніцы Галіны Аляксандраўны нават прыязджалі іншыя настаўнікі, з горада, каб паглядзець наш урок. Мы добра падрыхтаваліся, і гасцям усё спадабалася.

Шмат дзе мы з класам пабылі за апошні час. Ездзілі ў Чэрвень у краязнаўчы музей, бачылі там кулямёт «Максім». Былі на экскурсіі у міліцыі, запісаліся ў раённую дзіцячую бібліятэку, а яшчэ ўсім вельмі спадабалася драўляная фігура Маці-ігуменні ля музея. Мы цяпер ведаем легенду пра тое, як ігумення заснавала горад.

Два разы восенню мы ездзілі ў Бярозаўку да нашых падшэфных бабуль — на дзень сталых людзей і калі быў Тыдзень маці. Разам з намі падарожнічала настаўніца музыкі і спеваў, Людміла Іванаўна Мукавозчык. Зразумела, мы спявалі. Ды так весела, што па ўсёй вёсцы павыходзілі людзі слухаць!

Сёлета наш другі клас адважыўся ўдзельнічаць у школьным КВЗ. Каманду назвалі «Усмешка». Нас пахвалілі за смеласць і сказалі, што ў мы неблагія артысты. Удзельнічалі мы з аднакласнікамі і ў конкурсе чытальнікаў. Ён прысвячаўся любімай Беларусі. Шмат цудоўных вершаў мы вывучылі на гэту тэму.

Зараз увесь наш час заняты падрыхтоўкай да навагодніх святаў. З нашых малюнкаў склалася ў школе цэлая выстава! А ў фае мы зрабілі сваімі рукамі елку, ды яшчэ пад яе палажылі мяккія цацкі, якія спецыяльна прынеслі з дому. Мы ўсе верым, што гэта дапаможа збыцца загаданым пажаданням. Кожную раніцу ўсім вучням, што заходзяць у школу, падымае настрой сапраўны цуд. Яго нашы настаўнікі працы Уладзімір Міхайлавіч Дзярновіч і Юлія Юр’еўна Ашэйчык стварылі з пенапласту. Гэта скульптура калядных санак, запражаных аленем. Мы ўсё думаем: калі ў іх пачне ездзіць Дзед Мароз?!

Самі мы з класам і настаўніцай вырашылі паехаць на Каляды ў Мінск, у тэатр. Мы былі ўжо на спектаклі ў мінулым годзе, і нам вельмі спадабалася. Як бачыце, жыццё маё і маіх сяброў сапраўды вясёлае і цікавае. Усім дзецям Чэрвеньшчыны жадаю таксама весела і цікава праводзіць час, а яшчэ — цудоўнага Новага года і жаданых падарункаў.  

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *