Трэцяя раённая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу прайшла ў суботу ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым ліцэі

Спорт

Удзел у ёй узялі 12 калектываў гаспадарак Чэрвеньшчыны, а таксама каманды Смілавіцкіх сельгасліцэя і аграрнага каледжа. Яны спаборнічалі ў васьмі відах праграмы: валейболе, міні-футболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, гіравым спорце, настольным тэнісе, шашках, дартсе і перацягванні каната.

no images were found

Вострая, бескампрамісная барацьба ад пачатку і да канца ішла на ўсіх спартыўных пляцоўках. Першымі вызначылі мацнейшых гіравікі. Пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі: Сяргей Арганаў з СВК «Валевачы», Сяргей Варвашэвіч з сельгасліцэя, Валерый Лухверчык з СВК «Запольскі», а таксама Віталь Луферчык і Аляксандр Лойка з СВК «Крыніца Ігуменшчыны».

Цікава праходзілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Асабліва сярод жанчын, якія ўразілі сваёй трапнасцю. Першае месца тут заняла выкладчыца Смілавіцкага аграрнага каледжа Алена Прадзед, якая выбіла 46 ачкоў з 50 магчымых. Усяго на ачко адстала ад яе Аляксандра Шышонак з сельгаспрадпрыемства «Новая Ніва». Па 44 ачкі выбілі Святлана Дастанка з СВК «Запольскі» і Соф’я Гурэнчык з ЗАТ «Турэц». Лёс трэцяга месца на карысць Святланы вырашыўся за кошт большай колькасці пападанняў у «дзесятку». У мужчын лепшы снайпер з 46 ачкамі — Мікалай Мажароўскі з СВК «Лядзенскі».

Пераможцамі спартакіяды ў іншых відах праграмы сталі: Дзіна Дзігалёва з СВК «Краснадарскі», Леанід Буйло з аграрнага каледжа і Рыгор Дзігалёў з СВК «Раванічы» — па шашках, Вольга Мініч з філіяла «Аграбокс» і Дзмітрый Дзігалёў з СВК «Раванічы» — па настольнаму тэнісу, Людміла Запрудская з СВК «Крыніца Ігуменшчыны» і Арцём Бягун з СВК «Краснадарскі» — па дартсу.

Валейбольны турнір, як і спаборніцтвы па перацягванню каната, выйграла дружная каманда СВК «Валевачы». Мацнейшымі ў міні-футболе былі спартсмены Чэрвеньскай ПМК-8. Камандныя першыя месцы ў астатніх відах спорту заваявалі калектывы СВК «Лядзенскі» (па стральбе), СВК «Крыніца Ігуменшчыны» (па гірах і дартсу), філіяла «Аграбокс» СП «Унібокс» (па настольнаму тэнісу) і Смілавіцкага аграрнага каледжа (па шашках).

Уладальніцай пераходнага кубка спартакіяды сярод гаспадарак стала каманда СВК «Запольскі». Другое месца занялі спартсмены філіяла «Аграбокс», трэцяе — каманда СВК «Крыніца Ігуменшчыны».

Пераходны кубак, сярод навучальных устаноў АПК застаўся ў гаспадароў спаборніцтваў, мінулагодніх пераможцаў спартакіяды спартсменаў Смілавіцкага сельгасліцэя, якія апярэдзілі ў барацьбе за першае месца каманду аграрнага каледжа.

Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіла пераможцаў і прызёраў не толькі сумеснымі з раённым аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму Дыпломамі і граматамі, але і добрымі прызамі. За першыя месцы ў спартакіядзе каманды-пераможцы атрымалі турысцкія палаткі, прызёры — тэлефонныя апараты, а мацнейшыя спартсмены і лепшыя каманды па валейболу, міні-футболу і перацягванню каната — грашовыя прэміі.

Вось як пракаментавала вынікі спартакіяды старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская:

— Правядзенне фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы — важны накірунак дзейнасці нашага прафсаюза. Спартакіяда ладзілася з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця і арганізацыі актыўнага адпачынку членаў прафсаюза, выяўлення мацнейшых каманд і спартсменаў.

Вельмі прыемна, што колькасць каманд, якія сёлета ўзялі ўдзел у спаборніцтвах, павялічылася. Адметна, што ўпершыню прыехалі на спартакіяду калектывы ЗАТ «Турэц» і ААТ «ПМК-8». Каманды СВК «Валевачы», «Раванічы» і філіяла «Аграбокс» СП «Унібокс» узначальвалі кіраўнікі — Пётр Малахаў, Аляксандр Грыгор’еў і Андрэй Макаранка. Гэта ўсцешны факт, які сведчыць пра тое, што іх цікавяць не толькі вытворчыя паказчыкі, але і здароўе работнікаў.

Таксама хачу падзякаваць кіраўнікам гаспадарак, якія накіравалі свае каманды на спартакіяду, хварэлі за іх, цікавіліся ходам спаборніцтваў па тэлефоне — дырэктару ЗАТ «Турэц» Артуру Дзямко, старшыні СВК «Запольскі» Сяргею Ковалю, старшыні СВК «Крыніца Ігуменшчыны» Станіславу Ашмянчуку. Асобная ўдзячнасць — усім старшыням прафкамаў, якія падбіралі ўдзельнікаў каманд і былі побач з імі.

Разам з тым, хачу звярнуць увагу на ігнараванне спартакіяды з боку ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» (дырэктар С.Альшэўскі, старшыня прафкама Н.Альшэўская), які, дарэчы, не выставіў каманду на спаборніцтвы другі год запар. Пазіцыю названых кіраўнікоў («А навошта нам гэта?», «Вам больш рабіць няма чаго?») цяжка зразумець, гэтак жа, як цяжка паверыць у тое, што ў філіяле ПСГ «Дамавіцкі» не знайшлося жадаючых паўдзельнічаць у спартакіядзе. З гэтай нагоды магу толькі сказаць: «Як працуем, так і адпачываем». Іншыя каментарыі, здаецца, тут непатрэбны…

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымках: моманты спартакіяды, каманда СВК “Запольскі” — уладальніца пераходнага Кубка сярод гаспадарак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *