Дастойныя – усе, а пераможца – Дзмітрый!

Общество

… Іх было трынаццаць — абаяльных, прыгожых, смелых, актыўных, упэўненых у сабе, творчых… Трынаццаць педагогаў Чэрвеньшчыны, якія трынаццатага снежня сабраліся ў актавай зале СШ №4, каб распачаць пяцідзённы марафон пад назвай «Конкурс «Настаўнік года-2010».

Першай выступала настаўніца пачатковых класаў Раваніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Жанна ДЗЯРУГА. Яна распавяла пра сябе, падкрэсліўшы, што настаўнік — прафесія ад Бога, астатнія прафесіі — ад настаўніка. У жыцці Жанны Дзяруга — шмат роляў: старэйшая дачка сваіх бацькоў, спачатку — вучаніца, аматарка лыжаў, турызму, лёгкай атлетыкі, затым — студэнтка, настаўніца, жонка, мама, удзельніца ансамбля народнай песні «Крыніца»… Ды і роля настаўніка — шматгранная: класны кіраўнік, прадметнік, масавік-зацейнік… Гонар Жанны Дзяруга — вучні, якія абралі прафесію настаўніка. Іх — чацвёра, і ўсе працуюць ва ўстановах адукацыі Чэрвеньшчыны.

Настаўніка фізічнай культуры Запольскай СШ Валерыя ЛУХВЕРЧЫКА напачатку прадставіў намеснік дырэктара Андрэй Гантарэнка, зазначыўшы, што вылучаецца канкурсант працалюбствам, творчым пошукам, шчырай любоўю да дзяцей, высокай эрудыцыяй… Сам выконвае любыя нарматывы, вядзе здаровы лад жыцця, служыць узорам для пераймання. Нездарма пра яго складаюць вершы і спяваюць песні, што і прадэманстраваў ансамбль «Заполюшка». Ну, а сам Валерый Лухверчык прадэманстраваў вольнае абыходжанне з гірай вагой у 24 кг, узняўшы яе 18 разоў за паўхвіліны.

З кранальнага верша пачала сваё выступленне настаўніца пачатковых класаў СШ №4 г.Чэрвеня Святлана КАЗЛОЎСКАЯ. Радкі, фонам для якіх служыла прыгожая музыка, нікога не пакінулі абыякавым. Затым канкурсантка праспявала на матыў «Где-то на белом свете…» пра сябе, прадставіла ў вершах і фота.

Дружным смехам і шчырымі апладысментамі сустрэлі гледачы казку-аповед пра настаўніцу рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 імя У.Караля Наталлю КАМІНСКУЮ, якую глядзелі на экране. Асабліва спадабаўся ўсім Цар, які размаўляў голасам… дырэктара гімназіі Яўгена Адуцкевіча. Кадры з дакументальнага фільма пра канкурсантку і гімназістаў, яе дыялог з дзецьмі на экране, аповед пра сябе, выкананне песні на матыў «В гостях у сказки…» Усё атрымалася арыгінальным…

Пра сваё педагагічнае крэда ўдзельніца конкурсу пад №5 — настаўніца англійскай мовы СШ №3 г.Чэрвеня Таццяна БАБІЧ — распавяла сама. У працы яна карыстаецца асноўнымі законамі — творчага росту, самаразвіцця, адказнасці, узаемападтрымкі, фізічнага і маральнага здароўя. Па яе меркаванню, настаўнік і вучань павінны дзейнічаць разам, быць партнёрамі. А педагагічная філасофія Таццяны Бабіч стаіць на трох кітах: любоў да дзяцей, садружнасць і сатворчасць, здзіўляючыся — здзіўляй, захапляючыся — захапляй…

Настаўнік геаграфіі СШ №2 г.п.Смілавічы Дзмітрый Лукін прадставіў сябе ў фільме «Геаграфія майго жыцця». Тры найбольш любімыя населеныя пункты ёсць у яго — Магілёў, дзе нарадзіўся, Мінск, дзе вучыўся, і Смілавічы, дзе працуе два гады. Здаецца, стаж зусім невялікі. Але ўжо шмат дасягненняў у сферы адукацыі. Урок, распрацаваны Дзмітрыем Лукіным, заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе. Летась тры яго вучні сталі прызёрамі раённай алімпіяды па геаграфіі. Разам з дзецьмі настаўнік вывучае адметныя мясціны Смілавічаў, прыроду, гісторыю. Імі распрацаваны праект «Таямнічымі сцежкамі Чэрвеньшчыны», складзены маршрут па так званых сямі цудах Смілавічаў. Дзмітрый Лукін выбраў два накірункі працы, у якіх хацеў бы дасягнуць найлепшых вынікаў: укараненне інавацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і краязнаўства.

Сама сябе прадстаўляла і настаўніца пачатковых класаў СШ №2 г.Чэрвеня Алена БАРНАВІЦКАЯ. Яна зазначыла, што педагогам не можа быць той, хто не памятае ўласнага дзяцінства, не можа лёгка і вольна пераносіцца ў свет дзіцячых уяўленняў, пачуццяў і перажыванняў. Настаўнік — гэта чалавек, які любіць дзяцей, умее наладжваць стасункі з імі, верыць у тое, што кожны вучань — добры. Сваю задачу педагога Алена Барнавіцкая бачыць у тым, каб напоўніць духоўны свет школьнікаў любоўю, верай, надзеяй, навучыць не баяцца цяжкасцяў, пераадольваць іх, быць шчодрымі пры праяўленні сваіх пачуццяў.

Перш чым на сцэну паднялася выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя Вольга МОЎЧАН, яе прадставілі паўжартоўна-паўсур’ёзна трое юнакоў.  А сама яна і спявала, і на прыгожай роднай мове распавядала пра сябе вершаванымі радкамі, і дэкламавала літаратурны твор «Мая Ігуменшчына», і цудоўны верш пра родную мову…

Таксама вершаванымі радкамі прадставіла настаўніцу пачатковых класаў Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы Таццяну КАТОК дырэктар Антаніна Даўгалявец. А сама канкурсантка зараней сфармулявала пытанні, якія маглі б задаць ёй прысутныя пры першым знаёмстве, і давала на іх адказы. Гледачы даведаліся, што выбар прафесіі гэтага педагога вызначыла першая настаўніца і што Таццяна Каток вельмі любіць дзяцей. А яшчэ з задавальненнем займаецца ўласнай творчасцю — вязаннем, вышыўкай, арыгамі, саломапляценнем — і вучыць гэтаму школьнікаў.

Канкурсантка пад №10 — настаўніца геаграфіі і біялогіі Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Галіна КАЛЬКО — на сцэну выйшла не адна, а ў суправаджэнні сваіх калег на чале з дырэктарам Ірынай Змачынскай. У жартоўнай форме яны распавялі, як вырашалі, хто ж прадставіць школу на конкурсе, праспявалі на свой лад «Ваше Благородие…» і «Тебе судьбу свою вершить…» А яшчэ Галіна Калько прадэкламавала верш.

Вельмі ўпэўненым і прыгожым атрымалася выступленне на роднай мове настаўніцы біялогіі Валевачоўскай СШ Алесі ГАЎРЫЛЬЧЫК. У вершаванай форме яна распавядала пра сябе і ўласную педагагічную дзейнасць, дасягненні вучняў:

У рэспубліцы на конкурсе наша работа

Была ацэнена

вельмі высока.

Нашы птушкі ўсіх

зачаравалі,

Мы два прызавых месцы атрымалі.

Мой урок не мае

заканчэння,

Мой урок —

заўсёды прадаўжэнне.

Мой урок —

заўсёды выхаванне…

Наступнымі на сцэне з’явіліся… матрошкі — настаўніца пачатковых класаў Руднянскага дзіцячага сада-СШ Наталля ЛУГОЎСКАЯ і яе вучні. Разам яны вершамі і спевамі распавялі пра педагагічнае крэда, будні і святы гэтай прафесіі. Выступленне атрымалася прыгожым і кранальным. А як шчыра павесяліла ўсіх самая маленькая забаўная «матрошка»! Яе праводзілі са сцэны гучнымі воплескамі.

Апошняе, трынаццатае па ліку самапрадстаўленне настаўніцы хіміі СШ №1 г.п.Смілавічы Валянціны МАСЛАК пачалося фільмам. Ды якім! Мастацкім! Цёплымі словамі з экрана пра канкурсантку распавёў дырэктар Іван Ярашэвіч. А затым сваё педагагічнае крэда прадставіла яна сама — пад найцудоўнейшую жывую шчымлівую музыку, якую выконвалі Іна і Андрэй Разанцавы ў актавай зале СШ №4 г.Чэрвеня. Яна — на скрыпцы, ён — на піяніна… Ну вельмі дастойнае завяршэнне першага этапу конкурсу! Дарэчы, пакуль яго ўдзельнікі рыхтаваліся да выступленняў, гледачы не сумавалі, бо для іх спявалі і танцавалі таленавітыя выхаванцы Дома дзіцячай творчасці г.Чэрвеня. А яшчэ ў гэты дзень настаўнікаў чакала псіхолага-педагагічнае тэсціраванне.

Чатыры наступныя дні ў падрыхтоўцы да адкрытых урокаў і абароны адукацыйных праектаў праляцелі для канкурсантаў, здаецца, вокамгненна. І вось яны ўжо з нецярплівасцю чакаюць вынікаў…

Трэцяе месца падзялілі Святлана КАЗЛОЎСКАЯ з СШ №4 г.Чэрвеня і Алеся ГАЎРЫЛЬЧЫК з Валевачоўскай СШ, другое — Валянціна МАСЛАК з СШ №1 г.п.Смілавічы і Наталля КАМІНСКАЯ з гімназіі №1 г.Чэрвеня. А званне «Настаўнік года-2010» і права прадстаўляць наш раён на абласным конкурсе, які адбудзецца ў красавіку, заваяваў Дзмітрый ЛУКІН з СШ №2 г.п.Смілавічы (на здымку).

Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы, кветкі і сертыфікаты на вызначаную суму грошай: за першае месца — адзін мільён рублёў, за другія — па 625 тысяч, за трэція — па 350 тысяч. Усе астатнія ўдзельнікі атрымаюць прэміі ў памеры трох базавых велічынь.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара і Анжэлы РЫМАШЭЎСКАЙ



1 комментарий по теме “Дастойныя – усе, а пераможца – Дзмітрый!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *