Шчыры дыялог з калектывам лясгаса

Местная власть

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Андрэй Зубар правёў сустрэчу з працоўным калектывам Чэрвеньскага лясгаса. Пачалася яна з узнагароджання работнікаў гаспадаркі, якія ўзялі найбольш актыўны ўдзел у аператыўнай ліквідацыі наступстваў моцнага ветру напачатку жніўня.

Падзякі старшыні райвыканкама і грашовыя прэміі атрымалі дырэктар лясгаса Андрэй Галкоўскі, а таксама работнікі Чэрвеньскага лясніцтва —  ляснічы Дзяніс Жаўняровіч, майстар лесу Сяргей Шынкевіч, леснікі Мікалай Барбук, Сяргей Берасневіч, Дзмітрый Дзяркач, Мікалай Зайцаў, Міхаіл Кадыкін, Рыгор Калтовіч, Аляксандр Паўловіч і Адам Юркоў.

Падчас сустрэчы, якая доўжылася дзве гадзіны, быў закрануты шырокі спектр пытанняў, што тычацца розных галін жыцця.

ПРА СЕЛЬСКУЮ ГАСПАДАРКУ

— Падчас нас крытыкуюць, што шмат грошай выдаткоўваем на падтрымку сельгаспрадпрыемстваў, — заўважыў старшыня райвыканкама. — Але, хачу сказаць, што такая падтрымка, як у цэлым па рэспубліцы, так і ў раёне, з 2015 года пачала істотна скарачацца. І пры гэтым у гаспадарках не зменшыліся, а, наадварот, павялічыліся аб’ём вытворчасці прадукцыі, выручка ад яе рэалізацыі, заработная плата.

У цэлым дзейнасць сельгасвытворцаў нельга недаацэньваць. Сёння яны зарабляюць валюту для краіны нароўні з нафтаперапрацоўшчыкамі.

ПРА ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

Андрэй Зубар заўважыў, што нават пры сціплых магчымасцях фінансавання ў раёне мэтанакіравана вядзецца асфальтаванне дарог і вуліц. Асабліва гэта прыкметна ў Чэрвені. У прыватнасці, паводле слоў старшыні райвыканкама, планы заасфальтаваць сёлета вуліцы Савецкая і Калгасная не мяняюцца.

Таксама Андрэй Зубар распавёў, што самым бліжэйшым часам будзе зроблена добраўпарадкаванне тэрыторыі чэрвеньскай гімназіі.

Разам з тым, ён выказаў занепакоенасць у сувязі з фактамі разбурэння і псавання элементаў добраўпарадкавання ў гарадскім дзіцячым парку, на плошчы Свабоды і вуліцы Мінскай у Чэрвені.

ПРА АЖЫЯТАЖ ВАКОЛ «УЗБЕКСКІХ РАДОЎ»

Ацэньваючы дзейнасць у раёне суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, Андрэй Зубар распавёў, што не ўсе прадпрымальнікі сумленна плацяць падаткі.

Закрануў старшыня райвыканкама і тэму ажыятажу вакол так званых «Узбекскіх радоў» — магазіна адзення «Эканом», які не так даўно адкрыўся на арандаваных плошчах гандлёва-вытворчага комплексу «Новая Славянка» ў Чэрвені і здзівіў пакупнікоў даволі нізкімі цэнамі.

— Нашы прадпрымальнікі ўзнялі бунт: маўляў, рынак трэба абараніць, — паведаміў Андрэй Зубар. — Але ж кан’юктура рынку — рэч зменлівая. Яна залежыць ад многіх фактараў.

Прывяду прыклад. Летась падчас адпачынку ў Петрыкаве, што на Гомельшчыне, я набыў у прыватнікаў спартыўны касцюм. Дык вось каштаваў ён удвая танней, чым такі ж у Чэрвені. Узнікае пытанне: чаму? Здаецца ж, і чэрвеньскія, і петрыкаўскія прадпрымальнікі набываюць тавар на адных і тых жа рынках у Маскве. Толькі нашым везці яго дахаты на 250 кіламетраў бліжэй.

Карацей кажучы, прадпрымальнікам я сказаў, што для ўлады галоўнае, каб былі задаволеныя пакупнікі.

Такія магазіны, як «Эканом» павінны быць, нават, калі там прадаецца прадукцыя не самай высокай якасці.

ПРА АРГАНІЗАЦЫЮ БЯСПЕКІ ДАРОЖНАГА РУХУ

Адказваючы на пытанне аднаго з прысутных, якое тычылася праблемы бяспекі дарожнага руху паблізу развілкі дарог на вёскі Астравы і Вайнілава, Андрэй Зубар выказаў негатыўнае стаўленне да так званых «ляжачых паліцэйскіх». Паводле яго слоў, гэтыя штучныя няроўнасці становяцца прычынай псавання падвескі аўтамашын з-за таго, што ствараюцца з парушэннем устаноўленых нормаў па вышыні.

— Кантроль за хуткасным рэжымам — гэта найперш абавязак Дзяржаўтаінспекцыі, — сказаў старшыня райвыканкама.

Акрамя таго, кіраўнік раёна, а таксама прысутныя на сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік выслухалі асабістыя пытанні работнікаў лясгаса наконт добраўпарадкавання тэрыторый, удасканальвання аўтобуснага руху ў Чэрвені, і г.д. Кожнае з іх будзе разгледжана і, па-магчымасці, вырашана.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *