Сёння адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

Общество

Жыццёвы каляндар жыхара Чэрвеня Уладзіміра Алічанскага адлічвае апошнія месяцы да выхаду на заслужаны адпачынак. У студзені электрамеханік Чэрвеньскага раённага вузла электрычнай сувязі адзначыў шасцідзесяцігадовы юбілей. Зараз дапрацоўвае дадатковыя паўгода паводле змяненняў у пенсійным заканадаўстве.

– У сувязь я прыйшоў зусім выпадкова, – узгадвае Уладзімір Пятровіч. – Калі вучыўся ў трэцяй школе, наш дзявяты клас за актыўны збор металалому заахвоцілі паездкай у Севастопаль. І патрэбны былі грошы на дарогу. Каб зарабіць іх, класны кіраўнік Міра Яўсееўна Гохман знайшла нам падпрацоўку на вузле сувязі. Хтосьці насіў газеты, а мне выпала дастаўляць тэлеграмы.
Жаночы калектыў тэлеграфа шкадаваў мяне: сям’я наша жыла бедна, бо бацька рана памёр, і маці адна падымала на ногі траіх дзяцей. Каб неяк дапамагчы, далі магчымасць мне, непаўналетняму, на працягу дзясятага класа па выхадных і надалей зарабляць на дастаўцы тэлеграм (вядома, аформіўшы гэтую працу на іншага чалавека).
Можна сказаць, што я такім чынам выцягнуў шчаслівы білет у дарослае жыццё. Бо пасля заканчэння школы ўжо не было сумненняў у выбары прафесіі. У ліпені 1976 года я афіцыйна ўладкаваўся працаваць на вузел сувязі, у жніўні, калі завочна паступіў вучыцца ў сталічны тэхнікум на сувязіста, стаў электраманцёрам, а, атрымаўшы сярэдне-спецыяльную адукацыю – электрамеханікам…
Падчас пазменных дзяжурстваў Уладзімір Алічанскі захапіўся абслугоўваннем узмацняльнікаў, якія забяспечвалі правадное радыёвяшчанне. Ды так, што, дасканала вывучыўшы мудрагелістую тэхніку, стаў незаменным спецыялістам па яе рэгуліроўцы, прафілактыцы, замене дэталяў.
– Праца заўсёды была для мяне на першым месцы, – кажа Уладзімір Пятровіч. – Нават, калі не на змене, радыё дома ніколі не выключаў. Калі яно раптам замаўкала, кідаў усе хатнія справы, сядаў на ровар і імчаў на вузел сувязі. У маладосці мяне вучыў адказнасці наш галоўны інжынер Іосіф Ізраілевіч Гурэвіч (светлая яму памяць!). Яго навуку я засвоіў на ўсё жыццё…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота Карыны ЧАРНАВЕЦ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *