То сонца, то дождж… Сёлетняя вясна спакусіла земляробаў імклівым раставаннем снегу і падсыханнем раллі, але з-за частага чаргавання пагодлівых і слотных дзён пакуль што няма магчымасці як след уклініцца ў сяўбу.
У адкрытым акцыянерным таварыстве “10 з’езд Саветаў”, дзе хапае пясчаных палеткаў, звычайна пачынаюць сеяць яравыя зерневыя сярод першых у раёне. Але сёлета і тут змушаны рабіць папраўку на надвор’е.
— У аўторак, пакуль не пайшоў дождж, механізатар Міхаіл Рак на трактары “Джон Дзір” з камбінаваным пасяўным глебаапрацоўчым агрэгатам засеяў аўсом першыя 8 гектараў, – распавядае дырэктар гаспадаркі Яўген Мурашка. – У сераду з раніцы было суха, пасля поўдня дзве сеялкі выйшлі ў поле. Але неўзабаве зноў задажджыла, давялося вяртаць тэхніку на машынны двор.
Што да іншых палявых работ, то яны не спыняюцца. Па два энерганасычнаныя трактары задзейнічаны на ворыве і перадпасяўной апрацоўцы глебы. Пры неабходнасці падрыхтоўка глебы будзе арганізавана ў дзве змены. Падкормку азімых мінеральнымі ўгнаеннямі забяспечвае механізатар Аляксандр Чычыкайла на самаходным агрэгаце “Раса”. Ён ужо завяршыў работы на зерневых і перайшоў на рапс.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара