У ААТ “10 з’езд Саветаў” першымі на Чэрвеншчыне пачалі яравую сяўбу

Аграрный сектор Актуальное

Адкрытае акцыянернае таварыства “10 з’езд Саветаў”, як і належыць гаспадарцы, што знаходзіцца ў паўднёвай частцы раёна, звычайна раней за іншых пачынае веснавыя палявыя работы. Сёлетні год – не выключэнне: у мінулую суботу тут пасеялі першыя на Чэрвеншчыне гектары яравых зерневых культур.

Трактар “МТЗ-1221” з новай сеялкай “СПУ-6”, якую сельгаспрадпрыемства набыло на ўмовах лізінгу, вывеў на палетак ля вёскі Рудня самы вопытны механізатар гаспадаркі Васіль Няпеўны.

Васіль Міхайлавіч шчыруе на вясковай ніве больш за чатыры дзесяцігоддзі. Зараз ён ужо на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць. Апошнім часам быў задзейнічаны на ўнясенні мінеральных угнаенняў, а ўзімку абслугоўваў жывёлагадоўчыя фермы.

– Зерневыя не сеяў восем гадоў, – узгадвае ветэран. – Але як і што рабіць, добра памятаю, таму зноў выйсці ў поле з сеялкай няцяжка было. Калісьці ж адзін па тысячы і больш гектараў засяваў…

– Сеем авёс гатунку “Юбіляр”, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Наталля Лепеш. – Усяго гэтая культура зойме ў нас 400 гектараў. Столькі ж будзем сеяць ячменю, а таксама – па 100 гектараў пшаніцы і зернебабовых.

Сяўба сёлета ранняя, але на маёй памяці год, калі пачыналі яе яшчэ раней, 8 сакавіка. Палеткі хутка падсыхаюць, таму спыняцца ўжо не будзем. Як толькі створым неабходны запас падрыхтаванай глебы, да сяўбы падключыцца трактар “Джон Дзір” з пасяўным агрэгатам “АПП-6Д”…

Механізатар Арцём Юшко рыхтуе глебу пад сяўбу

Гэтымі днямі ў ААТ “10 з’езд Саветаў” вядуць увесь комплекс веснавых палявых работ. Сярод іх – падрыхтоўка глебы, закрыццё вільгаці, падкормка азімых зерневых культур, ворыва, унясенне арганічных угнаенняў.

Механізатар Ігар Заваротнікаў задзейнічаны на падкормцы азімых зерневых культур

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *