За ўзнагародамі — руплівай працы плён. У Чэрвені ўшанавалі перадавікоў сельгасвытворчасці

Общество

6У суботу, напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, у Чэрвені традыцыйна ўшаноўвалі перадавікоў сельгасвытворчасці. З гэтай нагоды ў раённы Цэнтр культуры і адпачынку запрасілі таксама прадстаўнікоў працоўных калектываў, дзяржаўных органаў кіравання, ветэранаў і прафсаюзны актыў галіны, ганаровых гасцей.

Урачыстасць пачалася з уручэння старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэю Зубару ад працаўнікоў вёскі духмянага караваю — сімвала ўраджаю 2016 года. Гэтую пачэсную місію невыпадкова даручылі выканаць старшыні ААТ «Раванічы» Сяргею Кіпецю: днём раней ён, як малады кіраўнік гаспадаркі, які за два гады на пасадзе здолеў мабілізаваць калектыў на ўстойлівы рост вытворчасці прадукцыі, быў уганараваны на абласных «Дажынках» у Лагойску.
Зрэшты, і ў цэлым аграрнікі Чэрвеньшчыны завяршаюць сельскагаспадарчы год з неблагімі набыткамі. У прыватнасці, 14 з 15 гаспадарак маюць павелічэнне вытворчасці валавой прадукцыі да адпаведнага перыяду мінулага года. А раён па гэтаму паказчыку трымае другое месца на Міншчыне пасля Любанскага (плюс 17 працэнтаў).
Больш таго, як зазначыў падчас віншавальнага слова Андрэй Зубар, у гаспадарках ёсць цалкам рэальны шанц па выніках года выйсці на першае месца па тэмах росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. У гэтым выпадку раён атрымае заахвочвальную прэмію ў памеры 150 мільярдаў недэнамінавых рублёў, што паспрыяе яго далейшаму развіццю.
Цырымонію ўзнагароджання на свяце адкрыў старшыня праўлення Мінскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Марынічаў. Ён уручыў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь слесару ААТ «Раванічы» Ігару Сушкевічу, Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — інжынеру-механіку філіяла «Агра-Бокс» СП «Унібокс» Сяргею Пілецкаму, Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — начальніку ўчастка «Шасціснопы» ААТ «Запольскае» Мікалаю Сяцко, трактарысту-машыністу СВФ «Новыя Зелянкі» ААТ «Мінскі малочны завод №1» Мікалаю Каваленку і брыгадзіру паляводчай брыгады СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Рыце Лучанок.
Дыпломам Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта адзначаны калектыў эксперыментальнай базы «Натальеўск» — пераможца раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў. Старшыня райвыканкама Андрэй Зубар падкрэсліў важкі асабісты ўклад ва ўстойлівае развіццё гаспадаркі па ўсіх паказчыках яе дырэктара Алены Махнач. Яно выяўляецца не толькі ў нарошчванні вытворчасці валавой прадукцыі, але і ў эканамічнай эфектыўнасці гаспадарання.
Падчас уручэння ўзнагарод пераможцам спаборніцтваў па відах сельгасработ, работнікам арганізацый, якія аказвалі дапамогу вяскоўцам, лепшым жывёлаводам (іх прозвішчы надрукаваны ў «Раённым весніку» ад 19 лістапада 2016 года), Андрэй Зубар запрасіў на сцэну кіраўнікоў усіх гаспадарак раёна і выказаў ім удзячнасць за тое, што, нягледзячы на цяжкасці, годна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. А Артуру Дзямко, дырэктару адзінага на Чэрвеньшчыне свінагадоўчага прадпрыемства — ЗАТ «Турэц», ён падараваў адмысловы сувенір — фігуру парасяці, пажадаўшы, каб гэты талісман спрыяў калектыву ў далейшым павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці мяса. 14
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Уладзімір Навумовіч уручыў Ганаровыя граматы адміністрацыі работнікам гаспадарак, інвестарамі якіх з’яўляюцца сталічныя прадпрыемствы — механізатару філіяла «Агра-Бокс заатэх» СП «Унібокс» Паўлу Кісялю, трактарысту-машыністу філіяла «Аграбокс» СП «Унібокс» Віктару Жалабковічу і галоўнаму інжынеру СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Фёдару Філімонаву.
Афіцыйны прадстаўнік УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Акуліч перадаў Падзячны ліст кіраўніцтва прадпрыемства і падарунак дырэктару эксперыментальнай базы «Натальеўск» Алене Махнач.
Ганаровай граматай Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны галоўны аграном эксперыментальнай базы «Натальеўск» Сяргей Бабіновіч. Падзячны ліст старшыні Чэрвеньскага райвыканкама атрымаў кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Стары тын» Анатоль Рапейка.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка ўручыла юбілейны медаль “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» механізатару ААТ «Запольскае» Дзмітрыю Шчатко, Ганаровую грамату Прэзідыўма Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК — інжынеру па ахове працы філіяла «Агра-Бокс» СП «Унібокс» Браніславу Гарбацюку, Падзякі старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК — трактарысту-машыністу ААТ «Запольскае» Аляксею Лухверчыку і загадчыцы сталовай ААТ «Раванічы» Таццяне Спарыш.
Узнагароды раённага агляду-конкурсу на лепшую кампазіцыю з рулонаў саломы атрымалі яго пераможцы і прызёры — ААТ «Валевачы» і СВФ «Новыя Зелянкі» ААТ «Мінскі малочны завод №1» (1 месца), СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» і КСУП «Ганута-Агра» (2 месца), ААТ «Запольскае» (3 месца).
А вось журы конкурсу караваяў аднолькава спадабаліся ўсе работы. Таму кожнай гаспадарцы-ўдзельніцы дасталася па сертыфікату на набыццё дзесяці пар валёнак вытворчасці Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі. Скончылася ўрачыстасць святочным канцэртам мастацкіх калектываў і салістаў устаноў культуры раёна.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *