Майстэрства і талент побач крочаць

Аграрный сектор

Чатырнаццаць аператараў машыннага даення кароў сабраліся ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» на традыцыйны, восьмы па ліку, раённы конкурс прафесійнага майстэрства. Спаборніцтва, мэта якога — прапаганда і ўкараненне перадавых метадаў працы ў жывёлагадоўлі, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці з выкарыстаннем прагрэсіўнай тэхнікі, складалася з чатырох этапаў.

Першы — «Візітная картка» — даў магчымасць канкурсантам паказаць свае творчыя здольнасці. Дыяпазон выступленняў быў розным: ад сціплых, простых, але пранізліва шчырых расповедаў пра сябе і сваю прафесію, да сапраўдных шоу. Лілія Лазовік з ААТ «Валевачы», Алена Кукуруза з ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс», Жанна Хурсевіч з КСУП «Ганута-агра» і Вольга Лепеш з ПСГ «Дамавіцкі» чыталі вершы. Прыгожа і душэўна спявалі Інга Сафарэвіч з ААТ «Запольскае» і Алена Ласіца з эксперыментальнай базы «Натальеўск». З групамі падтрымкі выступалі Таццяна Скроцкая з ААТ «Раванічы», Наталля Дзяркач з ААТ «Крыніца Ігуменшчыны» і Аксана Карпенка з ААТ «Лядзенскі». Святлана Зыль з філіяла «Аграбокс-Заатэх» выканала ўсходні танец, а яе сын Усцін, навучэнец Смілавіцкага сельгасліцэя, парадаваў усіх песняй. Яўгенія Пыж з ААТ «10 з’езд Саветаў» падрыхтавала да конкурсу гумарэску. Пацешылі залу дасціпнай інсцэніроўкай Марына Смык з філіяла «Новыя Зелянькі» і яе сяброўка па працы Святлана Каражан. А даглядчыка жывёлы Пятра Сароку з СВФ «Аграбуд», які песняй «Берагі» падтрымаў на конкурсе прадстаўніцу гэтай гаспадаркі Галіну Калтовіч, пад заслону спаборніцтваў нават выклікалі «на біс».

Другі этап — «Комплексная праверка тэарэтычных ведаў па прадметах прафесійнага майстэрства» — праходзіў у форме сапраўднага экзамену. Канкурсанты адказвалі на пытанні білетаў, якія тычыліся асноў жывёлагадоўлі, кормавытворчасці, тэхналогіі вытворчасці малака, заатэхніі і ветэрынарнай практыкі, аховы працы. Нягледзячы на хваляванне, большасць аператараў машыннага даення кароў годна вытрымалі іспыт.

Нядрэнна справіліся яны і з чарговым конкурсным заданнем: разборкай-зборкай даільнага апарата на хуткасць і паслядоўнасць. Хаця шмат дзе ў гаспадарках гэтую «тэхніку» даўно замяніла нашмат больш сучаснае абсталяванне, некалі набытыя навыкі абыходжання з ёй не забыліся.

Завяршаў спаборніцтва практычны этап «Тэхналогія машыннага даення», які прайшоў на ферме «Любішына». Тут многія ўдзельнікі конкурсу цалкам адчулі сябе ў сваёй стыхіі, і здолелі істотна папоўніць багаж конкурсных балаў.

Пакуль журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты райсельгасхарчу, заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў раёна, прадстаўнікі прафсаюза,  вызначала пераможцаў, салісты раённага Цэнтра культуры і адпачынку прапанавалі ўдзельнікам і запрошаным канцэртную праграму.

Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы, намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Віктар Ляснеўскі падкрэсліў, што сёлета аператары машыннага даення кароў паказалі больш высокі, чым летась, узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі. А той, хто дасканала ведае тэорыю, і на практыцы сябе добра праявіў.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская шчыра падзякавала Цэнтру падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу, спецыялістам заатэхнічнай службы і старшыням прафсаюзных камітэтаў гаспадарак за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы канкурсантаў. А затым былі абвешчаны імёны пераможцаў.

Першае месца заняла Марына Смык з сельгасфіліяла «Новыя Зелянькі», другое — Алена Ласіца з эксперыментальнай базы «Натальеўск», трэцяе — Галіна Калтовіч з філіяла «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон».

— Прафесія аператара машыннага даення кароў — патрэбная і прэстыжная, —   зазначыў, уручаючы пераможцам Дыпломы і падарункі, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шыфрын. — Рэальныя грошы, якія маюць зараз гаспадаркі, яны атрымліваюць ад вытворчасці малака. Так што вы сёння — адны з галоўных фінансістаў сваіх сельгаспрадпрыемстваў. І менавіта ад вас шмат у чым залежаць эканоміка гаспадарак, паказчыкі аграрнай галіны раёна…

Без узнагарод не засталіся і іншыя канкурсанткі. «Прыз глядацкіх сімпатый» ад райкама прафсаюза работнікаў АПК дастаўся Святлане Зыль з філіяла «Аграбокс-Заатэх». А загадчык аддзела па сацыяльна-эканамічнай рабоце Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Вольга Белашапка ўручыла прызы «За волю да перамогі» ад абкама Яўгеніі Пыж з ААТ «10 з’езд Саветаў», Таццяне Скроцкай з ААТ «Раванічы» і Аксане Карпенка з ААТ «Лядзенскі».

Варта зазначыць, што арганізацыя конкурсу, які ладзілі райкам прафсаюза работнікаў АПК і райсельгасхарч, як заўсёды вызначалася добрым узроўнем. Усё было прадумана: ад новенькіх камбінезонаў для ўдзельніц да смачнага абеду ва ўтульным кафэ, на які напрыканцы мерапрыемства запрасілі ўсіх гасцінныя гаспадары конкурсу — эксперыментальная база «Натальеўск».

 

Ігар АДАМОВІЧ.  Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *