Да тэхагляду падрыхтаваліся як мае быць

Аграрный сектор

У сельгаспрадпрыемствах Чэрвеньшчыны на гэтым тыдні пачаўся дзяржаўны тэхнічны агляд трактароў і прычэпаў да іх. Першымі своеасаблівы экзамен на допуск тэхнікі да ўдзелу ў дарожным руху трымалі механізатары і спецыялісты інжынернай службы сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон”. У гэтай гаспадарцы заўсёды рыхтуюцца да тэхагляду адказна і грунтоўна. Так было і сёлета.

Машынны двор СВФ “Аграбуд”, на які мы прыехалі марозным і сонечным ранкам разам з начальнікам раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Мікалаем Капальнюком, начальнікам аддзела механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўгенам Войцікам і начальнікам Дзяржаўтаінспекцыі Чэрвеньскага РАУС Аляксандрам Івашкевічам, сустрэў бадзёрым гулам рухавікоў трактароў, што выстраіліся тут па перыметру. Іх кабіны і дэталі рухавікоў зіхацелі свежай фарбай. Трактарысты засяроджана завіхаліся ля тэхнікі, з хваляваннем яшчэ раз правяралі, ці ўсё ў парадку.
Стандартная працэдура агляду знешняга выгляду трактароў, праверкі наяўнасці вогнетушыцеляў і медыцынскіх аптэчак, спраўнасці рулявога кіравання, тармазной сістэмы, электраабсталявання, а таксама дакументаў у механізатараў прайшла даволі хутка. Дванаццаць з чатырнаццаці трактароў атрымалі допуск да ўдзелу ў дарожным руху на сёлета.
Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Івашкевіч правёў гутарку з механізатарамі, падчас якой нагадаў ім асобныя палажэнні Правілаў дарожнага руху і меры адміністрацыйнай адказнасці за іх парушэнне.
Як распавёў “Раённаму весніку” галоўны інжынер гаспадаркі Фёдар Філімонаў, да тэхагляду тут пачалі рыхтавацца яшчэ са студзеня. Набылі неабходныя запчасткі, адрамантавалі абсталяванне для мыйкі і афарбоўкі тэхнікі. Дзякуючы гэтаму, усе работы, якімі непасрэдна кіраваў галоўны механік Юрый Асташонак, правялі арганізавана, без аўралу. І, самае галоўнае, паспелі пафарбаваць кабіны і вузлы рухавікоў трактароў да надыходу моцных маразоў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *