СІТНІК

Люди и судьбы

Працяг

Святлана АДАМОВІЧ

(тэкст і фота)

ЖЫЦЦЁ СЯМЕЙНАЕ. СІТНІК. АМЕРЫКА. РАЗЛУКА…

 

— А раскажыце, Галіна Іванаўна, што вы як стараста Сітніка робіце, якія праблемы ў вёсцы…

— Ой, дык я не ведаю, стараста я ці ўжо не… Ну, хто прыйдзе, скажа, што тое трэба ці тое… Гэта ж цяпер у кожнага тэлефон, ды яшчэ і мабільны. А раней… Туды пазвані, туды… Тое вырашы, тое…

З зямлёй праблем няма. Як я казала ўжо, сын на трактары ўсім заарэ. Аўтакрама ходзіць, адзін раз на тыдзень. А часцей — няма да каго ехаць. У мінулым годзе ўлетку дык і два разы ездзілі, бо неяк больш дачнікаў было. Сёлета — меней… Праблема ў нас з вулічным асвятленнем. Каля мяне ліхтар гарыць на слупе. Дзяніс, унук мой, прыязджаў — зрабіў. А там, у канцы вёскі, калі Ганкі, ліхтар не гарыць. Я прасіла ўнука, каб і там паглядзеў. Дык, кажа, лямпачка перагарэла. А цокаль — малы. У мяне ж толькі з вялікімі ёсць…

Як з поштай будзе — таксама не ведаем. Далі адну паштарку на Сітнік і Праўду. Дзе ж яна справіцца?! Ды з указальнікам павароту на вёску не тое зрабілі. Я колькі гаварыла… А паставілі дзе? На шашы ў Праўдзе! Ды па той дарозе ніхто ніколі не ездзіў…

Тры гады ўжо, як мой Міша памёр. Зусім крыху не дажыў да нашага залатога вяселля. Хварэў, дрэнна было, а ў бальніцу не хацеў ехаць. Грыша колькі прасіў… Ацёк лёгкіх атрымаўся… Дык зараз адна жыву. Дзеці часта прыязджаюць. Во котка ёсць, сабака добры, парода — лайка. Гаспадарка… Няма калі сумаваць.

Ну, хадземце, правяду вас да суседзяў…

 

 

З ВЁСКІ — У МІНСК.

А З МІНСКА — У ВЁСКУ…

Гаспадарка ўраджэнца Сітніка Мікалая Андрэевіча Граблюка і яго жонкі, ураджэнкі вёскі Арцель 1-га Мая Ніны Уладзіміраўны, прыцягвае ўвагу адмысловымі роспісамі драўляных пабудоў. Каб і хацеў, дык міма не пройдзеш, абавязкова запынішся.

 

 

Канешне, зараз фарбы ўжо не такія яркія, як былі напачатку. Але ўсё роўна цікава пабачыць вось такую гаспадарчую пабудову, чый бок выходзіць на вясковую вуліцу. А на ім — верш. Ніколі такой арыгінальнасці не сустракала! На гэтым падворку нават сабачая будка размаляваная! І пры ўваходзе ў хату звяртаеш увагу на распісныя ўзоры.

— Гэта ўнучка наша, Паліна, пастаралася, — тлумачыць Ніна Уладзіміраўна Граблюк. — Ёй зараз 20 гадоў, а размалявала ўсё гады тры таму. І вось што цікава… Як у школу хадзіла, асаблівых схільнасцяў да малявання ў яе не назіралася. У першым класе нават мама дапамагала маляваць. А пасля адкуль узялося — не ведаю. Яна і дома сабе карціны намалявала…

З гаспадаром хаты, які хварэе, паразмаўляць не атрымалася. Таму на ўсе пытанні давялося адказваць гаспадыні.

У Сітнік яна рэгулярна прыязджала з 1969 года — з таго часу, як за свайго Міколу замуж пайшла. Пачатак іх сямейнага жыцця звязаны як з мужчынскім (23 лютага), так і з жаночым (8 Сакавіка) святам. Праўда, не зусім з Днём жанчын, а з яго пярэдаднем. 23 лютага было вяселле, а распісваліся 6-га сакавіка (ці наадварот?). Словам, каб штосьці з гэтага на пост не прыпала, бо, як зазначыла Ніна Уладзіміраўна, старыя гэтага не любяць…

Асноўную частку свайго сумеснага жыцця сямейная пара правяла ў Мінску. Жонка рабіла на агародніннай фабрыцы, затым — на піўзаводзе, муж — на будоўлі. А дзесяць гадоў таму сямейства Граблюкоў пераехала ў Сітнік. І для гаспадара хаты гэта сталася вяртаннем на зямлю сваіх продкаў, дзе жылі яго бацькі, і іх бацькі — таксама. Не прывыкаць да вясковага жыцця і гаспадыні. Але ж некалькі дзясяткаў гадоў у сталіцы таксама наклалі свой адбітак… Таму я не магла не пацікавіцца:

— І як вам, Ніна Уладзіміраўна, тут пасля гарадскога жыцця?

— Ды нармальна. Турботы во зараз — дзе зерня купіць для курэй і качак. Каб трохі танней яно было… А то нават і не ведаеш, што з гэтымі качкамі рабіць — трымаць іх, не трымаць… Вельмі дорага. Можна ж проста пайсці і купіць — і мяса тога, і падушку… Бо на падушкі пуху ды пер’я таксама трэба шмат. Я ж ужо гадавала качак, ведаю. Сама мала на адну падушку — дванаццаць птушак. Дык тут толькі на паўтары і будзе…

Хата наша халаднаватая. Мару паставіць іншыя вокны. Ды і падрубы трэба было б падсыпаць. Таму зараз яшчэ турботы і пра дровы. Мы ж тут не прапісаны, лічымся дачнікамі. А дачнікам дровы — па вольнаму кошту. Гэта мне трэба заплаціць два мільёны. А за такія грошы прывязуць машыну дроў. І ці хопіць іх на месяц?! А зіма, лічы, месяцаў пяць. Мы з верасня палім ужо. Бо хаты якія ў вёсках?! Дзіравыя…

— А што вы тут у сезон вырошчваеце?

— Ой, усё! Бульбу, цыбулю, часнок, моркву, агуркі, гарбузы… Во сёлета гарбузоў шмат парасло — будзе што качкам есці.

— Гляджу — і «раёнку» нашу выпісваеце. Прыемна…

— Пастаянна выпісваем, колькі тут. Вось толькі не ведаю, як газеты будуць насіць пасля Новага года. А так я і часопісы люблю выпісваць…

— Ніна Уладзіміраўна, да каго ў госці ходзіце?

— Во Галя тут, Света, Валя… А так, лічы, асабліва і няма да каго хадзіць. Дзякуй Богу, што ёсць хаця б гэтыя людзі ў вёсцы. Няхай жывуць даўжэй!

 

СЯДЗІБА — АДМЫСЛОВАЯ,

А ЗДЫМАК — РАРЫТЭТ…

Наступная сядзіба таксама вылучаецца сярод астатніх. На двары, можна сказаць,  рарытэтная машына. Як пазней высвятляецца — нават на хаду. Невялікая аплеценая лазой альтанка, а далей, вакол агародчыка — адмысловы тын з кубкамі на ім. Здаецца, звыклы вясковы малюнак, а прыгледзішся — музейны варыянт, не іначай. Перад уваходам у хату, апрача выразанага навесу-веранды, — аздабленне з тоўстых вяровак. І гэты малюнак асабіста мне нагадаў афармленне гатэля ў літоўскай Паланзе. Ну, а жыве ў хаце родная сястра гаспадара хаты папярэдняй — Валянціна Андрэеўна Нарбутовіч (на здымку ўверсе), чыя няспешная гамонка таксама заварожвае…

— Валянціна Андрэеўна, а колькі вам гадоў?

— 19 снежня — 84.

— Нараджаліся вы тут?

— Так, толькі не ў гэтай хаце, а напроці. Там мае бацькі жылі.

— Мо, ведаеце, чаму вёска так называецца?

— Не, ніколі не гаварылі. Ведаю, што зямлю тут куплялі ў пана мае дзяды, як паны былі. Бацька майго бацькі — з Лежняў. Там два браты былі, жылі ў адной хаце. І бацька ім купіў зямлю — майму дзеду і дзедаваму брату.

— А як дзед зваўся?

— Савасцей Граблюк. А той — Саўка. Вось яны жылі, гэтыя два браты. Як мне мама расказвала. Вялікая сям’я пчол там была. Яны падзялілі — па шэсць калод ці па тры… Бацька мой жэніцца, маму бярэ з Праўды. Жывуць. А ўсё гэта поле, што пад вокнамі, лес быў. У той сям’і, дзе бацька гадаваўся, сямёра дзяцей мелася. Але калі мама прыйшла, дык толькі Алена жыла там. А іншыя дочкі… Адна ў Амерыку паехала, іншыя замуж пайшлі… Дык вось мама і кажа: «Андрэй, лесу вунь колькі… Пастаў нам хату…» Ну, павалілі лес, пабудавалі — на той бок. Свёкар добрым быў цесляром, сталярку рабіў. Усё хацеў унукаў дачакацца. Але памёр якраз у 1929 годзе, а я 19 снежня нарадзілася. Не дачакаўся мяне…

— А колькі вас у сям’і было?

— Чацвёра. Я — першая. Была дзяўчынка, Каця, памерла, да вайны яшчэ. І партызаны як былі, другая памерла, Ганна. А тут во брат мой жыве — Мікалай Граблюк.

— А вы ці вучыліся ў школе?

— Да вайны ў Зелянках, пасля вайны… Пачатковую школу скончыла, а тады куды — ці ў Грабёнку, ці ў Рудню. А ў лапцях, бацінак не купіць было адразу. Пахадзілі мы ў Рудню восень. Я, Зіна, што жоўценькі дамок, і два хлопцы. А тады яны пакідалі — і я адна не пайшла. Так і не скончыла пятага класа.

— І дзе вы рабілі?

— Як падрасла, дык у Мінск паехала. Пяць гадоў рабіла ў краме. Уначы машына прыходзіць — хлеб разгружаем у склад. А тады выкладваем у краме тавар — булачкі, пячэнне. А тады гэты замуж прыйшоўся (смяецца)…

— Ну, раскажыце пра замуж…

— Пазнаёміліся — я і прыехала з Мінска. А ён не хацеў у Мінск. Я яму прапаноўвала.

— А адкуль ён родам?

— Са Смалявіцкага раёна.

— Дык а дзе пазнаёміліся?

— Была я ў цёткі ў Верхмені. А ён рабіў ужо ветурачом. Нічога такі быў — Нарбутовіч Антон Іосіфавіч. Дык мы год пажылі там, у яго хаце, з маці, а тады сюды пераехалі. Хату паставілі ў 1957-ым. Дзеці пайшлі…

— І колькі ў вас дзяцей?

— Пяцёра.

— Валянціна Андрэеўна, а дзе вы рабілі, як тут жылі?

— На палявых у Зелянках. Пяць гадоў — у Мінску, трыццаць — тут.

— А якую гаспадарку раней трымалі?

— Ой, не пытайцеся! Трое свіней ці пяцёра, дзве каровы… У мяне ўвесь час па дзве каровы было. Але мянялі іх. Як дрэнна малако дае, дык здаём і бяром іншую. Муж рабіў ветурачом у Зелянках на ферме. І ў Праўдзе на ферме бываў. Ну, і людзі да яго звярталіся. Тры гады, як ён памёр, во будзе ў ліпені.

— А з мужам доўга пражылі?

— Пяцьдзесят гадоў святкавалі…

— Я вось фатаграфавала там усю вашу прыгажосць на дварэ. А гэта хто займаецца?

— Гэта сын мой, Вася, ён у Мінску жыве.

— А машына тая ездзіць яшчэ?!

— Так, зяці ездзяць…

— А ў вас жа зараз ніякай гаспадаркі няма?

— Тры курыцы ды певень. Сабачка яшчэ.  Я ж хварэю. Сэрца, сказалі, слабенькае. Дык вунь бачыце колькі лекаў…

— А вы і газету нашу выпісваеце?!

— Выпісвала, і часопісы — таксама. Але ўжо не буду, бо сын у Зелянкі забярэ мяне на зіму. Тыя дзеці ў Мінск хацелі. Ды я не хачу.

— І чым вы цікавіцеся ў «Раённым весніку»?

— А во пра бабак люблю чытаць. Запомніла ў Мяжніцы пра Кацярыну, і здымак яе быў… Вось такім цікаўлюся…

Размаўляючы з Валянцінай Андрэеўнай, раз-пораз пазіраю на фотаздымак, які размешчаны ў шафе. Відавочна, даўні. І пра гэта сведчыць не толькі яго цьмянасць, але і старая драўляная рамка. Пытаюся ў гаспадыні хаты пра яго гісторыю. Аказваецца на фота — сястра яе маці з мужам і чатырма дзецьмі, мама і тата Валянціны Андрэеўны… А на руках ў мамы… яна сама! І ёй там — усяго год.

Атрымліваецца, што фотаздымку таму — 83 гады. Сапраўдны рарытэт захоўваецца ў хаце Валянціны Андрэеўны Нарбутовіч…

 

 

ВЁСКА — ЛЁС БАЦЬКОЎСКІ

І ПРЫТУЛАК ДАРОСЛЫХ ДЗЯЦЕЙ…

Гаспадыня наступнай хаты, старэйшая жыхарка Сітніка Вольга Фамінічна Краснагір гасцей, відавочна, не чакала — грэлася на высокай ляжанцы, адкуль, між іншым, спусцілася па самаробнай лесвіцы даволі спрытна — і гэта ў 93 гады! Зрэшты, на працягу ўсёй размовы яна не пераставала здзіўляць і захапляць.

Бываючы ў розных куточках Чэрвеньшчыны, ад людзей сталага веку, якія ўсё жыццё пражылі ў вёсцы, я зусім не часта чула пра атрыманне добрай адукацыі, хаця б школьнай. Няпростыя даваенныя і галодна-жабрацкія пасляваенныя гады зусім нямногім давалі шанц на гэта. Найчасцей даводзілася рабіць да знямогі на калгасных палетках за голыя працадні, спадзеючыся на далейшы разлік, толькі каб выжыць. А ў вольны час — шчыраваць на кавалачку ўласнай зямлі, даглядаць сякую-такую гаспадарку, дбаць у літаральным сэнсе пра штодзённы кавалак хлеба. І займаліся гэтым не толькі дарослыя, але і дзеці, падлеткі, моладзь…

А вось Вользе Фамінічне (дзявочае прозвішча — Аладка) у плане набыцця адукацыі ў пэўным сэнсе пашанцавала. Відаць, была, апрача элементарнай удачы, і настойлівасць, і мэта, і жаданне. Яшчэ да вайны яна скончыла сем класаў. Чатыры з іх — у Новых Зелянках, тры — у Рудні, куды, прыгадвае, хадзіць трэба было праз лес. А па полі — барані, Божа! Там нават і сцежкі не мелася…

 

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *