Знарок не прыдумаеш

Общество

Марыя БЯЖАН, г.Чэрвень.

Шчыры пачастунак.

Вестка аб тым, што ў Рафаэля нарадзілася дачка, імгненна абляцела суседзяў. Быў выхадны дзень, многія бавілі час на вуліцы, абсеўшы лаўкі, калі той пад’ехаў да хаты цесця. Яго падхапілі і пачалі гушкаць. Былі тут і прахожыя з другога канца вуліцы.

Рафаэль — азербайджанец. Вайсковую службу праходзіў у Мінску, дзе і пазнаёміўся з дзяўчынай, студэнткай тэхнікума. Адслужыўшы належны тэрмін, ажаніўся. Так апынуўся ў Чэрвені, працаваў шафёрам.

Ён ужо ведаў: гушкаюць — значыць патрэбна замочка. А вось колькі, уяўляў мала. Неаднойчы назіраў, што жанчыны мала адстаюць ад мужчын у спіртным. А іх набралася тут даволі шмат, у яго ж у кішэні толькі на пару пляшак гарэлкі. Ад іх не надта разгавеешся. Ён вырашыў: лепей будзе, калі набраць “чарніл”.

Ісці ў краму за нізкапробным віном не дазваляў гонар. І тут якраз падвярнуўся суседскі адзінаццацігадовы хлапчук. Рафаэль выдаў яму грошы і снабдзіў запіскай да крамшчыцы, дзе ветліва прасіў яе выдаць чарніл на ўсе грошы, а на рэшту — карамелек.

— Гэта табе за паслугу, якраз паўкіло атрымаецца, — падбадзёрыў ён хлапца.

Даў і наказ — запіску падаць крамшчыцы непрыкметна, а потым з таварам не выстаўляцца і не затрымлівацца.

Чаканне зацягнулася, хоць крама і непадалёку. Захваляваліся і суседзі — “мо які п’янюга адабраў грошы, вось  і не вяртаецца, боязна”.

Рафаэля ж мучыла думка: “Падставіў і сябе, і крамшчыцу”. Ці ж яму не вядома, што бывае за продаж спіртнога непаўналетнім? Гэта і пагнала яго ў краму, дзе даведаўся, што хлапца яны не бачылі, не прыходзіў сюды. Трывожнае чаканне працягвалася.

Хлапчук з’явіўся з правулка пры канцы вуліцы. Ён ледзьве валок авоську. Паспяшаўшаму яму на дапамогу Рафаэлю хлапец растлумачыў:

— Гандлючая чарніламі крама ў цэнтры. На пачатку чакаў, пакуль крамшчыца збірала ўсё чарніла, якое мелася ў яе, а потым упакоўвала яго як след, затым дапамагала да прыпынку данесці. Яна і пятак на праезд дала ўласны. Дацягнуць гэтулькі мне не пад сілу, вось і чакаў  аўтобуса.

У голасе хлапца адчувалася крыўда.

“Ні табе цукерак, ні спачування”, — будуць потым пасміхацца аматары выпіць на дурніцу.

Цяпер жа на пачатку была нямая сцэна, а за ёй — выбух рогату. Пасіўных не было, усе верашчалі, нібы іх рэзалі.

Пасаромлены Рафаэль пацёг пакунак у машыну, яму давядзецца ўвесь гэты здабытак вяртаць у краму “Культтавары”. Паколькі трэба было на працу, замочку суседзі атрымалі вечарам. Але які гэта быў кайф! Наўрад ці каму яшчэ даводзілася атрымліваць замочку хімічнымі чарніламі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *