«ЛЮБЛЮ СТАСУНКІ З ЛЮДЗЬМІ…»

Общество

Валянціна ВЫСОЦКАЯ, кіраўнік спраў Руднянскага сельвыканкама:

— Кіраўнікамі спраў мы пачалі называцца з сярэдзіны 2010-га года. Да гэтага ж пасада называлася — сакратар. Не скажу, што з дзяцінства марыла пра такую прафесію. Ды і прыйшла ў яе не адразу. Але, тым не менш, адпрацаваўшы з людзьмі і для людзей больш за трыццаць гадоў, адчуваю, што гэта — маё. Хаця напачатку давялося пашукаць сябе ў прафесіях іншых…

Сама я — з вёскі Хутар Раваніцкага сельсавета. Пасля заканчэння школы паступала ў медыцынскі, але не паступіла. Затое мая дачка — медык. У далейшым жа я набыла спецыяльнасць бухгалтара ў Смілавіцкім тэхнікуме. А свой працоўны шлях пачынала ў Раваніцкім саўгасе-рабкапе — так тады называлася сяльпо, гэта ўсё — спажыўкааперацыя. Там працавала мая стрыечная сястра, яна і ўзяла мяне да сябе вучаніцай. Затым Раваніцкі саўгас-рабкап расфарміравалі, перавялі ў Рудню. І я прыехала сюды — у 1971-ым годзе. Працавала бухгалтарам. Затым саўгас-рабкап перайменавалі ў сяльпо. Чарговае расфарміраванне — і ўсё перавялі ў Чэрвень. Але туды я пераязджаць не захацела. Пайшла ў краму, дзе прарабіла, мусіць, з год. А тады…

Старшынёй сельвыканкама рабіў Іосіф Архіпавіч Хурсевіч. Ён мяне і запрасіў на працу — у 1974-ым. Напачатку я рабіла бухгалтарам, але па просьбе тагачаснага сакратара, бывала, замяняла яе і паціху вучылася гэтай справе. Выйшла замуж, нарадзіла, паступіла ў партыю… А 28 лютага 1980-га года перайшла на пасаду сакратара сельвыканкама. І працую тут, атрымліваецца, 34-ы год — пры пятым старшыні.

Асноўнае ў мяне — гэта праца з людзьмі. І мне яна вельмі падабаецца! Вось зараз звесткі ў гаспадарчых кнігах мы, у асноўным, удакладняем па тэлефоне — колькі гаспадарак, колькі ў людзей кароў, свіней… А раней мы ўсіх-усіх абыходзілі! На тэрыторыі нашага сельсавета — 18 населеных пунктаў. І я за гэты час вывучыла ці не кожны двор, сям’ю. Канешне, цяпер з’явілася трохі людзей новых, прыезджых… А сталае насельніцтва ведаю добра.

Увогуле, калі прыходзіш да пажылога чалавека, яму не так важна адказаць на твае пытанні, колькі выказацца самому, пагаварыць, распавесці аб праблемах… Цяпер у нас больш папер, новыя працэдуры, з людзьмі даводзіцца размаўляць меней… Але, тым не менш, я стараюся. Прыйшоў чалавек — гляджу яму ў вочы, распытваю з усёй увагай. Што яму патрэбна? Дарогу ўзімку пачысціць? Тэлефаную ў ДРБУ-121. Не падключана пасля летняга адключэння вулічнае асвятленне? Звяртаюся ў РЭС. Адстраляць бадзяжных сабак? Арганізоўваю. Бывае, тэлефануе бабка: «Даведка патрэбна. Мо, дзіцятка, ты б мне па пошце выслала?» Высылаю.

Вядома, што за столькі гадоў многім дапамагла рашыць іх праблемы. Бываюць, канешне, і скаргі. Але ў сваёй прафесіі ганаруся менавіта тым, што маю магчымасць дапамагаць людзям. Мне падабаецца, што да мяне прыходзяць, звяртаюцца па тэлефоне, давяраюць, паважаюць… Апрача іншага, я яшчэ і дэпутат нашага сельскага Савета. Як прыйшла сюды на працу, так з’яўляюся ім і да гэтага часу. Стараюся не грубіць людзям, хаця я і ўвогуле не грублю, не той характар. Ёсць, канешне, так званыя праблемныя людзі. Але стараемся і іх пытанні вырашаць — разам са старшынёй сельвыканкама, спецыялістам першай катэгорыі… З гаспадаркамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі і іх кіраўнікамі таксама знаходзім агульную мову. Часта просім выдзеліць транспарт, і нам ідуць насустрач. Філіял УП «Мінскводаканала», размешчаны на тэрыторыі сельсавета, вельмі добра дапамагае, і гэта, безумоўна, прыемна.

Апрача папяровай працы, шмат зараз робім па добраўпарадкаванні. Дарэчы, раней мы гэтым так шырока не займаліся. А зараз праца з венікам і граблямі, асабліва на добраўпарадкаванні могілак, сталася звыклай. Дарэчы, у нас на тэрыторыі месцаў пахавання — сем. Калі ладзім суботнікі, дык зараней апавяшчаем насельніцтва з дапамогай аб’яў. Прыходзяць старасты населеных пунктаў, вяскоўцы, разам з імі наводзім парадак. Зараз нашмат больш стала смецця. І гэта не толькі тая ж пластыка, старыя вянкі ды кветкі. Бывае, людзі нясуць да могілак і бытавое смецце.

Вось раней мы прывучалі нашых вяскоўцаў, дачнікаў і прыезджых вывозіць яго на міні-палігоны. Доўга прывучалі, але, у рэшце рэшт, штосьці пачало атрымлівацца. А тады прынялі рашэнне аб закрыцці міні-палігонаў па ўсяму раёну, і адразу ж з’явіліся стыхійныя звалкі. Ды нават калі мы і самі прыбіраем… Нагрузім прычэп — і ён павёз смецце ажно за Чэрвень. А хіба гэта блізкі свет?! За дзень, мо, пару рэйсаў і атрымаецца зрабіць. Усё ж, як мне здаецца, на тэрыторыі кожнага сельсавета павінен застацца хаця б адзін міні-палігон.

Але, нягледзячы на праблемы і цяжкасці, магу параіць тым, хто любіць жывыя стасункі з людзьмі, абраць працу кіраўніка спраў сельвыканкама. Хаця, бывае, у мяне пытаюцца: «Якія ў цябе нервы?! Як ты вытрымліваеш, калі прыходзіць тая бабка… Сядзіць-сядзіць, размаўляе-размаўляе…» А я люблю размаўляць з людзьмі. У нашай прафесіі справаводства — гэта адно. Але ж трэба ўмець і выслухаць чалавека, дапамагчы, адказаць…

Раней ці не любую паперу мы пісалі ад рукі. Зараз — запаўняем на камп’ютары. Памятаю, калі яго толькі паставілі, я нават плакала… А тады паціху-паціху — і навучылася. Зараз і з рэестрам насельніцтва працуем у электронным варыянце. Смерці, нараджэнні, шлюбы рэгіструем… Мне, напрыклад, вельмі падабаецца выдаваць пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці. І тут таксама адчуваеш гонар за сваю прафесію! Калісьці мы нават рэгістравалі нованароджанага ўрачыста, калі прыходзілі мама з татам і з дзіцяткам. Гэта было радасна і хвалююча. А зараз у нас будынак маленькі, і тут няма асобнага пакоя для ўрачыстасцей. Таму рэгіструем шлюб, калі шмат людзей збіраецца, у сельскім Доме культуры, які размешчаны па суседству. А калі гасцей мала, дык таксама ўрачыста, але — у кабінеце старшыні сельвыканкама.

Вядома, прыемна, калі людзі дзякуюць табе за тваю працу. І я ніколькі не шкадую, што аддала ёй столькі гадоў і працягваю займацца. Хочацца спадзявацца, што ў вёсцы пра мяне благога не скажуць…

Занатавала Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *