МІНСК-БАЙКАНУР-КАЛІТА: АСНОЎНЫЯ ВЕХІ ЖЫЦЦЯ АЛЯКСАНДРА КАЧАНА

Люди и судьбы

Пра тое, што Аляксандр Дзмітрыевіч Качан, які ўжо гадоў пятнаццаць жыве ў вёсцы Каліта, служыў на Байкануры, я даведалася пэўны час таму. Але калі мы наведвалі вёску дзесьці ў 2005-ым, каб напісаць пра яе і жыхароў у рубрыцы «Куточак Чэрвеньшчыны», гаспадара не засталі. Затое зараз, на фоне ўсеагульнай цікавасці да космасу і да ўсяго, што з ім звязана, сустрэча з Аляксандрам Качаном была замоўлена асобна.

… Адказаўшы на тэлефанаванне і даведаўшыся аб мэце мяркуемага візіту, ён сказаў проста: «Прыязджайце». А пры сустрэчы зрабіў уражанне чалавека канкрэтнага, упэўненага, сапраўды самадастатковага (яго ўласная характарыстыка), надзейнага… Словам, чалавека справы.

Нарадзіўся Аляксандр Дзмітрыевіч у Мінску. Вучыўся ў Піцеры. Служыў на Байкануры. А вось месцам пражывання на пенсіі абраў зямлю продкаў — вёску Каліта, у якой і жыхароў-то зараз, лічы, не засталося, не кажучы ўжо пра інфраструктуру населенага пункта. Што гэта — лёс ці ўласны выбар? Гутарым…

ВЁСКА ДЗЯЦІНСТВА…

— Аляксандр Дзмітрыевіч, хто канкрэтна з вашых продкаў родам — з Каліты?

— Вось тая тэрыторыя, на якой стаіць гэты дом, — маёй маці. Яна тут жыла, яе бацькі. Тата мой родам з суседняй вёскі Кадзішча. Яны, як пажаніліся, па традыцыі тых гадоў паехалі ў Мінск. Там я і нарадзіўся.

— А вы прыязджалі сюды ў дзяцінстве?

— Канешне. У нас тады была схема простая. Школа заканчвалася, лета пачыналася, і нас, мінскіх дзяцей, — сюды. Як кажуць, ад званка да званка, на ўсе вакацыі. Каліта тады была цікавая, народу шмат. А вось дзяцей майго ўзросту было не так ужо і многа, у асноўным — крыху старэйшыя. Многа гаспадаркі тады не трымалі. Бабка рана страціла дзеда, і адной ёй тут было цяжка. А потым, калі я паехаў ужо з Беларусі, а бацька выйшаў на пенсію, тады яны з маці тут жывёлу завялі. А ў маім дзяцінстве ўсё проста было. У лес бегалі, шалашы рабілі. Дзесьці, як кажуць, і шкоду. Пойдзем, якую кладку перавернем… Так, па дробязі. Лес тады быў чысты.

Была ў нас забава — нарыхтоўка рабіны, буякоў. Па буякі бабка вадзіла, але мне не падабалася. Мы яшчэ з адным аднагодкам, Мікалаем, у асноўным, рабінай займаліся. Каб галіны не ламаць, да доўгіх палак прывязвалі нажніцы. Мяшок нарэжаш, нарыхтоўшчыкі забяруць. 1 кілаграм — 10 капеек. А рабіна ж цяжкая…

Калі браць ранняе дзяцінства, як дзед яшчэ быў жывы… Мы дапамагалі мясцовай гаспадарцы. Колю як карэннаму жыхару давяралі конныя граблі, і ён насіўся з імі па полі. А я быў прыезджым. Таму — падгрэбці ці яшчэ што… Самае цікавае было, як дзед аддзячваў за дапамогу. Ідзе ў кантору, атрымлівае грошы, дастае адтуль рубель: «На табе…» Ну, у тыя часы для нас рубель быў — ого-го! Хаця сам дзед, мабыць, не так ужо і шмат атрымліваў…

 

ВУЧОБА І СЛУЖБА

— А ўвогуле, у дзяцінстве вы, Аляксандр Дзмітрыевіч, кім хацелі стаць?

— А нікім! І тое, што стаў ваенным, выпадкова атрымалася. Я вучыўся і вучыўся, ні пра што не задумваўся. Пасля восьмага класа народ разбягаўся. Ну, і я асабліва не хацеў у дзявяты клас. Таму пайшоў паступаць у Мінскі радыётэхнічны тэхнікум. І паступіў бы, але… не склаліся абставіны. Варыянт, які прапаноўваўся… Ён не меў рашэння. Ці то абдрукоўка была, ці то спецыяльна зрабілі — не ведаю. Я так і запісаў у адказе, але яго не залічылі. Давялося ісці ў дзявяты клас. А ў дзясятым тая выпадковасць і ўтварылася…

Прыйшла павестка з ваенкамата. Сабралі нас там чалавек 40-50. Выйшаў вайсковец у форме і сказаў, што па стане здароўя мы годныя для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы. А мы ўжо мандатна-прыпісную камісію прайшлі. Ён сказаў, што нікога ўгаворваць не будзе: «Я зараз выходжу, праз 10 хвілін вяртаюся. Хто застанецца, з тым і буду размаўляць».

Калі б я быў адзін, можа, нічога б і не атрымалася. А так — з сябрам. Яму дзявацца не было куды. І мы напісалі заявы. Пасля гэтай камісіі была абласная, і на ёй мяне перавербавалі. Мы павінны былі ехаць у Рыгу, у ракетнае вучылішча. А мне сказалі: «Вам трэба ў Піцер». Ну, у Піцер дык у Піцер. Паехаў туды. Не рыхтаваўся, нічога. Проста так, на авось. Іспыты здаў крыху вышэй сярэдняга, але — на ўзроўні прахаднога бала. І мяне залічылі…

— А як называлася ваша навучальная ўстанова?

— Ваенная інжынерная Чырванасцяжная акадэмія імя А.Ф.Мажайскага. Пакуль я вучыўся, яе перайменавалі ў Ленінградскі інжынерны Чырванасцяжны інстытут імя А.Ф.Мажайскага. Ну, а вучоба ёсць вучоба. Вучыш. Штосьці — цікава, штосьці — не. А калі навучанне падышло да свайго заканчэння, узнікла пытанне аб месцы службы. Профіль касмічны, таму існавала два віды размеркавання: ці на Поўнач, ці на Поўдзень. Поўнач — гэта вядомы Плясецк, а Поўдзень — вядомы Байканур. Чыгуначная станцыя апошняга размешчана на тэрыторыі пасёлка Цюратам. Таму і бытавала такое: «Лепей цюра тут, чым цюра там». Гэта быў 1974-ы год, у мяне тады якраз вяселле зладзілася. Затым з жонкай у цягнік — і на Байканур.

— І што вас там найперш уразіла?

— Ды ўражанні пачаліся нашмат раней. Гэта ж тэрыторыя за Аральскім морам… Дагэтуль не бачаныя пейзажы пасля Арала пачаліся. Ехалі мы ў ліпені. Гарачыня… Па прыездзе нас часова пасялілі ў гасцініцу. І вось каб у ноч першую хоць неяк заснуць, давялося намочваць прасціну і класці зверху… Каб там жыць, прывычка патрэбна. Бо калі ноччу плюс 27 — гэта яшчэ нармальна, дык удзень — 37-42 градусы,  у цені. На сонцы вышэй.

Нам даволі хутка далі кватэру — у доме, які нядаўна пабудавалі. Ён стаяў на ўскрайку, а вокны выходзілі ў бок стэпу. Глядзіш у акно — ні дрэў, нічога. Голы стэп… Затое ў сам горад прыязджаеш… На кожным рагу — тое, што тады ў Беларусі мы не мелі асабліва. Вінаград, дыні, кавуны… І ўсё каштуе капейкі. Бяры, еш, колькі душа хоча…

— А служба была па форме?

— Туды я прыехаў лейтэнантам. І ведаў, што камандзіру трэба прадстаўляцца па прыбыцці ў часць у параднай форме. Я зрабіў, як патрэбна, а астатнія чамусьці прыехалі ў звычайнай вопратцы. Сядзім, чакаем, калі камандзір нас прыме. А гарачыня… І толькі ў аднаго камандзіра палка ў кабінеце быў кандыцыянер. Дык адтуль выходзіць не хацелася… Але з цягам часу ўсё ўтрэслася. Кандыцыянеры завезлі ў продаж. Наш і да гэтага часу стаіць вунь наверсе.

— І колькі гадоў вы служылі?

— З 1974-га па 1995-ы. 21 год. Праляцела, як немаведама што…

— А кім вы там увогуле былі?

— Калі пераводзіць на вайсковую мову, каб правільна разумець… Там вайсковыя часці крыху не так былі ўладкаваны. Усе арганізацыі насілі прыстаўку «навукова». І штатныя расклады там зусім іншыя. Там можна быць, умоўна кажучы, капітанам — і мець у падначаленні 10 чалавек. Хаця ў звычайным войску такога не бывае. А пасады… Інжынер аддзялення, камандзір аддзялення. Наступная структура — каманда. Гэта прыблізна 30-40 чалавек. Яе ўзначальвае маёр. Потым ідзе група — гэта тры каманды, каля 100-120 чалавек, тут галоўны — падпалкоўнік. Хаця ў агульнавайсковых падраздзяленнях гэта — рота, і на чале — толькі капітан. Вось розніца якая. Ну, а палкоўнік — гэта камандзір палка.

Паколькі ўся гэтая структура касмадрома падчас майго праходжання службы там займалася навукова-даследчымі і доследна-канструктарскімі работамі, дык існавалі так званыя кадзіраваныя падраздзяленні, упраўленні. Там моцны афіцэрскі штат, высокія катэгорыі.

(Працяг будзе)

Святлана Адамовіч.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *