ПРАІГНАРАВАЎ ПРЫСУД — ПАЗБАВІЎСЯ АДТЭРМІНОЎКІ

Безопасность

12 снежня 2012 года суд Чэрвеньскага раёна прызнаў аднаго з навучэнцаў сярэдне-спецыяльнай навучальнай установы раёна вінаватым у здзяйсненні правапарушэння. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі, але — з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год. Існавала і абавязковая ўмова — знаходжанне па месцы пражывання штодзень з 22.00 да 6.00.

Аднак хлопец, відавочна, не зразумеў усёй сур’ёзнасці рашэння суда, з якім ён быў азнаёмлены пад роспіс. Літаральна праз месяц, 12 студзеня 2013 года, пасля 22.00 па месцы пражывання ён адсутнічаў. За гэтае парушэнне 14 студзеня яму вынеслі першае афіцыйнае папярэджанне, а таксама паўторна патлумачылі адпаведны артыкул Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і адказнасць за невыкананне ўскладзеных па прысуду абавязкаў. Аднак першага лютага гэтага года непаўналетні навучэнец зноў адсутнічаў па месцы пражывання пасля 22.00, за што 5 лютага атрымаў другое афіцыйнае папярэджанне.

Акрамя таго, 29 красавіка яго затрымалі супрацоўнікі Чэрвеньскага РАУС на тэрыторыі непрацуючага віна-гарэлачнага завода па вуліцы Чапаева ў Чэрвені за ўжыванне дурманных рэчываў. Непаўналетняга даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу, дзе ўрач паставіў дыягназ — «вострая інтаксікацыя, абумоўленая ўжываннем лятучых растваральнікаў». А за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства ён пастаўлены на прафілактычны ўлік у наркалагічным кабінеце Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы з дыягназам «ужыванне алкаголю са шкоднымі наступствамі». Не аднойчы яго паводзіны разглядаліся на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

6 мая навучэнец здзейсніў адміністрацыйнае парушэнне, за што атрымаў трэцяе афіцыйнае папярэджанне. Было і чацвёртае — 25 мая, калі пасля 22.00 непаўналетні ў чарговы раз адсутнічаў па месцы пражывання.

Улічваючы, што асуджаны не выконваў абавязкі, накладзеныя на яго прысудам, па іскавай заяве інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС суд адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання і накіраваў навучэнца ў месца пазбаўлення волі.

 

У ЛЯЧЭБНА-ВЫХАВАЎЧУЮ ЎСТАНОВУ — НА ДВА ГАДЫ

Туды накіраваны непаўналетні вучань адной з гарадскіх школ, 2002-га года нараджэння, узяты на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС яшчэ трэцяга лістапада 2011 года. Выхоўваўся ў няпоўнай сям’і, цалкам выйшаў з-пад кантролю маці і адміністрацыі ўстановы адукацыі. Ён парушаў дысцыпліну, без дазволу і папярэджання сыходзіў з дому, меў схільнасць да здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў.

19 верасня, 3 і 15 кастрычніка, 13 снежня 2012 года Чэрвеньскі РАУС у адносінах да гэтага малалетняга вынес пастановы аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы — з-за здзяйснення злачынстваў да дасягнення ўзросту, з якога прыцягваюцца да адказнасці. Па ўсіх фактах на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама запрашалася маці правапарушальніка. Да яе прымаліся меры, прадугледжаныя заканадаўствам.

21 снежня 2012 года Чэрвеньскі РАУС прыняў рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы па факту знікнення без вестак малалетняга, а 15 красавіка гэтага года вынес пятую пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы па факту здзяйснення ім злачынства да дасягнення ўзросту, з якога па закону наступае адказнасць.

17 красавіка камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прыняла рашэнне аб прызнанні дваіх непаўналетніх з гэтай сям’і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забранні іх у маці, якая неналежным чынам выконвае свае бацькоўскія абавязкі па ўтрыманні і выхаванні дзяцей.

З моманту пастаноўкі на прафілактычны ўлік непаўналетняга правапарушальніка з ім праводзілася пэўная выхаваўчая работа — інспекцыяй па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС, педагагічным калектывам установы адукацыі, дзе ён навучаўся. Аднак на прымаемыя меры вучань не рэагаваў, належных вывадаў не рабіў, а па-ранейшаму сістэматычна сыходзіў з дому, бадзяжнічаў, курыў…

Таму камісія па справах непаўналетніх райвыканкама хадайнічала перад судом Чэрвеньскага раёна аб накіраванні непаўналетняга ў спецыяльную лячэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу. Суд хадайніцтва задаволіў, прызначыўшы тэрмін адбыцця пакарання ў два гады.

 

ЗАЛЕЖАЦЬ АД АЛКАГОЛЮ ЎСЁ БОЛЬШ ЖАНЧЫН-МАЦІ…

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх разгледжаны шэраг пытанняў і адміністрацыйных спраў. Адной маладой і здаровай, нядрэнна забяспечанай маці члены камісіі задалі лагічнае пытанне: чаго яшчэ не хапае ў жыцці?! Дзіцяці няма і года, а маладзіца злоўжывае спіртным, пакідае малое на родзічаў і надоўга сыходзіць з дому. Відавочна, і ў 22 гады яна не навучылася несці адказнасць за сябе саму, не кажучы пра дзіця. І гэта пры тым, што яна — не маці-адзіночка. Але тата сямейства проста самаўхіліўся ад вырашэння праблем. Таму цяпер за гэта возьмуцца ўсе зацікаўленыя ведамствы. Сям’я ўзята на кантроль, бо становішча яе прызналі сацыяльна небяспечным.

Яшчэ адна маці, якая выхоўвае дзіця, жыве ў здымнай кватэры. З-за шэрагу праблем знаходзілася на кантролі. На працягу сямі месяцаў пытанняў да яе не было. Але вось цяпер жанчына вырашыла звольніцца з працы. У членаў камісіі ўзнікла лагічнае пытанне: на што яна збіраецца жыць і ўтрымліваць дзіця?! Маці-адзіночка патлумачыла, што мае падпрацоўку, а ў бліжэйшыя дні выходзіць на працу. Яе абавязалі прынесці адтуль даведку і папярэдзілі аб адказнасці.

«Тусоўка» маладога чалавека ў адным з сельскіх Дамоў культуры абышлася яму… ў мільён рублёў! А пачыналася ўсё з таго, што ён палічыў сябе пакрыўджаным, калі яго незнарок штурханулі. Завязалася бойка, у выніку якой ён нанёс іншаму маладому чалавеку цяжкія цялесныя пашкоджанні. На яго завялі адміністрацыйную справу. Вынік яе разгляду — штраф у памеры дзесяці базавых велічынь. І гэта ў дадзенай сітуацыі — мінімум. А максімум склаў бы 30 базавых велічынь. Дарэчы, малады чалавек заплаціць штраф з уласнай кішэні, бо ён нядаўна працаўладкаваўся. І калі на момант здзяйснення правапарушэння ён быў яшчэ непаўналетнім, дык на момант разгляду меў поўных 18 гадоў.

Прыемны момант пасяджэння — рашэнне аб вяртанні дзіцяці ў біялагічную сям’ю. Маці прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, зрабіла касметычны рамонт у жытле, стварыла ўсе ўмовы для пражывання дзіцяці. У гэтым выпадку шмат дапамог кіраўнік арганізацыі, у якой жанчына працуе. Ім, а таксама ўсімі зацікаўленымі структурамі шмат зроблена па рэабілітацыі, аздараўленні абстаноўкі ў сям’і.

А вось у чатырох іншых сем’ях, з якіх дзяцей забралі, яшчэ засталіся пэўныя пытанні. Там будзе працягнута праца па наладжванні дзіцяча-бацькоўскіх адносінаў, па выхаванні дарослых. Адметна, што ўсюды праблемы, асабліва з алкагольнай залежнасцю і падтрыманнем жытла ў належным санітарным стане, маюць менавіта жанчыны.

У першай сям’і маці яшчэ знаходзіцца на лячэнні, у другой пасля гэтай працэдуры прайшло мала часу. У трэцяй узнікла вялікая праблема (памёр тата дзіцяці), і маці вельмі складана з ёй справіцца, узнавіцца. У чацвёртай дзіця забралі ў красавіку, але маці толькі зараз збольшага ўсвядоміла, што трэба ствараць умовы ў жытле і для дзіцяці, і для сябе самой.

Шкада, што свой розум у галовы такіх гора-маці не ўкладзеш…

Наталля СЦЯЖКО,

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *