19 снежня — свята, напэўна, самага любімага ў народзе Угодніка Божага Свяціцеля Мікалая, цудатворцы і хуткага дапаможніка ў розных жыццёвых бедствах: і ад патаплення ратаваў, і з глыбіняў марскіх на сушу выносіў, і ад палону і цямніц пазбаўляў, і ад смерці ратаваў. Усякаму ва ўсякай патрэбе быў памочнікам. Той, хто хоць аднойчы звяртаўся да яго за дапамогай, падцвердзіць, як хутка яна прыходзіць. Я змяніла імя жанчыны, якую ведаю болш за 20 год. Але гісторыя гэта адбылася ў Смілавічах. Галіна гадавала дзяцей адна. Гэта заўсёды нялёгка, а ў неспакойныя 90-я было невыносна цяжка. Аднойчы яна, сумна паглядаючы на вітрыну з мясным фаршам, прайшла міма. Слёзы засланілі вочы. У кашальку ўжо некалькі дзён дзве тысячы і маленькая іконка свяціцеля Мікалая. «Дапамажы мне, Угоднік Божы. Дзяцей карміць трэба, а яшчэ трэба быць з імі ласкавай і вясёлай,»— падумала жанчына. Вырашыла купіць дзве жуйкі «Турба» з выяўкамі машын (малыя сыны збіралі гэткія наклейкі ў спецыяльны альбом). Зноўку адчыніла кашалек, каб узяць тысячу і застыла ў разгубленасці: у руках была новенькая бліскучая 50-тысячная купюра. Быў куплены і фарш і жуйкі. З таго дня Галіна пачала хадзіць у царкву. Кожны раз яна ставіць свечку каля іконы Свяціцеля Мікалая і ў малітоўным паклоне апускаецца на калені. Мне таксама есць аб чым расказаць, але ў наступны раз. У нашым раёне, у горадзе Чэрвені і ў вёсцы Турэц, ўзведзены храмы ў гонар Мікалая Угодніка. Шчыра віншуем з надыходзячым святам прыхажан і ўсіх вернікаў раена.
Велічна ўвысь званы
плывуць.
І сцюдзёны вецер
не пужае.
Несупынна вернікі ідуць
У храм да Цудатворцы Мікалая.
Рушнікі і вышыты
абрус —
Не пазнаць Міколу
немагчыма.
Ён на абразах,
як беларус,
З добрымі, ласкавымі
вачыма.
Павялося так
за шмат вякоў,
Што з любой
нягодаю-бядою
Да яго заўжды народ ішоў.
Суцяшаў Святы
і супакойваў.
Святы Угоднік Божы Мікалай, перасцяражы і пазбаў нас ад злой бяды, уратуй тваімі малітвамі.
Наталля Сівак,
в. Заполле