Святы Мікалай

Духовность

19 снежня — свята, напэўна, самага любімага ў народзе Угодніка Божага Свяціцеля Мікалая, цудатворцы і хуткага дапаможніка ў розных жыццёвых бедствах: і ад патаплення ратаваў, і з глыбіняў марскіх на сушу выносіў, і ад палону і цямніц пазбаўляў, і ад смерці ратаваў. Усякаму ва ўсякай патрэбе быў памочнікам. Той, хто хоць аднойчы звяртаўся да яго за дапамогай, падцвердзіць, як хутка яна прыходзіць. Я змяніла імя жанчыны, якую ведаю болш за 20 год. Але гісторыя гэта адбылася ў Смілавічах. Галіна гадавала дзяцей адна. Гэта заўсёды нялёгка, а ў неспакойныя 90-я было невыносна цяжка. Аднойчы яна, сумна паглядаючы на вітрыну з мясным фаршам, прайшла міма. Слёзы засланілі вочы. У кашальку ўжо некалькі дзён дзве тысячы і маленькая іконка свяціцеля Мікалая. «Дапамажы мне, Угоднік Божы. Дзяцей карміць трэба, а яшчэ трэба быць з імі ласкавай і вясёлай,»— падумала жанчына. Вырашыла купіць дзве жуйкі «Турба» з выяўкамі машын (малыя сыны збіралі гэткія наклейкі ў спецыяльны альбом). Зноўку адчыніла кашалек, каб узяць тысячу і застыла ў разгубленасці: у руках была новенькая бліскучая 50-тысячная купюра. Быў куплены і фарш і жуйкі. З таго дня Галіна пачала хадзіць у царкву. Кожны раз яна  ставіць свечку каля іконы Свяціцеля Мікалая і ў малітоўным паклоне апускаецца на калені. Мне таксама есць аб чым расказаць, але ў наступны раз. У нашым раёне, у горадзе Чэрвені і ў вёсцы Турэц, ўзведзены храмы ў гонар Мікалая Угодніка. Шчыра віншуем з надыходзячым  святам прыхажан і ўсіх вернікаў раена.

 

Велічна ўвысь званы

плывуць.

І сцюдзёны вецер

не пужае.

Несупынна вернікі ідуць

У храм да Цудатворцы Мікалая.

Рушнікі і вышыты

абрус —

Не пазнаць Міколу

немагчыма.

Ён на абразах,

як беларус,

З добрымі, ласкавымі

вачыма.

Павялося так

за шмат вякоў,

Што з любой

нягодаю-бядою

Да яго заўжды народ ішоў.

Суцяшаў Святы

і супакойваў.

Святы Угоднік Божы Мікалай, перасцяражы і пазбаў нас ад злой бяды, уратуй тваімі малітвамі.

 

Наталля Сівак,

в. Заполле

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *