Шаўкуновы козы

Общество

Вось так, дзень пры дні, “шпацыруюць” яны дружным гуртам па асфальтаванай вуліцы Грабянца на пашу, а праз пэўны час — дамоў. Без пастуха, самі па сабе. Калі едзе машына, збочваюць з дарогі, цярпліва прапускаюць транспарт, і, пераканаўшыся, што няма небяспекі, зноў працягваюць свой шлях. Упэўнена накіроўваюцца да знаёмай  брамы — і ўсе дваццаць адразу хуценька бягуць у гаспадарскі двор. Быццам ім на вуха хто каманды дае: спыніся, ідзі, павярні… Ну, чым ні дзіва?

Услед за імі наведалася да гаспадароў і я. Маладая спадарыня Юлія Шаўкун, пачуўшы пра дысцыплінаваныя паводзіны сваіх паслухмяных коз, задаволена заўсміхалася:

— Прывучаныя. Сем гадоў трымаем. Першую казу купілі, калі сын Уладзіслаў нарадзіўся. Цяпер дзесяць дойных і дзесяць маладых козачак. Раней па чарзе з мужам праводзілі іх на пашу і дамоў. Вучылі ўступаць дарогу  транспарту.  А зараз за парадкам сочыць наша галоўная каза — Дуся.  Ёй увесь статак падпарадкоўваецца. Яна і дамоў яго прыводзіць. Вельмі клапатлівая каза, усе ядуць траву, а Дуся сцеражэ, пільна сочыць, каб сабакі не напалохалі.

— Нашы козы — ручныя,— працягвае расповед Юля. — За мной следам ходзяць як сабачкі. Маленькія дык тыя ўвогуле могуць у хату забегчы. Сын любіць з імі бавіцца. А мне, бывае, даводзіцца малых самой з соскі карміць. Яны, як дзеці, радуюцца, слухаюцца.

Я сама з Барысава, ніколі не думала, што буду даглядаць коз. Цяпер за паўгадзіны шэсць  падаіць паспяваю — так налаўчылася. А напачатку складана было. Навыкі даення самастойна асвойвала… Казінае малако і смачнае, і карыснае. Асабіста мне  яно падабаецца. Сыр навучылася рабіць —  частую знаёмых, родных — усім смакуе.

Нядаўна вазіла казінае малако свайму чатырохмесячнаму пляменніку ў Барысаў — пераносіць добра, а вось каровіна піць не можа.  Спецыялісты сцвярджаюць, што бялкі казінага малака нагадваюць бялкі жаночага — і таму яно лягчэй усвайваецца

Не толькі пра карысныя, а нават і пра лекавыя ўласцівасці казінага малака гаспадыня можа расказваць шмат — чытала дастаткова літаратуры, у інтэрнэце цікавілася. І дзівіцца, калі хтосьці заўважае, што малако тлустае ці нейкае асаблівае на смак, сама яна гэтага не адчувае.

Раіць карміць казіным малаком дзетак, дарослым ужываць, калі тыя маюць значныя фізічныя нагрузкі, прыкладаюць намаганні, каб пазбавіцца лішняй вагі, пры гастрыце, дыябеце. З цікавасцю слухала я маладую жанчыну і ўзгадала сваю бабулю, якая мела доўгія, прыгожыя валасы. Памятаю, мыла яна іх казіным малаком. Мне, унучцы, раіла гэтым народным сродкам карыстацца. І піць казінае малако давала. Я, калі не ведала, што яно казінае, піла, а калі дазналася — адмаўлялася. Сама не ведаю чаму. А дарэмна…

Эма Мікульская

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *