ПЕДАГОГІ І ДЗЕЦІ ВЫБІРАЮЦЬ ПАТРЫЯТЫЗМ, ІНІЦЫЯТЫВУ, ІНТЭЛЕКТ І ТВОРЧАСЦЬ

Общество

Падчас сёлетняй жнівеньскай педканферэнцыі хапала яркіх і прыемных момантаў. Тут знайшлося месца шчырым усмешкам і сур’ёзным тэмам, словам падзякі і наказу… Падводзіліся вынікі, акрэсліваліся задачы на новы навучальны год… Ну, а сама канферэнцыя па тэме «Патрыятызм, ініцыятыва, інтэлект і творчасць як стратэгія і тактыка развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі» складалася з некалькіх паяднаных між сабой частак. Далей пра кожную — падрабязней…

ПАРАД

Другі год запар настаўнікі і выхавальнікі, дырэктары і загадчыкі ўстаноў адукацыі, супрацоўнікі аддзела адукацыі райвыканкама збіраюцца на адмыслова адрамантаванай цэнтральнай плошчы Чэрвеня, каб прывітаць юных удзельнікаў параду дзіцячых і моладзевых ініцыятыў, якія дасягнулі пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў і пры падтрымцы бацькоў значных поспехаў.

На мерапрыемства завіталі старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Іван Муха, намеснік дырэктара Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Ганна Аверына, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька, начальнік аддзела адукацыі Ларыса Асановіч, начальнік аддзела па справах моладзі Таццяна Нагорная, начальнік Чэрвеньскага РАУС Аляксей Пратаповіч, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіль Бойка, намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, дырэктар Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Святлана Кур’янчык.

Распачалі парад самыя маленькія — выхаванцы дашкольных устаноў. Яны ўжо нароўні са школьнікамі ўдзельнічаюць і ў конкурсе доследных работ, і ў фестывалі дзіцячай творчасці… Прычым не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.

Пад аповеды вядучых — Рамана Карасцялёва і Кацярыны Асадулаевай — пра дасягненні таленавітых, ініцыятыўных, інтэлектуальных, працалюбівых школьнікаў урачыста прайшліся перад прысутнымі пераможцы і прызёры раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, пераможцы і прызёры навукова-практычнай канферэнцыі, творчых конкурсаў, удзельнікі інтэлектуальных каманд, сябры Беларускай асацыяцыі інтэлектуальных клубаў, лепшыя юныя спартсмены Чэрвеньскага раёна, прадстаўнікі дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, удзельнікі жніва, сябры грамадскага аб’яднання «Беларуская маладзёжная арганізацыя юных выратавальнікаў-пажарных», удзельнікі атрадаў юных інспектараў руху, юныя эколагі раёна, сябры школьных лясніцтваў…

Да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Іван Муха. Ён падзякаваў педагогам і вучням за талент, энергічнасць, ініцыятыўнасць, творчы падыход да справы, павіншаваў з пачаткам новага навучальнага года і ўзнагародзіў лепшых.

За высокае прафесійнае майстэрства, плённую арганізацыйна-кіраўніцкую дзейнасць Падзячныя лісты старшыні райвыканкама атрымалі: дырэктар СШ №3 г.Чэрвеня Ніна ТУР, загадчыца Азёрнаўскага д/с Ганна КРЫВІЦКАЯ, галоўны бухгалтар аддзела адукацыі Ірына КРАПІЎНАЯ.

За актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі «Ураджай-2012» Падзячныя лісты старшыні райвыканкама ўручаны: вучням Новазелянкоўскага д/с-СШ — Паўлу ЛАЎРЫКУ, Аляксандру НЯБОРСКАМУ, Івану ЗЫЛЮ, Руднянскага д/с-СШ — Антону ЦІХАНОВІЧУ і Уладзіславу ШЧУРКУ. Узнагароды ад старшыні райвыканкама распачалі цэлую серыю заахвочванняў, у тым ліку — і падарункамі (ў дадатак да дыпломаў і грамат). Начальнік аддзела адукацыі Ларыса Асановіч узнагародзіла Дыпломамі актывістак дзіцячага і моладзевага руху — вучаніцу СШ №2 г.п.Смілавічы Анастасію ЧАРНУШЭВІЧ і СШ №4 г.Чэрвеня — Кацярыну ПАДАЛЯКА.

Начальнік Чэрвеньскага РАУС Аляксей Пратаповіч узнагародзіў Падзячнымі лістамі актывістаў разнастайных мерапрыемстваў па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Іх атрымалі: атрад юных інспектараў руху СШ №1 г.п.Смілавічы, каманда Клуба вясёлых і знаходлівых юных інспектараў руху СШ №4 г.Чэрвеня, удзельнікі алімпіяды па правілах дарожнага руху: Дзмітрый ПАЎЛОВІЧ (гімназія №1 г.Чэрвеня), Кірыл БАЧЫЛА (СШ №4 г.Чэрвеня), Дзмітрый ШЫШОНАК (Хутарскі д/с-СШ). А яшчэ Аляксей Пратаповіч уручыў Дыпломы УДАІ УУС Мінаблвыканкама пераможцам і прызёрам дзіцячага творчага конкурсу «Выконваем законы дарог»: Анастасіі ЯЎСЕЕНКА (Руднянскі д/с-СШ), Анастасіі СЯМАШКА і Арцёму ЖАБУРДЗЁНКУ (Цэнтр дзіцячай творчасці г.Чэрвеня).

З рук начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіля БОЙКІ Дыпломы атрымалі вучні, якія прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах па пажарнай бяспецы. Гэта Дыяна ЖЫЛЯНОК (Хутар), Аляксандр ВОЛЬСКІ (Валевачы), Аліна ЛУК’ЯНАВА (Рудня), Радыён ГАЙДУК (Турэц).

Намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец адзначыла Дыпломамі актыўных юных лесаводаў, сяброў школьных лясніцтваў: Ганну ДРАБЕНЯ і Ілью ШЧУРКА з СШ №4 г.Чэрвеня, Дзмітрыя НАХАМЧЫКА і Яўгена КАЛТОВІЧА з Руднянскага д/с-СШ, Ганну ДЗМІТРУК і Паліну БАБІЦКУЮ з Раваніцкага д/с-СШ.

Дыпломы аддзела фізкультуры, спорту і турызму з рук дырэктара спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Святланы Кур’янчык атрымалі лепшыя спартсмены: Алена ЛОГІНАВА (дарэчы, ёй прысвоена званне кандыдата ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы!), Аляксандра ЗАХОЖАЯ, Дзмітрый КАЧАТКОЎ з СШ №4 г.Чэрвеня, Вераніка МАСТОЎСКАЯ з СШ №2 г.Чэрвеня, Павел МАРОЗАЎ і Аляксей ЛУЦЭВІЧ з гімназіі №1 г.Чэрвеня.

Скончыўся парад урачыстым шэсцем па цэнтральнай вуліцы Чэрвеня — у накірунку раённага цэнтра культуры і адпачынку, дзе педагогаў чакала пленарнае пасяджэнне…

ВЫСТАВА

Але напачатку ўсіх у фае сустракала выстава, падрыхтаваная ўстановамі адукацыі Чэрвеньшчыны. Чаго тут толькі ні было! Да традыцыйных штогадовых кветкавых кампазіцый далучыліся матэрыялы пра знакамітых ураджэнцаў Чэрвеньскага раёна. Прыцягваў увагу з густам аформлены стэнд, прысвечаны нашаму земляку, пісьменніку Мікалаю Вяршыніну. А яшчэ тут дэманстраваліся хлебабулачныя вырабы, кампазіцыі ў выглядзе кніг з розных матэрыялаў… Вельмі цікава глядзеліся тамы і рукапісы пад старажытнасць, заўсёды прывабныя сялянскія матывы на кніжных старонках, кнігі казачныя, кветкавыя і нават… салодкія!

Сапраўды, няма мяжы фантазіі, няма стомы ўмелым рукам!

ПЛЕНАРНАЕ

Нетрадыцыйна распачалося і ўласна пленарнае пасяджэнне, якое разам з выставаю нагадала ўсім, што 2012 год — гэта Год кнігі ў Рэспубліцы Беларусь. Сёлета сярод шматлікіх акцый, выстаў, тэматычнага прагляду ды іншых мерапрыемстваў ладзіўся абласны конкурс «Кніга сваімі рукамі». У яго рамках такі ж арганізавалі і ў нашым раёне. А вырабы прадставілі ў фае. Са сцэны прагучалі прозвішчы творцаў, якімі па праву ганарыцца Ігуменшчына-Чэрвеньшчына. Гэта Міхаіл Пянкрат, Эдуард Ярашэвіч, Уладзімір Ляўданскі, Мікалай Вяршынін… І наш сучаснік — настаўнік, сябра пісьменніцкага Саюза Генадзь Аўласенка.

Як слушна заўважылі вядучыя, наша жыццё падобнае да вялікай кнігі. А кожны новы год, новы дзень пачынаецца з новай старонкі. Праз пэўны перыяд чалавек разгортвае кнігу, каб даць ацэнку таму, што было, зрабіць вывады, спланаваць будучае…

З вынікамі работы сістэмы адукацыі па рэалізацыі асноўных накірункаў адукацыйнага працэсу і задачамі на новы навучальны год прысутных пазнаёміла начальнік аддзела адукацыі Ларыса Асановіч. Падчас пленарнага выступілі таксама дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы Ала Шыдлоўская, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька, намеснік дырэктара Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Ганна Аверына, начальнік Чэрвеньскага РАУС Аляксей Пратаповіч. Асноўныя тэзісы іх выступленняў мы мяркуем друкаваць на старонках «Раённага весніка».

Сярод падвядзення вынікаў мінулага навучальнага года знайшлося месца і для ўзнагарод. Тут ушаноўвалі лепшых педагогаў.

Граматы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама атрымалі: настаўніца пачатковых класаў СШ №2 г.Чэрвеня Ірына НЕВЯРОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №4 г.Чэрвеня Аліна АЗЯЎЧЫКАВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №2 г.п.Смілавічы Адам ІЛЬЯСЕВІЧ, настаўнік гісторыі Запольскай школы Віталь ПАЛЯЧКОЎ, дырэктар Вайнілаўскай БШ Кувандык САЛАЕЎ.

Падзякі начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама аб’яўлены: намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 г.п.Смілавічы Марыне БОРТНІК, дырэктару Лядзенскага д/с-СШ Ірыне ЗМАЧЫНСКАЙ, дырэктарам Цэнтраў дзіцячай творчасці: г.Чэрвеня — Люцыі ДУЖАВАЙ, г.п.Смілавічы — Але ШЫДЛОЎСКАЙ, загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вользе ЛОСІК і метадысту Святлане КАЧЭРСКАЙ, вядучаму спецыялісту апарату ўпраўлення аддзела адукацыі Наталлі АШЭЙЧЫК.

Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі райвыканкама ўзнагароджаны: настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №4 г.Чэрвеня Ларыса НЯБОРСКАЯ, настаўніца пачатковых класаў СШ №4 г.Чэрвеня Алена ПІСКУН, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Лядзенскага д/с-СШ Георгій БАБІЧ, настаўнік нямецкай мовы Турэцкага д/с-БШ Мікалай КАЗІМЕРЧЫК.

Усім прысутным прапанавалі азнаёміцца з праектам рэзалюцыі педканферэнцыі на сайце аддзела адукацыі.

КАНЦЭРТ

На завяршэнне педагагічнага форуму перад яго ўдзельнікамі выступілі таленавітыя дзеці. Адметны сцэнарый распрацавалі ў Цэнтры дзіцячай творчасці г.Чэрвеня. Усе нумары аб’ядналіся, дзякуючы вядучым — Мастаку (Яўген Грамадскі) і яго Музе (Ксенія Кучук). Гледачы захоплена назіралі за тонкасцю, артыстычнасцю іх гульні на сцэне. Здавалася, паветра звінела ад пяшчоты, дабрыні, натхнення і яшчэ чагосьці няўлоўнага, але такога прыемнага сэрцу… Вось такія таленты трэба выводзіць на вялікую сцэну!

Цудоўнымі галасамі захаплялі Надзея Буднік, Наталля Грашавікова, Юлія Кішко, Анастасія Барысёнак, Ганна Лагуцкая. Кранальным танцам (суцэльнае замілаванне!) — дзяўчаткі з ясляў-сада №6 г.Чэрвеня. Наколькі пасавалі песні «Вышыта сарочка» і ім самім строі, вяночкі на галоўках… А гэтыя то ўсмешлівыя, то сур’ёзныя тварыкі, плаўныя рухі, стараннасць і пластычнасць… Ніхто не застаўся абыякавым да дзейства, якое разгортвалася на сцэне! Шчодра дарылі апладысменты гледачы і групе «Next», якая запальвала залу то рок-н-ролам, то «беларускім пераплясам»…

Апошні нумар канцэртнай праграмы — кранальная песня пра анёла-ахоўніка, якую выканаў малады спецыяліст Цэнтра дзіцячай творчасці г.Чэрвеня Раман Карасцялёў. Яму, а таксама ўсім юным талентам, якія выйшлі на сцэну, зала апладзіравала стоячы…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *