Штодня — пешыя вандроўкі па вуліцах горада

Общество

Цікава і змястоўна адпачываюць вучні ў летнім аздараўленчым лагеры, які назвалі “Ігумяняты”. Кожны іх дзень насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі.

Разам з настаўнікамі, якія працуюць на пляцоўцы, і начальнікам лагера Валянцінай Канстанцінаўнай Зыль яны аформілі прыгожыя стэнды. На адным з іх — інфармацыя пра два атрады “Пчолкі” і “Мядок”. На другім – рэжым дня, правы дзяцей, а таксама законы і правілы паводзін у лагеры. На трэцім – вялікая карта Чэрвеня, які падзелены на раёны. Яна прысвечана галоўнаму праекту аздараўленчага лагера — “Горад Чэрвень: учора і сёння”. Гэта гульня-вандроўка. Вучні штодня выходзяць у пешыя экскурсіі па гораду, вывучаюць вуліцы, даведваюцца аб славутасцях, якія мелі дачыненне да іх. А потым адзначаюць маршрут свайго пахода на карце, прымацоўваюць фотаздымкі месцаў наведвання і абазначаюць на карце тыя, дзе пабылі.
Дарэчы, дзеці маюць намер выйсці з прапановай да адміністрацыі горада аб тым, каб на таблічках, дзе пазначаны сучасныя назвы вуліц, былі дапісаны і іх гістарычныя назвы. Гэта дзеля таго, каб жыхары горада не забывалі сваю гісторыю і дакрануцца да яе мелі б магчымасць і госці Чэрвеня. 
Акрамя таго, для дзяцей настаўнік фізічнай культуры Людміла Анатольеўна Няхай ладзіць шмат спартыўных мерапрыемстваў, гульняў на свежым паветры. Дзеці з задавальненнем вучацца гуляць у шахматы, чытаюць. І, канешне, арганізавана добрае аздараўленчае харчаванне.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *