ЧЭРВЕНЬСКУЮ МІЛІЦЫЮ ЎЗНАЧАЛІЎ АЛЯКСЕЙ ПРАТАПОВІЧ

Местная власть

Загадам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на пасаду начальніка Чэрвеньскага раённага аддзела ўнутраных спраў прызначаны маёр міліцыі Аляксей Пратаповіч.

Аляксей Аляксандравіч Пратаповіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў вёсцы Дружычы Валожынскага раёна. У 2000 годзе скончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Працоўную дзейнасць пачаў з пасады следчага ў аддзяленні па Крупскаму раёну ўпраўлення Следчага камітэта пры МУС РБ па Мінскай вобласці. У далейшым працаваў следчым па асоба важных справах, старшым следчым, старшым следчым па асоба важных справах ва ўпраўленні следчага камітэта МУС РБ па Мінскай вобласці, старшым следчым па асоба важных справах, намеснікам начальніка аддзела папярэдняга расследавання ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. З 2008 года да прызначэння на пасаду начальніка Чэрвеньскага РАУС быў намеснікам начальніка ўпраўлення дазнання — начальнікам аддзела лінейнага кантролю папярэдняга расследавання ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Сёлета Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» 3-й ступені.

 

У першы дзень працы на новай пасадзе Аляксей Пратаповіч даў экспрэс-інтэрв’ю «Раённаму весніку».

 

—Аляксей Аляксандравіч, якія галоўныя задачы стаяць сёння перад нашай міліцыяй?

— Зараз усе органы ўнутраных спраў, і не толькі Чэрвеньскі РАУС, свае намаганні накіроўваюць на максімальнае аказанне дапамогі людзям, якія па тых ці іншых прычынах звярнуліся да нас. Гэта і пацярпелыя, і тыя хто афармляе пашпарт, рэгіструе зброю. Другі накірунак — прафілактыка злачынстваў, найперш — у аграпрамысловым комплексе (крадзяжы з фермаў, перапрацоўчых прадпрыемстваў). І трэцяе — рэалізацыя мерапрыемстваў, прадугледжаных Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, якая зноў такі асноўны ўпор робіць на тое, каб стварыць максімальна бяспечныя ўмовы жыцця ў краіне.

— А якія найбольш актуальныя праблемы для міліцыі на раённым узроўні?

— Я сказаў бы, што галоўная з іх — сельская мясцовасць. Бо менавіта там, а не ў Чэрвені здзяйсняецца больш за палову ўсіх злачынстваў. Таму больш ўвагі будзем звяртаць на працу ўчастковых інспектараў міліцыі, якія павінны быць першымі памочнікамі людзей на вёсцы.Праблемны ўчастак таксама — гарадскі пасёлак Смілавічы, дзе знаходзяцца дзве вялікія навучальныя ўстановы. Ну, і бяспека на дарогах: у прыватнасці, пастаянная наяўнасць пешаходаў на шашы «Мінск-Магілёў» на сёння — вялікая праблема.

— Як вядома, у Слуцкім і шэрагу іншых раёнаў Мінскай вобласці зараз праводзіцца эксперымент па забароне гандлю пладова-ягаднымі вінамі. Як Вы ставіцеся да яго, і ці не варта было б распаўсюдзіць такі вопыт на Чэрвеньшчыну?

— Што да нашага раёна, то я пакуль яшчэ дасканала не вывучыў гэтую праблему. У прыватнасці, трэба прааналізаваць, якія на Чэрвеньшчыне аб’ёмы продажу спіртнога. А ўвогуле дзеянні аблвыканкама ў гэтым накірунку падтрымліваю. Зразумела, забарона на продаж таннага віна выклікае ўсплеск самагонаварэння. Але з гэтым злом, як і раней, будзем жорстка змагацца.

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *