Музей Турэцкай школы ўражвае ўсім. Плошчай экспазіцыі, хаця яго стваральнікам яна здаецца недастатковай. Багаццем сабранага матэрыялу, які ўяўляе сабою вялікую духоўную каштоўнасць. Удалым размяшчэннем прадметаў, рэчаў, фотаздымкаў. А найбольш уражвае і здзіўляе непадробная цікавасць да гісторыі Турца, простых вяскоўцаў і педагогаў, школы, перыяду Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнкі Брагіншчыны, настаўніцы гісторыі і геаграфіі, сённяшняй апякункі музея Валянціны Іванаўны Уласавец.
Яе захоплены аповед настолькі яркі і эмацыянальны, што перад вачыма адразу ж паўстаюць малюнкі побыту даўнейшых часоў. І ты падоўгу затрымліваешся ля кожнай рэчы, фотаздымка, з цікавасцю разглядаеш іх і задуменна стаіш, прасякнуты адчуваннем еднасці з мінулым…
Тры пакоі мае музей Турэцкай школы. Першы прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, другі — этнаграфіі, трэці — гісторыі школы. Тры перыяды, тры адметнасці жыцця прадстаўлены тут. Цікавая і сама гісторыя стварэння музея, які, аказваецца, налічвае ўжо не адно дзесяцігоддзе.
— Спачатку ён знаходзіўся не ў школе, — тлумачыць Валянціна Уласавец. — Там, дзе цяпер царква, калісьці была музычная школа. А да яе — музей. Ім загадваў Іван Яўгенавіч Маліноўскі, які меў пасаду ў калгасе. Зборам усяго матэрыялу займаўся ён і наша піянерважатая Ніна Іванаўна Дудкіна (Карэнская). У школе быў створаны атрад «Пошук», удзельнікі якога таксама шмат чаго даследавалі і сабралі. Ніна Іванаўна звязалася з ваенкаматам, з ветэранамі таго палка, які вызваляў Турэц. Дзякуючы ёй, яны пачалі прыязджаць сюды. Асабліва часта — Іван Захаравіч Галенчык, які жыў у Мінску. Ён збіраў звесткі пра сваіх аднапалчан, арганізоўваў прыезды ў Турэц. А затым музей вырашылі перанесці ў школу. Яго загадчыцай стала Ніна Іванаўна Дудкіна. Яна працягнула работу па збору матэрыялаў, фотаздымкаў. Калі дырэктарам школы прыйшоў Уладзімір Мікалаевіч Конік, то ён узяўся за афармленне музея. Усе стэнды, фотаздымкі, экспазіцыі — яго. У гэтай школе я працую з 1989 года. Апекавацца над музеем узялася гадоў дзесяць таму — як настаўнік гісторыі. Апрача збору матэрыялаў і афармлення экспазіцыі, разам з дзецьмі даглядаем тры помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны…
Зрабіўшы кароткі экскурс у гісторыю музея, Валянціна Іванаўна прапануе бліжэй пазнаёміцца з трыма яго пакоямі. «Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны» — так называецца першы. Каскі, кулямётныя стужкі, біклага ды іншае… Рэчы з Вялікай Айчыннай вайны — сведкі вогненных саракавых… Іх у свой час перадалі ў музей жыхары вёсак Гарадзішча і Крыніца, дзе ішлі вызваленчыя баі. Фрагмент аднаго прадстаўлены ў музеі. Шматлікія фотаздымкі знаёмяць з воінамі 472-га гаўбічнага артылерыйскага палка, якія вызвалялі Турэц, і землякамі — тымі, хто вярнуўся з перамогай і хто загінуў за Радзіму. З новага тут — сучасны стэнд для зменных экспазіцый. Як патлумачыла Валянціна Уласавец, вельмі карысная рэч. Правёў экскурсію — памяняў тэматыку…
— Шкада толькі, што кудысьці знікла перапіска Ніны Іванаўны з ветэранамі, — уздыхае загадчыца музея. — А ўвесь матэрыял у мяне ёсць. Даўней жа настаўнікі з дзецьмі хадзілі па вёсцы, занатоўвалі ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай…
У этнаграфічным пакоі ўвагу адразу ж прыцягвае арыгінальнае афармленне за шклянымі дзвярыма шафаў — калекцыя вышыванак, аздобленая клубкамі самаробных нітак. Менавіта гэта стварае тут атмасферу хатняй утульнасці. У пакоі размешчаны таксама шматлікія рэчы сялянскага побыту, якія дужа цікавяць дзяцей.
— Падпісваем іх для таго, каб вучні маглі самі прачытаць, а пасля задаваць пытанні, — тлумачыць Валянціна Уласавец. — Бо на слых назвы зусім не так успрымаюцца… З цягам часу мяркуем і тут устанавіць стэнды. І ўвогуле, па пераафармленню музея ў нашага дырэктара, Антаніны Анатольеўны Даўгалявец, шмат планаў і задум… А я яшчэ і да гэтага часу хаджу па вёсцы, збіраю старыя рэчы. Бывае, адразу камусьці штосьці шкада аддаць, а праз некаторы час усё ж згаджаецца… Дарэчы, Ніна Іванаўна Дудкіна часта да нас прыходзіць. Я з ёю заўсёды раюся, прашу дапамагчы. Яна шмат каго з мясцовых ведае, можа падказаць, у каго штосьці маецца з таго, што ўяўляе цікавасць для музея. Такую ж дапамогу аказвае мне і намеснік старшыні ААТ «10 з’езд Саветаў» па ідэалагічнай рабоце Таццяна Рак. У Турцы ёсць яшчэ як мінімум два ткацкія станы, адзін — на гарышчы яе хаты. Але ж у нас няма вольнай плошчы, каб яго паставіць…
Шмат карыснага матэрыялу знаходзіцца ў трэцім музейным пакоі, які знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй Турэцкай школы. Тут звяртае на сябе ўвагу здымак, які адлюстроўвае будынак школы з 1949 па 1975 год. За той час адукацыю ў ім атрымалі 729 вучняў.
— Памяшканне яе захавалася, — зазначае Валянціна Іванаўна Уласавец, — толькі цяпер гэта жылы будынак, абкладзены цэглай і падзелены на кватэры. Наколькі ўдалося высветліць з успамінаў старажылаў, да 1938 года дзеці хадзілі ў школу ў Дукору. А затым ужо яе адчынілі ў Турцы. У 1942 годзе немцы хацелі ў будынку размясціць гарнізон. Але партызаны прадбачылі гэта і самі спалілі школу… Турэц, кажуць, была вёска такая: удзень — немцы, уначы — партызаны… Да 1949 года дзеці вучыліся па хатах. А пасля ўжо гэты будынак, што на здымку, аддалі пад школу. Дзесьці напрыканцы 60-х зрабілі прыбудову. А ў гэты будынак школа пераехала ў 1975 годзе.
Ёсць у музейным пакоі і шматлікія фотаздымкі педагагічнага калектыву ў розныя гады. Для таго, каб высветліць прозвішчы, Валянціна Уласавец таксама звярталася па дапамогу да мясцовых жыхароў. Цікавыя звесткі маюцца ў музеі па дырэктарах установы адукацыі. Гісторыя захавала 17 іх прозвішчаў і тых, хто ў розныя часы педагогамі працавалі.
Захоўваецца тут альбом пра дзейнасць піянерскай дружыны імя Паўліка Марозава, тагачасныя піянерскія сцягі, кнігі, сцэнарыі ўсіх мерапрыемстваў, выразкі з газет пра Турэцкую школу (пераважная большасць — з нашай «раёнкі») і шмат чаго іншага.
Валянціна Іванаўна Уласавец вядзе таксама музейны гурток. Штогод у яго — розныя накірункі дзейнасці, розныя назвы. Летась гэта быў «Юны краязнаўца», сёлета — «Музеязнаўства»…
Зроблена ўжо вельмі шмат. І шмат мяркуюць яшчэ зрабіць энтузіясты музейнай справы. Для сябе, для нашчадкаў пішуць тут летапіс вёскі, мясцовай гаспадаркі, школы…
Святлана АДАМОВІЧ.
Фота аўтара