ТРЫ МУЗЕЙНЫЯ ПАКОІ — ТРЫ АДМЕТНАСЦІ ЖЫЦЦЯ

Общество

Музей Турэцкай школы ўражвае ўсім. Плошчай экспазіцыі, хаця яго стваральнікам яна здаецца недастатковай. Багаццем сабранага матэрыялу, які ўяўляе сабою вялікую духоўную каштоўнасць. Удалым размяшчэннем прадметаў, рэчаў, фотаздымкаў. А найбольш уражвае і здзіўляе непадробная цікавасць да гісторыі Турца, простых вяскоўцаў і педагогаў, школы, перыяду Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнкі Брагіншчыны, настаўніцы гісторыі і геаграфіі, сённяшняй апякункі музея Валянціны Іванаўны Уласавец.

 

Яе захоплены аповед настолькі яркі і эмацыянальны, што перад вачыма адразу ж паўстаюць малюнкі побыту даўнейшых часоў. І ты падоўгу затрымліваешся ля кожнай рэчы, фотаздымка, з цікавасцю разглядаеш іх і задуменна стаіш, прасякнуты адчуваннем еднасці з мінулым…

Тры пакоі мае музей Турэцкай школы. Першы прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, другі — этнаграфіі, трэці — гісторыі школы. Тры перыяды, тры адметнасці жыцця прадстаўлены тут. Цікавая і сама гісторыя стварэння музея, які, аказваецца, налічвае ўжо не адно дзесяцігоддзе.

— Спачатку ён знаходзіўся не ў школе, — тлумачыць Валянціна Уласавец. — Там, дзе цяпер царква, калісьці была музычная школа. А да яе — музей. Ім загадваў Іван Яўгенавіч Маліноўскі, які меў пасаду ў калгасе. Зборам усяго матэрыялу займаўся ён і наша піянерважатая Ніна Іванаўна Дудкіна (Карэнская). У школе быў створаны атрад «Пошук», удзельнікі якога таксама шмат чаго даследавалі і сабралі. Ніна Іванаўна звязалася з ваенкаматам, з ветэранамі таго палка, які вызваляў Турэц. Дзякуючы ёй, яны пачалі прыязджаць сюды. Асабліва часта — Іван Захаравіч Галенчык, які жыў у Мінску. Ён збіраў звесткі пра сваіх аднапалчан, арганізоўваў прыезды ў Турэц. А затым музей вырашылі перанесці ў школу. Яго загадчыцай стала Ніна Іванаўна Дудкіна. Яна працягнула работу па збору матэрыялаў, фотаздымкаў. Калі дырэктарам школы прыйшоў Уладзімір Мікалаевіч Конік, то ён узяўся за афармленне музея. Усе стэнды, фотаздымкі, экспазіцыі — яго. У гэтай школе я працую з 1989 года. Апекавацца над музеем узялася гадоў дзесяць таму — як настаўнік гісторыі. Апрача збору матэрыялаў і афармлення экспазіцыі, разам з дзецьмі даглядаем тры помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны…

Зрабіўшы кароткі экскурс у гісторыю музея, Валянціна Іванаўна прапануе бліжэй пазнаёміцца з трыма яго пакоямі. «Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны» — так называецца першы. Каскі, кулямётныя стужкі, біклага ды іншае… Рэчы з Вялікай Айчыннай вайны — сведкі вогненных саракавых… Іх у свой час перадалі ў музей жыхары вёсак Гарадзішча і Крыніца, дзе ішлі вызваленчыя баі. Фрагмент аднаго прадстаўлены ў музеі. Шматлікія фотаздымкі знаёмяць з воінамі 472-га гаўбічнага артылерыйскага палка, якія вызвалялі Турэц, і землякамі — тымі, хто вярнуўся з перамогай і хто загінуў за Радзіму. З новага тут — сучасны стэнд для зменных экспазіцый. Як патлумачыла Валянціна Уласавец, вельмі карысная рэч. Правёў экскурсію — памяняў тэматыку…

— Шкада толькі, што кудысьці знікла перапіска Ніны Іванаўны з ветэранамі, — уздыхае загадчыца музея. — А ўвесь матэрыял у мяне ёсць. Даўней жа настаўнікі з дзецьмі хадзілі па вёсцы, занатоўвалі ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай…

У этнаграфічным пакоі ўвагу адразу ж прыцягвае арыгінальнае афармленне за шклянымі дзвярыма шафаў — калекцыя вышыванак, аздобленая клубкамі самаробных нітак. Менавіта гэта стварае тут атмасферу хатняй утульнасці. У пакоі размешчаны таксама шматлікія рэчы сялянскага побыту, якія дужа цікавяць дзяцей.

— Падпісваем іх для таго, каб вучні маглі самі прачытаць, а пасля задаваць пытанні, — тлумачыць Валянціна Уласавец. — Бо на слых назвы зусім не так успрымаюцца… З цягам часу мяркуем і тут устанавіць стэнды. І ўвогуле, па пераафармленню музея ў нашага дырэктара, Антаніны Анатольеўны Даўгалявец, шмат планаў і задум… А я яшчэ і да гэтага часу хаджу па вёсцы, збіраю старыя рэчы. Бывае, адразу камусьці штосьці шкада аддаць, а праз некаторы час усё ж згаджаецца… Дарэчы, Ніна Іванаўна Дудкіна часта да нас прыходзіць. Я з ёю заўсёды раюся, прашу дапамагчы. Яна шмат каго з мясцовых ведае, можа падказаць, у каго штосьці маецца з таго, што ўяўляе цікавасць для музея. Такую ж дапамогу аказвае мне і намеснік старшыні ААТ «10 з’езд Саветаў» па ідэалагічнай рабоце Таццяна Рак. У Турцы ёсць яшчэ як мінімум два ткацкія станы, адзін — на гарышчы яе хаты. Але ж  у нас няма вольнай плошчы, каб яго паставіць…

Шмат карыснага матэрыялу знаходзіцца ў трэцім музейным пакоі, які знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй Турэцкай школы. Тут звяртае на сябе ўвагу здымак, які адлюстроўвае будынак школы з 1949 па 1975 год. За той час адукацыю ў ім атрымалі 729 вучняў.

— Памяшканне яе захавалася, — зазначае Валянціна Іванаўна Уласавец, — толькі цяпер гэта жылы будынак, абкладзены цэглай і падзелены на кватэры. Наколькі ўдалося высветліць з успамінаў старажылаў, да 1938 года дзеці хадзілі ў школу ў Дукору. А затым ужо яе адчынілі ў Турцы. У 1942 годзе немцы хацелі ў будынку размясціць гарнізон. Але партызаны прадбачылі гэта і самі спалілі школу… Турэц, кажуць, была вёска такая: удзень — немцы, уначы — партызаны… Да 1949 года дзеці вучыліся па хатах. А пасля ўжо гэты будынак, што на здымку, аддалі пад школу. Дзесьці напрыканцы 60-х зрабілі прыбудову. А ў гэты будынак школа пераехала ў 1975 годзе.

Ёсць у музейным пакоі і шматлікія фотаздымкі педагагічнага калектыву ў розныя гады. Для таго, каб высветліць прозвішчы, Валянціна Уласавец таксама звярталася па дапамогу да мясцовых жыхароў. Цікавыя звесткі маюцца ў музеі па дырэктарах  установы адукацыі. Гісторыя захавала 17 іх прозвішчаў і тых, хто ў розныя часы педагогамі  працавалі.

Захоўваецца тут альбом пра дзейнасць піянерскай дружыны імя Паўліка Марозава, тагачасныя піянерскія сцягі, кнігі, сцэнарыі ўсіх мерапрыемстваў, выразкі з газет пра Турэцкую школу (пераважная большасць — з нашай «раёнкі») і шмат чаго іншага.

Валянціна Іванаўна Уласавец вядзе таксама музейны гурток. Штогод у яго — розныя накірункі дзейнасці, розныя назвы. Летась гэта быў «Юны краязнаўца», сёлета — «Музеязнаўства»…

Зроблена ўжо вельмі шмат. І шмат мяркуюць яшчэ зрабіць энтузіясты музейнай справы. Для сябе, для нашчадкаў пішуць тут летапіс вёскі, мясцовай гаспадаркі, школы…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *