Футбол: чэрвеньскі «Колас» разграміў мар’інагорскую «Вікторыю»

Актуальное Спорт

Геаграфічныя суседзі – прынцыповы і нязручны сапернік для чэрвеньцаў. Сустрэчы з “Вікторыяй” заўсёды няпростыя для “Коласа”. Напрыклад, летась нашы ўзялі ў мар’інагорцаў усяго адно ачко ў чэмпіянаце (1:1 – дома, 0:3 – у гасцях), а таксама ў драматычнай барацьбе саступілі ім шлях у другі кваліфікацыйны раўнд Кубка Беларусі (нічыя – 1:1 і паражэнне па пенальці).

Праўда, у пачатку гэтага сезона “Вікторыя”, якая пазбавілася шэрагу вядучых ігракоў, зорак з неба не хапае. Напярэдадні яна саступіла на сваім полі “Кронану” са Стоўбцаў. Як глядач гэтага матча, магу засведчыць: саступіла па справе і без асаблівых шанцаў. Таму гульню ў Чэрвені мы чакалі з цвёрдым перакананнем, што ўсё для “Коласа” складзецца найлепшым чынам. У выніку так і атрымалася.

У першым сёлетнім матчы чэмпіянату Мінскай вобласці на сваім полі чэрвеньцы, ад пачатку акрэсліўшы гульнявую перавагу,  увасобілі яе ў гол на 16-й хвіліне. Ілья Завадскі пачаў атаку з глыбіні поля, зрабіў перадачу на Аляксандра Каралёва, той прайшоў па праваму флангу, зрабіў прастрэл у штрафную, дзе з мячом сустрэўся Мікіта Шугункоў і скіраваў яго ў сетку варот “Вікторыі” – 1:0. Да перапынку “Колас” меў шанцы яшчэ неаднойчы павялічыць лік, асабліва запомніўся нерэалізаваны стопрацэнтны галявы момант у Дзяніса Сіманчыка, але ў першым тайме лічбы на табло больш не змяніліся.

А вось самы пачатак другой паловы сустрэчы стаў бенефісам для чэрвеньцаў і суцэльным жахам для мар’інагорцаў. На працягу чатырох хвілін мяч тройчы пабываў у варотах “Вікторыі”. Спачатку Віталь Шадурка зрабіў перадачу ў штрафную пляцоўку на Мікіту Шугункова, той прабіў, абаронца гасцей, спрабуючы адвесці небяспеку ад сваіх варот, памыліўся, адбіў мяч дакладна на Шадурку, і Віталь забіў. Затым Шадурка аформіў дубль, скарыстаўшы навес Аляксандра Мінко ў штрафную пляцоўку. Не паспелі ігракі “Вікторыі” пачаць з цэнтра поля, як Ілья Завадскі падабраў адскок пасля ўдару Дзяніса Сіманчыка і зрабіў лік 4:0 на карысць нашых.

Такім чынам, інтрыга ў матчы памерла задоўга да яго заканчэння. Салідны галявы запас даў магчымасць ігракам “Коласа” эканоміць сілы ва ўмовах гарачыні і берагчы ногі для будучых баталій, а трэнерскаму штабу – максімальна выкарыстаць замены.

Балельшчыкі на трыбунах відавочна засумавалі, але каманды прыбераглі для іх некалькі цікавостак на дэсерт. Бліжэй да заканчэння сустрэчы ма’інагорцы двойчы на працягу пары хвілін мелі магчымасць размачыць лік з пенальці. Але ім удалося гэта зрабіць толькі з другой спробы: першы ўдар з адзінаццацімятровай адзнакі адбіў Павел Сіліч. І гэта другі ўзяты нашым галкіперам пенальці ў сёлетнім сезоне.

А потым быў яшчэ і пяты гол “Коласа”: мяч у вароты “Вікторыі” пасля падачы Дзмітрыем Чыстым вуглавога скіраваў цэнтральны абаронца чэрвеньцаў Андрэй Кавальчук.

Цікава, што пасля фінальнага свістка ў раздзявалцы “Коласа” не было занадта вялікай эйфарыі. Разгром “Вікторыі” ўспрымаўся як звычайная справа. Дзякуючы камандзе за гульню, галоўны трэнер Дзяніс Трапашка выказаў меркаванне, што ў групе, дзе гуляюць чэрвеньцы, няма сапернікаў, якіх нельга перамагчы: прайграць можна толькі самім сабе. А вось які каментарый даў ён “Раённаму весніку”:

– Мы ведалі, што ў “Вікторыі” праблемы з саставам, але ўсё адно адказна настройваліся на гульню. Недаацэнкі саперніка не было.

Я не лічыў бы буйны пераможны лік нечаканасцю, бо наша каманда ад пачатку сезона стварае дастаткова галявых момантаў ля варот сапернікаў, справа толькі за іх рэалізацыяй. І менавіта з рэалізацыяй былі праблемы ў першым тайме гульні з “Вікторыяй”. У перапынку сур’ёзна пагутарыў з ігракамі на гэты конт. Як вынік – накаўт саперніка на першых хвілінах пасля перапынку.

Сёння прыкметна ўзмацніў гульню Віталь Шадурка. Зараз ён выступае за міні-футбольны клуб “Мінск”, але знайшоў час і магчымасць прыехаць у Чэрвень. А ўвогуле, самаадана згуляў кожны, хто выходзіў на поле. Радуемся перамозе і рухаемся далей!..

Наступны матч “Колас” правядзе сёння ў Стоўбцах супраць мясцовага “Кронана”, які пасля трох тураў набраў максімальна магчымую колькасць ачкоў.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *