І ў заапарк не трэба: ля Дубаўручча пасвіцца алень

Актуальное Общество

Ужо амаль тыдзень непадалёк ад вёскі Дубаўручча мірна пасвіцца алень.

Днямі яго сфатаграфаваў інжынер па паляўнічай гаспадарцы Чэрвеньскага лясгаса Аляксей Чэрнік.

– Аленю на выгляд каля чатырох гадоў, – распавёў спецыяліст. – Чалавека не асабліва баіцца: мяне падпусціў бліжэй, чым на дзесяць метраў. Я б не сказаў, што ён хворы, хаця і выглядае худаватым. Харчуецца алень рапсам, які расце на полі ўздоўж дарогі.

Паводле слоў Аляксея Чэрніка, звычайна алені ходзяць статкам, а гэты – чамусьці адзін. Магчыма, ён – нашчадак жывёл, якіх калісьці прывезлі з Літвы і гадавалі ў вальеры на ўгоддзях раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Спецыялісты з Мінска параілі Аляксею Чэрніку пакуль што назіраць за аленем. А сам ён раіць усім, хто пабачыць гэтага аленя, не падыходзіць блізка, не спрабаваць гладзіць ці карміць з рук. Усё ж жывёла дзікая, таму яе паводзіны прадказаць цяжка.

Дарэчы, выхады лясных жыхароў у людныя месцы апошнім часам не такая ўжо і рэдкая з’ява на Чэрвеньшчыне. Дастаткова ўзгадаць, што летась ля Ведрыцы, Хутара і Красіна блукаў мядзведзь, а непадалёк ад школы ў Лядах бачылі зубра. Адным словам, і ў заапарк хадзіць не трэба.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *