Не наш дзень: чэрвеньскі «Колас» саступіў «Фалько» ў чэмпіянаце Беларусі па футболу

Актуальное Спорт

Недарэчны гол у пачатку гульні. Нерэалізаваны пенальці. Траўма асноўнага нападаючага. Выдаленне… Мабыць, сцэнарый хатняй сустрэчы “Коласа” з “Фалько” чэрці пісалі.

А зараз – пра ўсё па парадку. Матч з прадстаўнікамі Дзяржынскага раёна па вялікаму рахунку не меў для “Коласа” турнірнага значэння. Нашы датэрмінова забяспечылі сабе месца ў тройцы мацнейшых каманд зоны “Поўнач”, якое дае права прадоўжыць барацьбу за выхад у фінальную частку чэмпіянату. “Фалько” ж мела хаця і даволі прывідны, але шанц ускочыць у апошні вагон у выглядзе трэцяга месца. Ці не адзінай матывацыяй для чэрвеньцаў у такой сітуацыі было не зняславіцца перад сваімі балельшчыкамі. Тым больш, што ў родных сценах “Колас” сёлета не прайграваў.

Першая непрыемнасць для нашых надарылася ўжо на другой хвіліне сустрэчы. Легендарны ветэран каманды Аляксандр Курыловіч, які ў гэтым сезоне ўсе свае матчы згуляў “на нуль”, адбіўшы два пенальці, прапусціў прыкладна з трыццаці метраў. Гэта было вельмі падобным на эпізод гістарычнага для беларускай хакейнай зборнай супрацьстаяння са шведамі на Алімпіядзе-2002, калі галкіпер Томі Сала “глынуў” шайбу ад Уладзіміра Копаця. Тут мяч праслізнуў проста ля рук Аляксандра…

Прапушчаны мяч, натуральна, паўплываў на далейшы малюнак гульні. Гасцям ужо не было патрэбы атакаваць вялікімі сіламі. Яны засяродзіліся на абароне, імкнучыся злавіць нашых на контратацы. У “Коласа”, як звычайна, было безліч шанцаў адыграцца. Атрымлівалася ўсё, акрамя завяршальнага дакладнага ўдару. 

Рэальную магчымасць параўнаць лік чэрвеньцы мелі на 67-й хвіліне гульні, калі ў вароты “Фалько” быў прызначаны пенальці. Але – зноў няўдача. Яўген Елязаранка, які ўжо двойчы ў гэтым сезоне забіваў за “Колас” з “кропкі”, гэтым разам не здолеў перайграць галкіпера гасцявой каманды…

Не прайшло і трох хвілін, як у дзяржынцаў надарылася выдаленне: другую жоўтую картку атрымаў Уладзіслаў Завадскі, той самы, які трапна прабіў у пачатку гульні па варотах Аляксандра Курыловіча.

Аднак пагуляць у большасці нашы змаглі ўсяго восем хвілін. Далей надарылася сутыкненне Віктара Кліміхіна з іграком “Фалько” падчас якога наш асноўны нападаючы атрымаў траўму калена і пакінуў стадыён на машыне “Хуткай дапамогі”. Больш за тое, галоўны арбітр сустрэчы палічыў, што Віктар у гэтым эпізодзе груба парушыў правілы і паказаў яму жоўтую картку, якая была другой у гульні. Саставы каманд, такім чынам, падраўняліся.

Канцоўка гульні прайшла пад дыктоўку нашай каманды. Але нават выхад на замену галоўнага трэнера Дзяніса Трапашкі не дапамог “Коласу” дамагчыся хаця б нічыёй. Госці зацята абараняліся, не саромячыся пры гэтым выбіваць мяч куды далей за межы поля і цягнуць час з дапамогай розных футбольных хітрыкаў.

Адным словам, гэта быў не наш дзень. Наш, будзем спадзявацца, яшчэ наперадзе. І не адзін.

Ужо ў гэтую суботу, 19 жніўня, “Колас” стартуе ў групавым этапе чэмпіянату Беларусі дывізіёна “Мінская вобласць”. Яго першым сапернікам будзе стаўбцоўскі “Кронан”. Гульня адбудзецца на стадыёне Чэрвеньскай СДЮШАР і пачнецца ў 18 гадзін.

 Ігар АДАМОВІЧ

“Колас” (Чэрвень) – “Фалько” (Дзяржынскі раён) – 0:1. 12 жніўня. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 150 гледачоў.
“Колас”: Курыловіч, Музычэнка (Каваленка, 65), Івашкін, Вінцукоўскі, Грыб (Чысты, 65), Асіпенка, Герасёў (Рубін, 57), Клімовіч (Паляшчук, 57), Галюк (Трапашка, 78), Елязаранка, Кліміхін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *