Гаспадаркі Чэрвеньшчыны пераадолелі экватар жніва

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак райсельгасхарчу на ўчарашні дзень, зерневыя і зернебабовыя культуры абмалацілі ў раёне на 54 працэнтах палеткаў. Валавы збор збожжа складае амаль 37 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 30 цэнтнераў з гектара.

Камбайнер Іван Зыль і памочнік камбайнера Уладзімір Вяргейчык

У філіяле “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс” на жніве задзейнічаюць сем камбайнаў: чатыры “Лаверды”, два “ДОНы-1500Б” і “Ліду-1300”. Першым пачалі ўбіраць трыцікале. Гэтая культура дае ў сярэднім па 38 цэнтнераў з гектара. Яшчэ больш умалотная азімая пшаніца – 41 цэнтнер з гектара.

– На пясчаных палетках збажыну сёлета падсушыла, але, нягледзячы на гэта, разлічваем атрымаць блізкі да запланаванага валавы збор зерня – каля сямі тысяч тон, – кажа аграном-насеннявод гаспадаркі Наталля Сахончык.

Камбайнер Сяргей Шчурок і аграном Наталля Сахончык

Засекі “Агра-Бокса” хутка поўняцца збожжам новага ўраджаю. Першым у філіяле больш за тысячу тон яго перавёз вадзіцель Іван Зыль. Пры спрыяльным надвор’і, калі камбайны працуюць на поўную моц, ён робіць да чатырнаццаці рэйсаў з поля на зерняток.

Вадзіцель Іван Зыль

Амаль два дзесяцігоддзі шчыруе ў гаспадарцы механізатар Сяргей Шчурок. За ім замацаваны трактар, а падчас жніва хлебароб ужо шмат сезонаў выводзіць на палеткі камбайн “Лаверда”.

Такі ж камбайн, толькі старэйшы, у Сяргея Губара. Сам ён – з Чарнаградзі, раней працаваў у мясцовай гаспадарцы, у “Агра-Бокс” перабраўся два гады таму. Памочнік у Сяргея – зямляк і стрыечны брат Мікалай Зыль.

Камбайнер Сяргей Губар і памочнік камбайнера Мікалай Зыль

– Калісьці і я быў камбайнерам, – распавёў Мікалай. – Але ўжо дваццаць гадоў, як у аэрапорт перайшоў. Адпачынак спецыяльна пад жніво не браў, так супала. Мне падабаецца: добрыя намалоты, надзейны камбайн, свежае паветра. Што яшчэ трэба?

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *