ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс»: на жніве лішніх рук не бывае

Аграрный сектор Актуальное

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Чэрвеньскі райаграсервіс” – самы вялікі ў раёне аб’ём уборкі зерневых культур – 3101 гектар. Таму кожныя працоўныя рукі тут – на вагу золата, а дапамога работнікаў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый вельмі дарэчная. 

Сёлета на жніве ў гаспадарцы задзенічаны дзесяць камбайнаў.

– На пераважную большасць тэхнікі ёсць свае механізатары, – распавядае галоўны аграном ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” Аляксандр Забаўскі. – Але па дапамогу ўсё адно давялося звяртацца. Запрасілі тых, хто ўжо раней вызначаўся на жніве сумленнай працай. Трэці сезон запар шчыруе ў нас камбайнерам вадзіцель раённага цэнтра па забеспячэнню дзейнасці бюджэтных арганізацый Святаслаў Брыцько. Сёлета памочнікам да яго прыйшоў трактарыст ДРБУ-121 Леанід Ярашэвіч. Таксама на камбайне працуе работнік Мінскага аўтамабільнага завода Васіль Шатэрнік. А вадзіцель цэнтральнай раённай бальніцы Дзяніс Цітавец заўсёды выдатна спраўляецца з абавязкамі машыніста зернесушыльнага комплексу.

Перш, чым пазнаёміцца і пагутарыць з тымі, хто па поклічу сэрца ў гэтую гарачую для гаспадаркі пару дзеліць жніўныя клопаты з мясцовымі хлебаробамі, я не мог не зазірнуць на палетак ля вёскі Горкі, дзе ўбіраў пшаніцу камбайнер Андрэй Кушнер. Ён не толькі з першых дзён захапіў лідарства ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве на жніве, але і амаль тыдзень быў лепшым па намалоту ў раёне.

Андрэй Кушнер

–  Калісьці гадоў сем запар першым у гаспадарцы тысячу тон збожжа набіраў, – усміхнуўся Андрэй. – А ў раёне… Ведаў, што мяне абгоняць. Усё ж, у тым жа “Аграбудзе” ўраджайнасць прыкметна большая. Але мы раней за іншых пачыналі ўбіраць: ячмень азімы малацілі, потым рапс. Канешне, імкнуцца быць першым трэба, але гэта – не галоўнае. Галоўнае – каб збожжа ў засеках было. Летась да тысячы тон не дацягнуў, бо давялося на трактар перасядаць, каб падрыхтаваць глебу пад сяўбу азімых. На вёсцы ж так: не паспеў убраць ураджай – зноў сеяць трэба…

Каб сустрэцца з камбайнерам Святаславам Брыцько і яго памочнікам Леанідам Ярашэвічам, давялося выправіцца на адзін з самых аддаленых ад цэнтра гаспадаркі палеткаў, ля вёскі Падасінаўка.

– Убіраць зерневыя для мяне – звыклая справа, – распавёў Святаслаў. – За выключэннем дзесяці гадоў працы ў Расіі дальнабойшчыкам, амаль увесь час быў камбайнерам: у АП “Чэрвеньскае”, райаграсервісе, “Велікаполлі”.

Камбайну нашаму – шаснаццаць гадоў, гэта яшчэ спадчына “Грабянецкага”, які далучылі да гаспадаркі. Сёлета рухавік памянялі. Рыхтаваць тэхніку да жніва пачынаў сам, а потым Лёня падключыўся. Мы з ім – аднавяскоўцы, я яму і прапанаваў ісці памочнікам.

Прыемна ўсведамляць, што робім добрую справу. Бо некаторыя механізатары ўжо хутка перасядуць з камбайнаў на трактары, каб заворваць палеткі і сеяць азімыя. А жніво трэба працягваць…

Калі для Святаслава Брыцько сёлетняя жніўная камандзіроўка ўжо трэцяя запар, то Леанід Ярашэвіч апошні раз убіраў зерневыя больш за дваццаць пяць гадоў таму.

– Я тады працаваў на “дарослым індоме”, – узгадвае ён. – Розныя работы выконваў: і трактарыстам быў, і вадзіцелем, і сталяром. А ў сезон убіраў зерневыя на “Ніве”. Колькі там той зямлі было ў падсобнай гаспадарцы, але жніво расцягвалася надоўга, бо сушылкі такой, як у калгасах, у нас не было. Зерне насыпалі на сетку пад павеццю і сушылі вентылятарам. Гэта марудны працэс. Так што некалькі бункераў за дзень нажнеш – і ўсё, чакаеш пакуль тая сушылка вызваліцца…

Святаслаў Брыцько і Леанід Ярашэвіч

Цікава, што ў тыя часы памочнікам у Леаніда Ярашэвіча быў… Святаслаў Брыцько, які адначасова адвозіў на “МАЗе” збожжа. Вось так, праз чвэрць стагоддзя, камбайнавы экіпаж зноў сабраўся разам, толькі ролямі памяняліся.

З поля ўсе дарогі вядуць на зерняток у вёсцы Астравы. Тут бурштынавае збожжа – плён карпатлівай працы хлебаробоў – праходзіць ачыстку і дапрацоўку. Адзін з “гаспадароў” зернесушыльнага комплексу – Дзяніс Цітавец. Зараз ён жыве і працуе ў Чэрвені, але паходжанне і душа – вясковыя.

Дзяніс Цітавец

– Сам я – з Раванічаў, – распавядае Дзяніс. – У юнацтве, як і многіх маіх равеснікаў, мяне вабіў горад. Адвучыўся ў Мінску на зваршчыка. Даведаўся, што райаграсервіс дае жыллё ў Чэрвені. Уладкаваўся сюды па спецыяльнасці, а падчас жніва мяне пераводзілі машыністам на зерняток. Вось ужо два гады працую ў бальніцы вадзіцелем, урачоў на выклікі важу, але на ўборку ўраджаю вяртаюся сюды.

Праца гэтая мне падабаецца. Тут усё на электроніцы. Кампьютар дапамагае кантраляваць загрузку і адгрузку збожжа, тэмпературу, сігналізуе пра паломкі.

Калісьці я хацеў вырвацца з вёскі. Але вёска не адпускае. Жніво скончыцца, а я па-ранейшаму буду цікавіцца, як справы ў гаспадарцы. Тым, больш, што жонка тут працуе бухгалтарам…

Паводле звестак райсельгасхарчу на чацвер, Дзяніс Цітавец займаў першае месца ў раённым спаборніцтве сярод машыністаў зернесушыльных комплексаў.

 Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *