Хто. Што. Дзе. Калі. Топ-5 падзей тыдня

Актуальное Общество

Модныя смілаўчане

У сераду ў Мінску адбыўся конкурсны паказ 61 калекцыі маладых беларускіх дызайнераў-фіналістаў Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды 2023».

Чэрвеньшчыну там прадставіў тэатр моды “Essence mode” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна гарадскога пасёлка Смілавічы пад кіраўніцтвам Марыі Колтун. Яго ўдзельнікі прадэманстравалі экакалекцыю “Апсайклінг”, якая неаднойчы перамагала ў творчых конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Утульна дзецям у «Вераску»

У панядзелак пачалася першая змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Верасок”, што ў вёсцы Чарнава. Падчас яе тут адпачнуць 78 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзяцей сустрэлі абноўленыя пакоі, адрамантаваныя спартыўная зала і душавыя, новая актавая зала. Адбыліся змены і ў харчаванні: меню распрацавалі з улікам густаў дзяцей.

У Іванічах — Сёмуха

Весела адзначылі ў вёсцы гэтае народнае свята.

Тут былі і сімвалічная бярозка са стужачкамі пажаданняў, і пляценне вянкоў, і забавы з чароўным колам. А завяршылася свята канцэртам з песнямі, жартоўнымі тэатралізаванымі сцэнкамі, вершамі і шчырымі пажаданнямі.

Два колы тояць небяспеку

Учора ў раёне пачалася прафілактычная акцыя, накіраваная на прадухіленне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам мотатранспарту, пад дэвізам «Колаў менш – небясекі больш!». Яна будзе доўжыцца да 12 чэрвеня.

Падчас акцыі ў полі зроку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі – нецвярозыя матацыклісты, а таксама тыя, хто не мае права кіравання гэтым відам транспарту, парушае хуткасны рэжым, правілы абгону і манеўравання, вадзіцелі самаробнага мотатранспарту.

У нашых — только перамогі

Футбалісты Чэрвеньскай СДЮШАР 2011-2012 гадоў нараджэння пасля 5 тураў лідыруюць у першынстве Мінскай вобласці сярод спартсменаў свайго ўзросту, маючы ў актыве 15 ачкоў з 15 магчымых.

На гэтым тыдні яны на сваім полі адолелі равеснікаў са Стаўбцоўскай ДЮСШ – 4:3. Раней выхаванцы трэнера Дзяніса Трапашкі перамаглі «Фалько» (Дзяржынскі раён) – 4:2, Крупскай ДЮСШ – 8:0, Бярэзінскай СДЮШАР – 15:1 і Дзяржынскай ДЮСШ – 5:1.

За падзеямі сачыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *