Гаспадаркі Чэрвеньшчыны пасеялі кукурузу на 35 працэнтах адведзеных пад яе палеткаў

Аграрный сектор Актуальное

Сяўба кукурузы – адзін з завяршальных этапаў веснавых палявых работ у гаспадарках.

Механізатар Іван Зыль і аграном-насеннявод Дзмітрый Матвеенка.

Паводле звестак райсельгасхарчу на 5 мая, гэты від работ выканалі ў раёне на 3474 гектарах, што складае 35 працэнтаў ад неабходнага. У лідарах па тэмпах сяўбы – філіял “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс”, дзе на раніцу пятніцы кукуруза займала ўжо 64 працэнты планавай плошчы.

Як распавёў аграном-насеннявод гаспадаркі Дзмітрый Матвеенка, сёлета пад “каралеву палёў” тут адвялі 690 гектараў, з іх 200 мяркуюць вырошчваць на зерне:

– Перад ворывам запраўляем глебу фосфарнымі ўгнаеннямі, пасля – КАСам. Для выраўноўвання глебы выкарыстоўваем шыроказахопную барану “БШ-11”. Адначасова з сяўбой уносім фосфар у радкі. Сеем гібрыдамі расійскай селекцыі.

Дзмітрый Матвеенка – родам са Случчыны. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў яго была магчымасць абіраць месца працы, бо меў самы высокі рэйтынг на патоку. Але, калі пры размеркаванні запрасілі ў “Агра-Бокс”, вырашыў ад прапановы не адмаўляцца. І не шкадуе.

– Калектыў добры, падыходы да працы тут гаспадарскія, – кажа Дзмітрый. – Вопытныя механізатары ведаюць сваю справу.

Канешне, не практыцы не заўсёды ўсё так, як вучылі ў акадэміі. Але гэта і цікавей: шукаць вырыянты вырашэння праблем і знаходзіць іх. Хваляванне, зразумела, ёсць, бо ўсё ж першая самастойная пасяўная ў мяне! Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. 

Вяртаючыся да кукурузы, малады аграном адзначае, што нароўні з атрыманнем важкага валавога збору важна мінімізаваць выдаткі на яе вырошчванне. Менавіта для гэтага ў гаспадарцы не так даўно набылі ротарную барану. Яна дазваляе выкараняць пустазелле механічным спосабам. Сёлета новы прычапны агрэгат упершыню будуць выпрабоўваць на кукурузных палетках. Калі ўсё атрымаецца, то можна будзе значна зэканоміць на гербіцыдах, якія звычайна выкарыстоўваюцца для хімічных праполак. 

Механізатар Віктар Жалабковіч рыхтуе глебу пад сяўбу кукурузы.

Але гэта – потым. Зараз жа ў філіяле закладаюць падмурак будучага ўраджаю. Пакуль што на палетках працуе адна сеялка, але па меры гатоўнасці глебы да яе падключыцца і другая.

На сяўбе кукурузы працуе механізатар Іван Зыль. Хаця ў гаспадарцы ён – усяго тры гады, аднак вопыт працы на зямлі мае багаты.

–  Сам я – тутэйшы. Але так склалася, што доўгі час жыў і працаваў у Слуцкім раёне. А цяпер вось вярнуўся на бацькаўшчыну. Тэхніка ў мяне – у залежнасці ад сезона. Увесну на “Расе” падкормкі раблю, прыйшла касавіца – на кормаўборачным камбайне,  а падчас жніва сядаю на “Дон”. Ну, і трэці год ужо сею кукурузу. Складанага нічога няма, калі ведаеш, што і як рабіць. Галоўнае – каб надвор’е спрыяла і тэхніка не ламалася. 

Канешне, пылу шмат даводзіцца паглытаць, калі сееш. Бывае, такое воблака ўздымаецца, што не бачна, куды ехаць. Але яно таго вартае: увосень такая кукуруза вырастае – камбайн хаваецца, адно толькі макаўка кабіны тырчыць.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *