«Дыплом за прыдумку». Генадзь Аўласенка стаў прызёрам творчага конкурсу да 85-годдзя Мінскай вобласці

Актуальное Жители Червенщины Культура

Дзіцячы пісьменнік з Чэрвеня Генадзь Аўласенка стаў прызёрам конкурсу на лепшы твор, прысвечаны 85-годдзю Мінскай вобласці. Дыплом, кветкі і планшэт у якасці падарунка нашаму земляку ўручыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. Сёння Генадзь Аўласенка ў гасцях у “Раённага весніка”.

– Генадзь Пятровіч, які твор прынёс Вам узнагароду?

– Тапанімічная легенда “Чаму Прылукі такую назву маюць”. Дарэчы, напачатку студзеня яна пабачыла свет на старонках “ЛіМа”. Уласна кажучы, твор гэты так і заўважылі. Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі прапанавала яго да ўдзелу ў конкурсе. Увогуле Прылукі не адзіны населены пункт, якому я прыдумаў аўтарскую версію паходжання назвы. Гісторыя выхаду з-пад майго пяра тапанімічных легенд мае не тое, каб надта глыбокія, але карані. Два гады таму Алесь Карлюкевіч звярнуўся да мяне з просьбай напісаць некалькі тапанімічных легенд альбо казак пра Пухаўшчыну. І не шукаць ужо гатовыя гісторыі, а прыдумаць сваю. Ну, я і склаў больш як дзесяць такіх аповедаў. Выйшла кніжка “Таямніцы назваў”. Пасля мне прапанавалі расшырыць, так бы мовіць, геаграфію і напісаць увогуле пра Мінскую вобласць. У выніку кожны раён Міншчыны мае па дзве тапанімічныя легенды ў маім выкананні. Не абмінуў я, вядома, і Чэрвеньшчыну. Перуноў Мост і Дамавіцк выклікалі ў мяне найбольшую цікавасць, і іх гісторыя знайшла сваё адлюстраванне на старонках.    

– Як нараджаюцца ідэі для легенд?

– Калі казаць пра Прылукі, то натхніўся апавяданнем Каруся Каганца пра гэты пасёлак. А так інтэрнэт у дапамогу. Чытаю, вывучаю, калі штосьці “чапляе” – развіваю пэўную думку, дадумваю, фантазірую.

– А лёгка фантазіраваць?

– Ведаеце, я апошнім часам працую ў двух накірунках. Гэта дзіцячыя казкі і дарослая фантастыка. Жанры, між іншым, падобныя. І ёсць у іх агульнае. Казачныя гісторыі – гэта тая ж фантастыка для малых, а фантастыка – гэта казкі для дарослых. І наогул мая такая пазіцыя: пісаць трэба ці аб тым, што добра ведаеш, ці пра тое, чаго не ведае ніхто. Я школу добра ведаю – трыццаць гадоў там працаваў, – але пакуль з гэтай тэмай патэрміную. Таму…фантастыка.

– Раманы?

– У тым ліку. Вось не так даўно выйшаў фантастычны раман за маім аўтарствам “Залатыя пяскі забыцця”. 

– Наконт дзіцячых казак. Як сталася, што Вы пачалі пісаць для самых маленькіх?

– Гэта таксама даўняя гісторыя. Мая дачка яшчэ ў садок хадзіла. Аднойчы папрасіла да адкрытага ўрока пра загартоўванне напісаць невялічкі аповед – літаральна на дзве старонкі. Пра ветрык. А я тады – на світанку сваёй творчай працы – пісаў толькі вершы. І вось гэтае сачыненне стала своеасаблівым дэбютам, першым крокам у дзіцячую прозу. Старонак пятнаццаць атрымалася – пра ветрык, што жыве ў вентылятары. Дачцэ вельмі спадабался. Праўда, працяг гэта гісторыя атрымала не хутка, а калі дачка ўжо дарослая стала. Тады і выйшлі адна за адной чатыры кнігі аб прыгодах таго самага ветрыка з вентылятара.

– Улічваючы, што Вы як раз сёння пішаце для дзяцей, працяг будзе?

–  Магчыма…

– Генадзь Пятровіч, ні дня без радка – гэта пра Вас?

– Дакладна не. Я магу і тыдзень не пісаць, і два. А магу сесці і ўжо не адарвацца ад працы. Бывае, пачнеш раман – і ён пішацца і пішацца, быццам сам сабою. Бывае – наадварот…

– Вяртаючыся да конкурсу… Прыемна, што адзначылі?

– Вядома, прыемна. Але для пісьменніка найбольшая ўзнагарода іншая – калі кнігі выдаюцца!

З 2009 года больш як 35 кніг Генадзя Аўласенкі надрукаваны. Сёння рыхтуецца пабачыць свет яшчэ адна – зборнік тапанімічных легенд “Як сем братоў чорта шукалі”. І як жа? Даведаемся ўжо гэтай вясной.

Вікторыя КАХРАМАН. Фота з асабістага архіва Генадзя АЎЛАСЕНКІ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *