Сельгасфіліял “Аграбуд” Чэрвеньскага раёна істотна павялічыў прадукцыйнасць дойнага статка 

Аграрный сектор Актуальное

Жывёлаводы раёна пачалі 2022 год з прыбаўкі ў вытворчасці малака. За 25 дзён студзеня тэмп росту валавых надояў склаў у гаспадарках 102,9 працэнта да адпаведнага леташняга перыяду, а надой ад фуражнай каровы павялічыўся на 670 грамаў. 

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” гэтымі днямі апярэджваюць мінулагодні ўзровень валавой вытворчасці малака на 13,3 працэнта. Надой ад фуражнай каровы складае 17,8 кілаграма, што на 2,08 кілаграма больш, чым было на такі ж час летась. 

Апошнія некалькі гадоў сельгаспрадпрыемства стабільна нарошчвае прадукцыйнасць дойнага статка. Паводле слоў галоўнага заатэхніка гаспадаркі Ірыны Анціфеевай, у аснове поспеху – дастатковая колькасць і высокая якасць травяністых кармоў, карпатлівая селекцыйная праца і збалансаванае кармленне.

Галоўны заатэхнік філіяла “Аграбуд” Ірына Анціфеева.

– За мінулы год нейкіх кардынальных змен у падыходах да арганізацыі вытворчасці малака мы не рабілі, – кажа яна. – Проста мэтанакіравана працуем над удасканальваннем тэхналагічнага працэсу. Важны момант – правільна вырасціць цялушак. Атрымліваючы сярэднясутачныя прывагі больш за 780 грамаў, маем магчымасць асемяняць іх у 14 месяцаў, вагою не менш за 375 кілаграмаў. Наступны этап – правільныя раздой і кармленне.

Дарэчы, для дойнага статка і сухастою прымяняецца шэсць-сем розных рацыёнаў, у залежнасці ад надояў і фізіялагічнага стану жывёлы. Камбікорм вырабляем самі, закладваючы ў яго неабходную колькасць макра- і мікраэлементаў, а таксама вітамінаў. Якасць прыгатаваных кармоў кантралюем у лабараторыі суседняга філіяла “Аграбокс”.

Аператары машыннага даення кароў СВФ «Аграбуд» Ала Мялешчык, Наталля Лаўранкова, Галіна Калтовіч і Кацярына Касянкова.

Стабільным надоям таксама спрыяе выбракоўка нізкапрадуктыўных кароў. Ну і, канешне ж, вельмі значная роля ў працэсе вытворчасці малака належыць аператарам машыннага даення. Калектыў гэтых спецыялістаў у нас падабраўся зладжаны і высокапрафесійны. Нездарма менавіта даяркі “Аграбуда” апошнія два гады перамагаюць у раённым спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу. Летась такі гонар выпаў звяну аператараў машыннага даення ў складзе Галіны Калтовіч, Гулізар Кузняцовай, Кацярыны Касянковай, Людмілы Пракаповіч і Алы Мялешчык.

Ігар АДАМОВІЧ, Фота аўтара і Людмілы Крук



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *