Фестываль “Тата, мама, я – футбольная сям’я” завітаў на Чэрвеньшчыну

Актуальное Год народного единства Общество Спорт

Чэрвень у ліку сямі рэгіёнаў Міншчыны прыняў адборачны этап шостага сезона сямейнага фестывалю “Тата, мама, я – футбольная сям’я”. Гэтыя спаборніцтвы праводзяцца з 2016 года ва ўсіх кутках Беларусі і прапагандуюць гульню нумар адзін як агульнае захапленне для татаў, мам і дзяцей. У 2018 годзе яны прызнаны лепшым спартыўным і сацыяльным праектам у Еўропе. 

З раніцы ў суботу стадыён Чэрвеньскай СДЮШАР расквеціўся яркімі фарбамі. Гэта таты, мамы і дзеці апранулі рознакаляровыя камандныя майкі – жоўтыя і зялёныя, блакітныя і белыя, аранжавыя, ружовыя і чырвоныя.

Трыццаць шэсць сем’яў, сто трыццаць два ўдзельнікі, сямнаццаць каманд! Такая масавасць стала прыемнай нечаканасцю нават для арганізатараў спаборніцтваў, якія праходзіць у рамках праграмы UEFA GROW пад эгідай UNICEF – Беларускай федэрацыі футбола і раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю ўдзельнікаў прывіталі начальнік аддзела масавага футбола АБФФ Віталь Валасюк, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская і старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Дзмітрый Чысты. Яны пажадалі ўсім выніковай гульні і пазітыўнага святочнага настрою.

На старт спаборніцтваў выйшлі сем’і Дзмітрыя Равіны, Віктара Мажароўскага, Аляксандра Керко, Мікалая Данчанкі, Мікалая Івашкіна, Дзмітрыя Чыстага, Ігара Шмідава, Уладзіміра Мажароўскага, Віталя Пархачова, Яўгена Аўсяннікава, Мікалая Куршакова, Паўла Ярашэвіча, Яўгена Камісаранкі, Васіля Касцевіча, Аляксандра Ванагеля, Мікалая Котчанкі, Аляксея Шымановіча, Васіля Нехая, Сяргея Малеева, Віталя Упіта, Яўгена Канашэвіча, Віталя Шаўчэнкі, Сяргея Саколіна, Дзяніса Трапашкі, Дзмітрыя Кацько, Дзмітрыя Новіка, Сяргея Трапашкі, Аляксандра Цэдрыка,  Віталя Мануліка, Ігара Мінчонка, Максіма Мысліцкага,  Антона Срыбненкі, Сяргея Канцура, Андрэя Мурашкі, Віктара Апалчэўскага і Дзмітрыя Калечыца. 

Гульні прайшлі на пяці пляцоўках: асобна сярод дзяцей 3-6, 7-11, 12-17 гадоў, татаў і мам. У дзяцей было па тры каманды кожнай узроставай катэгорыі (хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі разам), у дарослых – па чатыры.

Найбольш захапляльна выглядалі баталіі сярод самых юных футбалістаў і сярод мам. Кожны ўдзельнік, у залежнасці ад занятага месца сваёй каманды, прыносіў ачкі ў агульную сямейную скарбонку. Па найбольшай іх колькасці і вызначыліся тры сям’і-пераможцы, якія гэтай восенню выступяць у рэспубліканскім фінале фестывалю.

Трэцяе месца заняла сям’я Мажароўскіх з Чэрвеня: тата Віктар, мама Наталля, дзеці Дамінік, Данііл і Аліса. Поспех ім прынесла першае месца каманды таты, і другія – сыноў.

Другой стала сям’я Керко з Жодзіна: тата Аляксандр, мама Таццяна, дочкі Анастасія, Кацярына і сын Іван. Усе дзеці занялі ў камандах першыя месцы, а бацькі – трэція.

– Сам я – з Чэрвеня, сям’я пераехала адсюль у Жодзіна пятнаццаць гадоў таму, – распавёў Аляксандр Керко. – У дзяцінстве займаўся футболам у Чэрвеньскай спартыўнай школе. А зараз усе нашы дзеці займаюцца ім у структуры ФК “Тарпеда-БелАЗ”. Дарэчы, мы ўдзельнічаем у фестывалях “Тата, мама, я – футбольная сям’я” ад пачатку іх заснавання, але менавіта прыезд на радзіму, дзе адборачныя спаборніцтвы сёлета ладзіліся ўпершыню, стаў паспяховым… Ну, а першае месца дасталася сям’і Куршаковых з Чэрвеня. Насамрэч, гісторыя гэтай перамогі незвычайная. Бацькі і пяцёра дзяцей разлічвалі паўдзельнічаць у фестывалі ў поўным складзе, але ў самы апошні момант тату Мікалая, які працуе вадзіцелям-міжнароднікам, тэрмінова адправілі ў рэйс.

Арганізатары спаборніцтваў у выглядзе выключэння дазволілі замяніць галаву сям’і пляменнікам Уладзіславам. У выніку ўсе дзеці занялі ў сваіх камандах прызавыя месцы: Арцём і Саша – першыя, Максім і Соня – другія, Насця – трэцяе. Першым у складзе каманды татаў стаў і Уладзіслаў.

– Мы актыўна займаемся спортам ўсёй сям’ёй, удзельнічаем у лёгкаатлетычных забегах, а вось футбольныя спаборніцтвы для нас – адкрыццё, – распавяла Яўгенія Куршакова – Футбаліст у нас адзін – Арцём, ну і Насця займаецца лёгкай атлетыкай. Дзякуй арганізатарам за цудоўнае свята! Будзем вельмі старацца, каб годна прадставіць Чэрвень у рэспубліканскім фінале…

Нароўні з масавасцю, адметнасцю фестывалю было тое, што без падарункаў не застаўся ніхто. Акрамя маек з сімволікай спаборніцтваў, кожная сям’я атрымала мяч. Самых маленькіх футбалістаў і футбалістак адзначылі асобнымі прызамі, а ўсіх ігракоў, якія занялі прызавыя месцы ў камандах – дыпломамі.

Выдатны святочны настрой ствараў на фестывалі яго вядучы – ды-джэй Канстанцін Ваяводзін. Шмат зрабілі для таго, каб свята атрымалася яскравым і запамінальным валанцёры, аніматары з Чэрвеньскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, калектыў і кіраўніцтва Чэрвеньскай СДЮШАР.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *