Трэці касмічны палёт чэрвеньца Алега Навіцкага: экіпажы працягваюць падрыхтоўку на Байкануры

Актуальное Общество

26 сакавіка асноўны экіпаж працяглай касмічнай экспедыцыі МКС-65, у які ўваходзяць ураджэнец Чэрвеня камандзір экіпажу Алег Навіцкі, бортінжынеры Пётр Дуброў і Марк Вандэ Хай, разам з дублёрамі Антонам Шкаплеравым, Алегам Арцем’евым і Эн МакКлейн прыляцелі з Зорнага гарадка на касмадром Байканур. За час, што застаецца да пачатку палёту, яны выканаюць тут насычаную праграму трэніровак, заняткаў і інструктажаў, а таксама пройдуць медыцынскія абследаванні.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт gctc.ru, 27 сакавіка касманаўты і астранаўты правялі першую трэніроўку ў транспартным пілатуемым караблі «Саюз МС-18», які даставіць іх на арбіту.

Яны, у прыватнасці, агледзелі месцы размяшчэння грузаў у бытавым адсеку і апараце для спуску, прымералі скафандры і праверылі іх на герметычнасць. Таксама экіпажы ўшанавалі памяць Юрыя Гагарына, усклаўшы кветкі да дрэва, якое ён пасадзіў у 1961 годзе.

Тым часам, на Байкануры працягваецца перадстартавая падрыхтоўка карабля “Саюз МС-18”. 28-29 сакавіка яго рухавік запраўлялі сціснутымі газамі і кампанентамі паліва. Адметна, што карабель, у гонар 60-годдзя першага палёту чалавека ў космас, атрымаў уласнае імя “Ю.А.Гагарын”. Яно адлюстраванае на паверхні бытавога адсека, а на галаўным абцякальніку ракеты-носьбіта будзе размешчана афіцыйная сімволіка святкавання гэтага адметнага юбілею.

Старт экіпажа працяглай экспедыцыі МКС-65 запланаваны на раніцу 9 красавіка.

Фота і відэа з інтэрнэт-сайта gctc.ru



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *