Ветэран сельскай гаспадаркі Аляксандра Камель: «Працавала я не дзеля ўзнагарод. Хацела, каб людзі нашы больш зараблялі, жылі неяк ямчэй»

Аграрный сектор Актуальное Общество

Сціплая сялянская хата жыхаркі вёскі Новы Будкаў Аляксандры Барысаўны Камель звычайна ажывае людской гаманою ў выхадныя, калі да яе прыязджаюць са сталіцы дзеці, унукі, праўнукі. Але на мінулым тыдні такім днём стаў аўторак. Родныя сабраліся за святочным сталом, каб павіншаваць матулю, бабулю і прабабулю з васьмідзесяцігоддзем. Таксама завітала да юбіляркі з кветкамі і падарункамі старшыня Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка.

Віншуючы ветэрана сельскай гаспадаркі, прафсаюзны лідар шчыра падзякавала ёй за руплівую працу, якой жанчына аддала больш за сорак гадоў жыцця.

Юбілярку віншуе старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка

Калі Аляксандра Барысаўна пачула, што пра яе хочуць напісаць у “раёнцы”, якую яна ўвесь час выпісвае і прачытвае ад першай да апошняй старонкі, то спачатку разгубілася, а потым сабралася з думкамі і пачала нетаропкі расповед:

– Ну, што казаць? Сама я – тутэйшая, з суседняй вёскі Чырвоная Слабада. Там нарадзілася, там вучылася, там пачынала працаваць даяркай, потым – загадчыцай фермы. Адтуль і замуж пайшла ў Новы Будкаў. Мой будучы муж Іван малако на машыне з фермы забіраў, так і пазнаёміліся. Траіх дзяцей з ім выгадавалі. Зараз у Мінску ўсе жывуць: старэйшы, Сяргей, працуе слесарам, Саша – інкасатарам, а дачка Таня – выхавальніцай у дзіцячым садку. Маю шэсць унукаў і восем праўнукаў. Унукі разумныя ўсе: ёсць юрысты, праграмісты, урачы, настаўнікі… З мужам мы 37 гадкоў пражылі, і ўжо 23 гады, як яго няма. Вунь, пазірае з партрэта на сцяне… Харошы быў чалавек, гаспадар. Каб не яго дапамога і падтрымка дома, то наўрад ці я доўга пабыла б пры пасадзе.

А зямлю я любіла змалку. Марыла стаць аграномам, але выйшла так, што не толькі гэтую навуку давялося спасцігаць. У 1967 годзе прызначылі мяне начальнікам участка саўгаса “Ляды” (потым стаў калгасам “Прамень”). Па тэрыторыі гэты ўчастак сам быў, як невялікі калгас: Чырвоная Слабада, Мехаўка, Малінаўка, Новы Будкаў, Задабрычча – з усімі фермамі і палеткамі. Завочна скончыла тэхнікум па падрыхтоўцы кіраўніцкіх кадраў калгасаў і саўгасаў у Сенніцы. Тры гады ездзіла на сесіі, здавала экзамены. Накіроўвалі мяне і ў Горкі, у сельгасакадэмію. Але ўжо замуж пайшла, дзеці з’явіліся. Не да вучобы было.

Працавалі мы цяжка. Гэта не тое, што сёння – усё механізаванае. Тады сена, салому ўручную грузілі. Шмат сеялі буракоў, а бульбы накопвалі і буртавалі больш як па 1200 тон. І трактары ж былі не такія магутныя, як зараз: “Т-40” цягаў два плугі, “МТЗ” – тры. Але ніводзін лапік зямлі не пуставаў. Кароў было багата, свіней, коней. Быкі на адкорме стаялі, дык па кілаграму прывагаў давалі, бо харчоў хапала: па тры кілаграмы мукі ў кармушку ім сыпалі, караняплоды, сілас.

У дэкрэтных адпачынках я, лічы, амаль што не была. У адпачынак таксама ніколі не хадзіла: брала кампенсацыю. 36 гадоў адпрацавала начальнікам участка, з іх дзевяць – пасля таго, як на пенсію пайшла. Уставала заўсёды ў чатыры гадзіны раніцы. Трэба было і па гаспадарцы ўправіцца, і ў лес у ягады-грыбы паспець збегаць, пакуль на нарад… Я яшчэ не так даўно сваю гаспадарку кінула: мела паўтара гектара зямлі, карову, каня, шмат свіней трымала.

Аляксандра Барысаўна Камель з сынам, дачкой, нявесткай, унукамі і праўнучкамі

Калі гаворка заходзіць пра найбольш памятныя моманты з працоўнага жыцця, Аляксандра Барысаўна найперш згадвае, як была зусім яшчэ маладзенькай, крыху больш за дваццаць, загадчыцай фермы і выступала перад вялікай аўдыторыяй на злёце перадавікоў у сталічным Палацы прафсаюзаў. А яшчэ – пра тое, як першы сакратар Мінскага абкама партыі Іван Палякоў двойчы, у 1975 і 1976 гадах, уручаў ён ордэны Працоўнай славы 2-й і 3-й ступеняў. Гэтымі дзяржаўнымі ўзнагародамі Аляксандру Камель адзначылі “за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні народнагаспадарчых планаў і прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі”.

– Прыемна было, канешне, – гаворыць Аляксандра Барысаўна. – Але працавала я не дзеля ўзнагарод. Хацела, каб людзі нашы больш зараблялі, жылі неяк ямчэй. Старалася нікога не крыўдзіць. Вяскоўцы потым казалі: “Табе, Барысаўна, трэба помнік пры жыцці паставіць”. А я адно жартавала: “Не трэба пры жыцці.
Прыйдзе час, паставяць”.

Я ўжо, дзеткі, і адпрацавала і пражыла, дай Бог кожнаму. Гэта маладыя будуць да ста дваццаці гадоў жыць, бо медыцына зараз, паказваюць па тэлевізары, далёка наперад прасунулася…
Пра што яшчэ ўзгадвала наша юбілярка? Пра тое, як яе “службовым транспартам” быў запрэжаны ў брычку конь Горды; як давала ў каршэнь трактарыстам, калі не слухаліся; як шыла па 60 навалачак і раздавала, а зараз перадала машынку ў спадчыну ўнучцы.

А яшчэ Аляксандра Барысаўна прызналася: ёй дужа баліць, што некаторыя палеткі на тэрыторыі ўчастка, якім яна калісьці кіравала, пазарасталі хмызняком. Маўляў, мо, і не трэба сёння столькі зямлі гаспадарцы, бо ўраджаі зараз зусім іншыя, багацейшыя, а ўсё адно шкада, што яе ніхто не апрацоўвае…

З Новага Будкава мы вярталіся, калі на вёску і наваколле пачаў апускацца ціхі восеньскі надвячорак. За вакном машыны праплывалі палі і пералескі, шырокія гоні малой радзімы Аляксандры Камель. Роднай зямлі, адданасць і любоў да якой яна пранесла праз восем дзесяцігоддзяў.

Няхай яе вясковы раман не сканчаецца яшчэ доўга-доўга.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *