Раіса і Леанід Касцевічы з вёскі Ляды адзначылі брыльянтавае вяселле

Люди и судьбы Общество

Такі доўгі сумесны шлях пройдзены гэтай сямейнай парай менавіта таму, што і муж, і жонка заўсёды ўсе жыццёвыя выпрабаванні і радасці, хатнія клопаты і клопаты аб дзецях дзялілі на дваіх, з павагай ставіліся адзін да аднаго.

Цікавым было знаёмства гэтых двух маладых людзей. Ураджэнка вёскі Малінаўка, маладая медсястра Раіса пасля заканчэння вучылішча вярнулася дамоў і ўладкавалася працаваць медыцынскай сястрой у Лядзенскую бальніцу. Работы тут хапала. Людзей на абслугоўваемым ўчастку было шмат, хадзіла па вёсках, глядзела немаўлят і сталых людзей, даводзілася і начныя дзяжурствы браць. Іншы раз, калі цяжкіх хворых не было, можна было крыху і паспаць. Аднойчы над ёй пажартавалі хворыя, што ляжалі ў стацыянары: калі сястрычка прыдрамала, яны паставілі ёй  пад кушэтку кубак з вадой, а ўпоперак — трэску паклалі. А ў той час свята нейкае было, калі трэба гадаць. І дзяўчына ўбачыла такі сон: быццам ідзе яна праз рэчку па кладцы, а тая гойдаецца, як жа на другі бераг перайсці? А тут выходзіць з-за кустоў салдат і працягвае ёй руку. Перавёў Раісу праз рэчку… Сон гэты запомніўся ёй да дробезяў. Таксама, як і твар хлапца…

А тут неўзабаве вярнуўся з вайсковай службы дадому лядзенскі хлапец і прыйшоў у бальніцу разам са сваім братам. Раіса, як убачыла яго, ледзь не самлела: гэта хлопец з яе сну!..   Кінулася тады да санітаркі: “Гэта ён!” А тая і кажа: “Пажэніцеся вы…”. Так і здарылася. Пазнаёміліся, пасябравалі год, а потым і пажаніліся.

Сёння Раіса Браніславаўна ўдзячна лёсу, што звёў яе з Леанідам. Ён аказаўся вельмі працавітым, ўважлівым, добрым чалавекам. Служыў на Далёкім Усходзе: спачатку быў ва ўчэбцы, а потым будаваў чыгунку за Байкалам. Малому, яму падчас вайны давялося шмат перажыць: яго ледзь не забілі немцы, удалося выратавацца, жыў у лесе, у зямлянцы да вызвалення. І пасля вайны было несалодка: галадалі… У школу пайшоў толькі ў 11 гадоў. А працаваць пачаў у 16. Пасля службы вярнуўся ў саўгас. Спачатку на трактары працаваў, потым 37 гадоў на камбайне, а ўсяго аддаў працы на зямлі 55 гадоў! Колькі разоў выходзіў Леанід Віктаравіч пераможцам: і на жніве, і на нарыхтоўцы кармоў. Беражліва захоўваюць у сям’і раённую газету, тады яшчэ “Уперад”, дзе ёсць публікацыі пра добрага камбайнера, які працаваў разам з сынам Ігарам – сямейным экіпажам на ўборцы зерневых.

Пабудавалі свой дом. Трымалі ўвесь час вялікую гаспадарку: кароў, свіней, гусей, авечак, курэй. Сыны заўсёды дапамагалі бацькам. Яны ўмеюць рабіць па гаспадарцы ўсё: і за скацінай хадзіць, і на сям’ю ежу згатаваць. Не дзялілі, якая работа жаночая, якая мужчынская. Сёння Ігар працуе вадзіцелем, Дмітрый — ветурачом, абодва маюць сем’і.

У Раісы Браніславаўны і Леаніда Віктаравіча двое ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Сёння жыць бы ды жыць, але падводзіць здароўе. Леаніду Віктаравічу – 86 гадоў, ні разу не быў на бальнічным, не было часу сачыць за сабой. У гэтым годзе перанёс цяжкі інфаркт. Здолеў перажыць гэты няпросты момант у жыцці. Ды і Раіса Браніславаўна хварэе, ногі ўжо не тыя. Столькі давялося ёй адхадзіць па вёсках, абслугоўваючы людзей! Колькі было тых кіламентраў – не падлічыць. Ды і ўзрост шаноўны: 81-ы год ідзе. Радуюцца, калі дзеці і ўнукі наведваюць іх. А яшчэ ўдзячны сваёй памочніцы – сацыяльнаму работніку Таццяне Кебікавай. Яна для сталых людзей, як дачка: уважлівая і працавітая.

Віншуем вас шаноўныя Раіса Браніславаўна і Леанід Віктаравіч з брыльянтавым вяселлем. Зычым вам моцнага здароўя і доўгіх сумесных гадоў жыцця.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *