Надзея Федарэнчык з вёскі Ляды: прыехаўшы аднойчы на Чэрвеньшчыну, засталася тут назаўсёды…

Год малой радзімы Люди и судьбы Общество

Днямі на вочы трапіў фотаздымак у сацсетках “Аднакласнікі”: выстава вышыўкі падчас святкавання “Багача” у Доме фальклору ў Горкаўскай Слабадзе.

Давялося і мне быць на тым свяце. Было гэта некалькі гадоў таму. А вышываныя вырабы на выставу прадставіла жыхарка вёскі Ляды Надзея Іванаўна Федарэнчык.

Разгледзеўшы фотаздымак дэталёва, прыйшла да высновы, што вышыўка адрозніваецца ад нашай, беларускай, яна нагадала мне ўкраінскія матывы, якія я бачыла гадоў сорак таму ў Вінніцкай вобласці Украіны ў сваячкі свайго мужа. Яна нават тады падарыла мне некалькі сваіх вышыванак, якія ёсць у мяне і зараз. Узнікла жаданне пагутарць з Надзеяй Іванаўнай.

Я не памылілася: жанчына нарадзілася ў 1961 годзе ва Ўкраіне ў Ракітнаўскім раёне Ровенскай вобласці ў сяле Кісорычы. Здзівіла колькасць прыгожых вышываных вырабаў: рушнікоў, сурвэтак, навалочак, пакрывалаў… І сярод іх дыван, які майстрыха назвала “Нясе Галя воду”, які ўразіў падчас той забытай мною выставы…

У роднай вёсцы вышывалі ўсе жанчыны. Сказаць, што вышыванне захапіла Надзею, дык гэта не так. Вышыўка – гэта стыль жыцця, не вышываць было нельга: усе дзяўчаты назапашвалі сабе прыданае. Вышывала і маці Надзеі. Яна працавала ў лясгасе рабочай, а ўвечары брала ў рукі іголку. Надзея пачала вышываць з трэцяга класа. Спачатку назірала за работай мамы, а потым і сама ўзялася за работу. Навучылася і крыжыкам вышываць, і гладдзю. Першы рушнік вышыла, праз два гады. Атрымалася не зусім добра, але маці пахваліла дачку. Той першы рушнік маці пакінула сабе на памяць. Вопыт і спрыт прыйшлі не адразу. Праз чатыры гады дзяўчына вышыла ўжо цэлую карціну: хлопчыка з сабакам пад дрэвам. А ў дзесятым класе замахнулася нават на цэлы дыван. Атрымаўся шэдэўр “Нясе Галя воду”. Гэты дыван і быў на выставе ў Доме фальклору. Ён і зараз прываблівае сябе яркімі фарбамі і тэхнічнасцю вышыўкі. Прыгадваю, што тады ўсе ўдзельнікі выставы фатаграфаваліся на яго фоне, сфатаграфавалася і я, аднак, чамусьці гэты фотаздымак у мяне не захаваўся…

Пасля заканчэння школы Надзея пайшла працаваць. У сяле, дзе было паўтары тысячы двароў, працаваў калгасны кансервавы цэх. Там і працавала. Выраблялі розныя салаты з агародніны, сокі, марынавалі агуркі і памідоры. Пазней перайшла на работу ў калгас на вагавую, а там прапанавалі дзяўчыне вучыцца. Выбрала Смілавіцкі сельгастэхнікум, паступіла вучыцца на агранома завочна. А калі прыехала на першую сесію, пазнаёмілася з чэрвеньскімі дзяўчатамі, яны аднойчы запрасілі яе ў госці ў Чэрвень…

Горад спадабаўся дзяўчыне так, што вырашыла тут застацца. Спадабаліся і людзі. Яны ставіліся да дзяўчыны добразычліва, дапамаглі кватэру зняць. Уладкавалася працаваць санітаркай у хірургічнае аддзяленне чэрвеньскай бальніцы. Амаль год там працавала, потым перайшла працаваць загадчыкам гаспадаркі ў спартыўную школу. Ішоў 1988 год. Занятак вышыўкай не пакідала. Гэта стала для дзяўчыны нормай жыцця. У раённым Доме культуры нават была выстава яе вышываных вырабаў.

Час ішоў, вучылася дзяўчына ўжо на трэцім курсе тэхнікума і патрабаванне было такое: працаваць у сельскай гаспадарцы. Яе прынялі на работу ў сельгасхімію запраўшчыцай, пазней перавялі дыспетчарам на базу мінеральных угнаенняў у Тадулічы. Тут і знайшла Надзея свой лёс.

Муж Васіль – мясцовы, з вёскі Старыя дарогі. Аказаўся добрым і працавітым чалавекам. Пабудавалі свой дом у Лядах. Муж шмат гадоў хварэў, памёр дзевяць гадоў таму. Надзея Іванаўна праз год і маму сваю перавезла ў Беларусь.

З 1996 года працавала жанчына на бітумным заводзе. Зараз яна на пенсіі. Цяпер амаль не вышывае: падводзіць зрок, затое вяжа, не можа без рукадзелля жыць.

Яе вышыўка – цэлы скарб: тут і рушнікі, і падушачкі, розныя сурвэткі… Захавалася найпрыгажэйшая блузка – падарунак ад мамы, вышытая яе рукамі – хіт маладосці…

Яшчэ адзін талент мае гэта жанчына – яна цудоўна спявае, выступала ў маладосці на сцэне. Захавала і звычку назапашваць розныя кансервы. Яна ўмее іх вырабляць, гатуе шмат і раздае сябрам і знаёмым.

Добразычлівая і ветлівая, Надзея Іванаўна, палюбіўшы аднойчы беларускую зямлю, засталася верная ёй назаўсёды…

Галіна ВОРНІК,

былая настаўніца, жыхарка вёскі Горкаўская Слабада.

Фота Тамары Атрашонак

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *