Аматары оперы і балета з Польшчы наведалі музей Станіслава Манюшкі ў Смілавічах

Актуальное Культура

Як распавяла “Раённаму весніку” старшы навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірына Вабішчэвіч, госці з Польшчы адмыслова прыехалі ў Беларусь, каб паслухаць оперу Рымскага-Корсакава “Царская нявеста” ў Вялікім тэатры. Але ж, ці маглі яны абмінуць радзіму славутага беларускага і польскага кампазітара?

Экскурсію па залах правяла навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірына Серада. Яна адзначыла вялікую зацікаўленасць экскурсантаў і прыгадала сярод іх знаёмых, з якімі сустракалася яшчэ ў былым будынку музея ў пасёлку Азёрным.

Пасля экскурсіі гасцей запрасілі ў музычную гасцёўню на канцэрт народнай капэлы “Ігуменскія крыніцы” Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў. Падчас яго гучалі не толькі інструментальныя творы Манюшкі, але і вакальныя, у выкананні Галіны Прышывалкі.

Дзелячыся ўражаннямі ад канцэрта, Славамір Петрас, былы дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета ў Пазнані, касцюмы і афішы оперных спектакляў якога ўпрыгожваюць залы музея Манюшкі, адзначыў выдатнае выканаўчае і прафесійнае майстэрства выкладчыкаў школы мастацтваў, высокую якасць аранжыровак кіраўніка капэлы Генадзя Шпакоўскага. Пан Петрас звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што з дзясятка выкананых твораў, ён, польскі музыказнаўца, раней чуў толькі два:

– Вы, беларусы, маеце гэткае ж права называць Станіслава Манюшку сваім славутым кампазітарам, як і мы, палякі. Ён нарадзіўся тут, на вашай зямлі, і менавіта тут, у невялікім мястэчку, захоўваецца памяць пра кампазітара і гучыць яго музыка.

Славамір Петрас запрасіў музыкантаў капэлы “Ігуменскія крыніцы” паўдзельнічаць у музычным фестывалі, прысвечаным Манюшку, які адбудзецца сёлета ў ліпені у Пазнані, і дырэктарам якога ён быў на працягу  чатырнаццаці гадоў.

На развітанне з гасцямі, работнікі музея сфатаграфавалі пана Петраса на фоне афішы опернага спектакля «Verbum Nobile», які быў пастаўлены ў той час, калі ён кіраваў тэатрам у Пазнані.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *