Урач-рэаніматолаг Чэрвеньскай раённай бальніцы Ягор Астапенка: “Мне падабаецца мая прафесія”

Общество

Амаль год працуе Ягор Андрэевіч у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ён праходзіў інтэрнатуру ў Мінскай абласной бальніцы.

Спецыялізацыю ва ўніверсітэце праходзіў па анестэзіі і рэаніматалогіі. На такія спецыяльнасці, ды яшчэ на хірургію, медыцынскую дыягностыку заўсёды быў немалы конкурс. Але высокія балы дазволілі яму выбраць спецыяльнасць па душы.

Калі трэба было вызначыцца з месцам работы, вырашыў папрацаваць дома, у Чэрвені. Ён разумеў, што ўсюды трэба паказаць свае веды і здольнасці. А работа ў Чэрвені накладвала ячшэ і дадатковую адказнасць: тут намеснікам галоўнага ўрача працуе маці – Ірына Аркадзьеўна Астапенка. Не падвесці яе – было галоўным клопатам маладога доктара, ды і не хацелася, каб думалі што маці апякае сына. І яна перажывала таксама: як складзецца яго прафесійная дзейнасць?

А складвалася ўсё паступова. Калектыў аддзялення сустрэў яго добразычліва. Спачатку ў аддзяленні не было загадчыка і маладому доктару давялося працаваць аднаму. Канешне, дапамагалі старэйшыя вопытныя калегі з іншых аддзяленняў, дзяжурыў суткамі. Але ж, справіўся. Паказаў сваю самастойнасць і права на сваё асабістае меркаванне. Зараз ужо ёсць спецыялісты: Аляксей Мікалаевіч Марчук, Арцём Аляксандравіч Сарокін, Анастасія Генадзьеўна Ярашэвіч.

Бываюць у доктара і ўргентныя дзяжурствы. Гэта, калі могуць выклікаць у бальніцу ў любы момант, прычым не толькі да дарослых хворых, але і да дзяцей. Вядома, што з імі асабліва складана. Затое за гэты час Ягор Андрэевіч назапасіў пэўны вопыт работы. І яна яму падабаецца. Збіраецца здаваць экзамен на кваліфікацыйную катэгорыю. Канешне, работа адрозніваецца ад той, якая была падчас інтэрнатуры ў Мінскай абласной бальніцы. Там спецыялістаў шмат і абавязкі ва ўсіх размеркаваны. Падчас аперацыі працуе брыгада хірургаў і брыгада рэаніматолагаў. А тут анестэзіёлаг і ў аперацыі ўдзельнічае, і потым вядзе свайго пацыента ў рэанімацыі. Ёсць і свае плюсы – гэта магчымасць дасканала вывучыць гісторыю захворвання, яго цячэнне, назначыць дакладнае лячэнне.

Ягор Андрэевіч гаворыць, што не марыў з дзяцінства стаць урачом. Разуменне таго, што будзе медыкам, прыйшло пазней – у старэйшых класах.

— Калі ты вырас у сям’і, дзе ёсць медык, то разумееш, што гэта за прафесія, — распавядае ен. – Быць медыкам — ганарова, прэстыжна, пачэсна. Але ёсць у прафесіі і другі бок –боль, пакуты тваіх пацыентаў, іншы раз – немагчымасць дапамагчы, асабліва ў рэанімацыі, куды паступаюць цяжкія і вельмі цяжкія хворыя. Напэўна, толькі адзінкі з урачоў маюць да прафесіі прызванне. І калі свядома выбраў гэты шлях, трэба быць адказным на ім.

Напэўна. была яшчэ адна прычына стаць урачом. Ёсць ў Ягора Андрэевіча брат Нікіта, які хварэе з дзяцінства. Не знікла і сёння жаданне дапамагчы яму… 

У вольны час, якога ў маладога ўрача не так і шмат,  займаецца самаадукацыяй: дабіцца поспеху ў гэтай галіне можна, было б толькі жаданне, настойлівасць і цікавасць да префесіі. А гэтага Ягору Андрэевічу не займаць. Пажадаем яму поспехаў!

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *