Твае людзі, Чэрвеньшчына: Любоў Рыгораўна Грыбко

Люди и судьбы

Усё жыццё гэтая сціплая працавітая жанчына прысвяціла статыстыцы. Пасля заканчэння Мінскага статыстычнага тэхнікума Любоў Рыгораўну Грыбко, тады яшчэ 19-гадовая дзяўчына была накіравана на работу ўчастковым інспектарам статыстычнага ўпраўлення Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Праз год стараннага маладога спецыяліста заўважылі і зацвердзілі эканамістам у сектар статыстыкі Бабруйскага аблстата. Яшчэ праз год гэту ўстанову скасавалі і Любоў Рыгораўна пераехала на работу на радзіму ў Чэрвеньскі раён.

З таго часу і пачаўся адлік яе працоўнай дзейнасці ў Чэрвеньскім цэнтральным статыстычным упраўленні, дзе яна працавала на розных пасадах. А ў 1976 годзе ўзначаліла раённы інфармацыйна-вылічальны цэнтр, у які было перайменавана статупраўленне.

Сёння цяжка ўявіць, што у той час усе падлікі рабіліся на костачках бухгалтарскіх лічыльнікаў, потым – на арыфмометрах, пазней – на простых вылічальных машынах, якія былі грувасткімі і займалі шмат месца ва ўстанове.

Чэрвеньскія старажылы памятаюць, што раённая інфармацыйна-вылічальная станцыя спачатку месцілася ў невялікім будынку на вуліцы Міхайлаўскай. У 1980 годзе ўстанова перабралася ў новы будынак, дзе і сёння знаходзіцца аддзел статыстыкі па Чэрвеньскаму раёну.

Кіраваць давялося Любові Рыгораўне вялікім калектывам. Было больш за 70 супрацоўнікаў. Сюды сцякалася ўся інфармацыя са ўсіх устаноў раёна па ўсіх накірунках работы – з сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, з гандлю, медыцынскіх устаноў і ўстаноў адукацыі. Работы было шмат. Але кожны спецыяліст імкнуўся працаваць добрасумленна, таму што так працавала і кіраўнік. Яна здолела аб’яднаць сваіх супрацоўнікаў у згуртаваны высокапрафесійны калектыў.

— Любоў Рыгораўна была строгая і патрабавальная, у той жа час справядлівая і добрая, — прыгадвае цяперашні кіраўнік аддзела статыстыкі па Чэрвеньскаму раёну Таццяна Ванагель. – Мне пашчасціла працаваць з ёй, яна многаму мяне навучыла. Сёння, калі ў нас ёсць камп’ютары, працаваць стала намнога лягчэй. Ды і статыстыка зараз зусім іншая.

Былы спецыяліст аддзела статыстыкі Рэгіна Лысова прыгадвае, што не толькі ўмелі працаваць, адпачывалі таксама добра і цікава. Арганізоўваліся паездкі ў Леніград, Брэст, іншыя гарады былога Саюза. Для дзяцей супрацоўнікаў ладзіліся святы і экскурсіі.

Працавала жанчына заўсёды з агеньчыкам, вельмі любіла сваю работу і свой калектыў. У 1985 годзе выйшла на заслужаны адпачынак. За добрасумленную працу была ўзнагароджана ордэнам “Знак Почёта” і медалём “За доблестный труд”. Ёсць у добрай працаўніцы і Ганаровыя граматы Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення СССР і БССР. Ёй прызначана персанальная пенсія мясцовага значэння.

Цяпер жанчына жыве адна — яе муж Канстанцін Іванавіч рана пайшоў з жыцця. Але калегі не забываюць свайго былога кіраўніка, ды і суседкі часта наведваюць яе, дапамагаюць у хатніх справах.

 Сёння Любоў Рыгораўна Грыбко сустракае 89-ы дзень нараджэння. Жадаем ёй моцнага здароўя, бадзёрасці і больш радасных дзён.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *