Медыяпраект «Міншчына дзіўная» запрашае ў Стаўбцоўскі раён

Общество

Стаўбцоўскі раён — край з багатым гістарычным мінулым. Першая згадка ў летапісах пра Стаўбцы адносіцца да 1511 года, калі яны ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на карце сучаснай Беларусі Стаўбцоўскі раён з’явіўся ў 1940 годзе. Больш за 40% тэрыторыі займаюць лясы. Нават тыя, хто ні разу не перасякаў мяжу Стаўбцоўскага раёна, чулі пра дзве яго прыродныя жамчужыны — Налібоцкую пушчу і возера Кромань.


Першы ў Беларусі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» таксама мае стаўбцоўскую прапіску. Ён размешчаны ўсяго ў 49 кіламетрах ад сталіцы на маляўнічым беразе аднайменнага возера. На тэрыторыі парку дзейнічаюць некалькі пляцовак — «Прыстань варагаў», «Стаянка старажытнага чалавека» «Беларускае мястэчка», «Беларуская шляхта» і іншыя.

Рэшткі былога сядзібна-паркавага комплексу ў вёсцы Сула ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Таму пры аднаўленні ўсіх сядзібных пабудоў майстры паклапаціліся пра тое, каб быў цалкам захаваны стыль арыгінальнай сядзібы, і каб усё, нават драбнюткія дэталі інтэр’еру, адпавядалі той эпосе. Так быў створаны ўнікальны сядзібна-паркавы комплекс «Панскі маёнтак Сула», які дае магчымасць цалкам пагрузіцца ў шляхецкую, свецкую культуру XVIII-XIX ст.ст. з яе тэатральнымі і музычнымі традыцыямі.

У склад большасці экскурсійных праграм і тураў выхаднога дня па Беларусі ўваходзіць аграгарадок Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна.

Турыстаў прыцягвае дзве мясцовыя славутасці: неагатычны касцёл Святога Іосіфа, пабудаваны ў 1906-1910 гадах, і Парк камянёў, адкрыты ў 2006 годзе — да стагоддзя са дня закладкі першага каменя ў падмурак касцёла Святога Іосіфа.

46 камянёў з’яўляюцца ўвасабленнем гістарычнай памяці народа. Яны з’яўляюцца сімваламі 46 вёсак, якія адносіліся да прыходу касцёла Святога Іосіфа. Іншыя назвы Парку камянёў — ансамбль «Памяць у камяні», «Замак», Каменная алея ў Каменным парку.

Да нашых дзён у сваім амаль першапачатковым выглядзе захаваўся кафедральны сабор Святой праведнай Ганны ў Стаўбцах. Культавая пабудова была ўзведзена ў 1825 годзе ў стылі класіцызму і мае запамінальнае вонкавае аблічча. Сёння ў царкве можна ўбачыць такія старадаўнія іконы, як «Маці божая з дзіцем» XVIII стагоддзя, «Маці божая Чанстахоўская» ХІХ стагоддзя. Храм агароджаны сцяной з бутавага каменя, і ўвайсці ў двор можна праз вежу-званіцу.

Стаўбцоўшчына з’яўляецца малой радзімай 18 дактароў навук і прафесараў, 45 кандыдатаў навук, 28 пісьменнікаў і паэтаў. Сярод іх — Якуб Колас, Язэп Лёсік, Фелікс Дзяржынскі, дзяржаўныя дзеячы Аляксандр Сянкевіч і Эдуард Шыркоўскі, бацькі героя грамадзянскай вайны Мікалая Шчорса, маці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Для захавання прыроднага комплексу месцаў, звязаных з жыццём і творчасцю народнага паэта Беларус Якуба Коласа у 1972 годзе створаны «Коласаўскі заказнік», які ўключае ў сябе сядзібы Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня.

У 1990 годзе на тэрыторыі заказніка адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа» — са звыш 40 драўлянымі скульптурамі па матывах коласаўскіх твораў.
Усяго ў Стаўбцоўскім раёне налічваецца 60 помнікаў гісторыі і культуры. Тут штогод праводзяцца рэспубліканскі фестываль юных музыкантаў «Сымон-музыка», літаратурнае свята «Каласавіны», святы народнай творчасці «Красуй, Беларусь!», фестывалі народных калектываў Стаўбцоўшчыны «3 музыкай да Коласа», дзіцячай народнай творчасці «Альбуцкая крынічка».

Рашэннем Міжнароднага камітэта свету Шры Чынмоя Стаўбцы далучаны да інтэрнацыянальнай сям’і «Суквецце Міру» і з часу падпісання Дэкларацыі (2001) абвешчаны горадам Міру.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *