Аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі: тут аказваюць прафесійную псіхалагічную дапамогу

Актуальное

Калі чалавек апынуўся ў крызіснай сітуацыі, яму патрэбна спагада, чуллівасць, увага і дзейсная дапамога. У такія хвіліны яе могуць аказаць прафесійныя псіхолагі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Чэрвенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Распавядае яго загадчык Святлана Кароль:

Святлана Кароль

— У кожнага нашага супрацоўніка пэўнае кола абавязкаў. Псіхолаг Людміла Марціновіч курыруе сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай ахове. Работнікі аддзялення наведваюць іх, асбледуюць жыллёва-бытавыя ўмовы, праводзяць індывідуальную работу з бацькамі.

Людміла Марціновіч

Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Леакадзія Зазека, акрамя аказання псіхалагічнай дапамогі, курыруе работу выязнога клуба “Усё пачынаецца з сям’і”. Ён працуе з сем’ямі, што знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Акрамя таго, Леакадзія Вацлаваўна з’яўляецца мадэратарам групы сама- і ўзаемадапамогі “Глорыя” і ўзаемадзейнічае з тымі, хто мае алкагольную і іншыя залежнасці. Тут вельмі важна, каб чалавек сам меў жаданне перайначыць сваё жыццё. Спецыялісты аддзялення многім ужо дапамаглі справіцца з асабістымі праблемамі. Некаторыя наведваюць групу з першых дзён яе адкрыцця. За перыяд існавання групы адбылося каля 200 сходаў. Заняткі праходзяць па аўторках штотыднёва з 17 да 18.30 на базе аддзялення на вуліцы Савецкай, 74. Можна патэлефанаваць па тэлефоне 2-89-64, каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю.

Леакадзіі Зазека

З тымі, хто звяртаеца да нас, мы працуем як у аддзяленні, так і выязджаем ва ўстановы, арганізацыі, праводзім семінары, трэнінгі, круглыя сталы, чытаем лекцыі, вядзём прафілактычную работу, даём рэкамендацыі кліентам. Асноўную ўвагу надаём рабоце з пажылымі, іншы раз выязджаем да іх самі асобна і ў складзе мабільных груп. Калі бачым, што сітуацыя становіцца крытычнай, абавязкова кансультуем, шмат гутарым, каб крыху адцягнуць чалавека ад праблемы і затым знайсці шляхі яе вырашэння.

Праводзім вялікую работу па рэалізацыі праектаў. Адзін – доўгатэрміновы, які рэалізоўваўся з 2015 па 2017 год, “Сям’я без насілля”. Ён ладзіўся ў рамках міжнароднага праекта грамадскага аб’яднання “Гендэрныя перспектывы”, ім жа і фінансаваўся, а таксама Еўрасаюзам і таварыствам “Карытас” (Аўстрыя). Мы атрымалі пад гэты праект 2,5 тысячы долараў і правялі шмат мерапрыемстваў, акцый, накіраваных перш за ўсё на прафілактыку насілля ў сям’і. Асноўныя задачы гэтага праекта былі – прыцягненне грамадскай увагі да праблем насілля, жорсткага абыходжання з дзецьмі і жанчынамі. Праводзілі асветніцкую работу сярод жыхароў раёна і спецыялістаў органаў сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, а таксама прафілактычную работу па папапярэджванню насілля.

Зараз рэалізуем яшчэ адзін праект “На волю – з надзеяй”. Ён накіраваны на аказанне дапамогі асуджаным, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Запрашаем іх да работы ў нашай вячэрняй групе “Глорыя”, аказваем гуманітарную, псіхалагічную дапамогу, садзейнічаем у рэгістрацыі, калі трэба, праводзім псіхолага-дыягнастычную работу па прафарыентацыі.

З 2012 года на базе нашага аддзялення працуе “крызісны пакой”. Мы прадастаўляем паслугу часовага прытулку ўсім, хто быў падвергнуты насіллю. За мінулы год паслугамі “крызіснага пакоя” карыстылася 13 чалавек. Сярод іх былі ахвяры сямейнага насілля. Увогуле, такія пакоі ў нас два. Адзін ёсць на раёне, які таксама летась быў задзейнічаны.
Яшчэ ў аддзяленні праводзіцца работа са сваімі супрацоўнікамі па прафілактыцы прафесійнага выгарання дзеля таго, каб яны маглі супрацьстаяць стрэсам, таму што работа сацыяльнага работніка звязана з нярвовым напружаннем. Дзеля гэтага абсталяваны пакой для рэлаксацыі, якім карыстаюцца і наведвальнікі аддзялення.

Дзейнічае клуб маладой сям’і “Дрэва шчасця”. Ён створаны сумесна з ЗАГСам і раённай бальніцай з мэтай павышэння прэстыжу сям’і ў грамадстве, аказання дапамогі маладым сем’ям для ўмацавання і захавання сямейных каштоўнасцей. Старшыня клуба — Ірына Вута, псіхолаг па адукацыі.

Ёсць клуб для дзяцей-сірот і выпускнікоў інтэрнатаў “Эльдарада”. Пасяджэнні яго праходзяць на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Чэрвенскі прафесійны будаўнічы ліцэй”. Вядзецца работа па прафілактыцы алкагалізму, курэння, ужывання наркатычных сродкаў. Праводзяцца практычныя заняткі і лекцыі. Запрашаюцца спецыялісты ў гэтай галіне, а таксама святары. На базе аддзялення дзейнічае “Школа пазітыўнага мацярынства”. Сюды прыходзяць шматдзетныя маці. З імі праводзяцца тэматычныя сустрэчы, вечары ў нефармальнай абстаноўцы.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

P.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю звярнулася жыхарка Чэрвеня. Па вядомых прычынах яна не пажадала назваць сваё прозвішча, а паведаміла пра тое, што ёй не так даўно давялося карыстацца паслугай “крызіснага пакою”. Жанчына папрасіла праз газету падзякаваць усім работнікам аддзялення – Святлане Кароль, Людміле Марціновіч і Леакадзіі Зазека за клопат, чулыя адносіны, спагаду і добра арганізаваныя ўмовы для пражывання ў “крызісным пакоі”.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *